1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А ў канцы, просім вас, браты, і благаем праз Езуса Хрыстуса, каб вы прынятае ад нас: як належыцца вам паступаць Богу на ўпадобу далей у сабе разьвівалі,
 
За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі,

хібаж помніце якіе прыказанні далі мы вам ад Езуса Хрыстуса.
 
бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса.

Гэта бо воля Божая, асьвята вашая, каб высьцярагаліся вы распусты,
 
Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;

каб кожны з вас умеў захоўваць сваё цела ў пашане і сьвятасьці,
 
каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары,

а не ў юрлівай пажадлівасьці, як і пагане, што Бога ня знаюць;
 
а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога;

не выкарыствайце праступна ў гэтай справе, ня крыўдзьце брата свайго, бо мсьціўцам за ўсё гэта будзе Госпад, як і раней мы гэта вясьцілі вам ды засьветчвалі.
 
каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь — мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі.

Бог бо нас паклікаў не да нячыстасьці, але да сьвятасьці.
 
Бо паклікаў нас Бог не да нячысьціні, а да сьвятасьці.

Таму восьжа, хто на гэта не зважае, той не чалавека, а Бога зьняважае, што даў нам і Духа Святога.
 
А таму непакорлівы ёсьць непакорны не чалавеку, а Богу, Які і даў нам Духа Свайго Сьвятога.

Аб любасьціж братняй няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаные Богам любіцца пабрацку,
 
Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго,

дый вы гэтак і паступаеце адносна ўсіх братоў у цэлай Макэдоніі. Але просім, дасягайце ў гэтым, браткі, большага поступу.
 
бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца

Шчыра дбайце аб тое, каб жыць ціха ў дружалюбным супакоі, пільнуючы свайго дзела й працуючы ўласнаручна, як мы наказвалі вам,
 
і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;

каб вы прыстойна паступалі перад пастароннымі, ад нікога не патрабуючы запамогі.
 
каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.

Ня хочам пакінуць вас, браты, ў нясьведамасьці аб тых, што сьмяротна уснулі, каб ня тужылі вы, як іншые, не маючые надзеі.
 
Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні пра памерлых, каб вы не маркоціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.

Бо, калі мы верым, што Езус умёр і згробуўстаў, дык і ўмёршых у Езусе Хрыстусе Бог прывядзе зь Ім.
 
Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, дык і памерлых у Ісусе Бог прывядзе зь Ім.

Гэта кажам вам водле слоў Госпада, што мы жывые, якіе застанёмся да прыйсьця Усеспадара, не апярэдзім тых, што уснулі.
 
Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, што засталіся да прышэсьця Гасподняга, не папярэдзім памерлых;

Сам бо Госпад на даны сыгнал, на голас Арханёла ды гук сурмы Божай зыйдзе зь неба і умерлые ў Хрыстусе згробуўстануць першымі;
 
бо Сам Гасподзь пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе зь неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней;

пасьля мы, якіе жывымі застаёмся, разам зь імі падхоплены будзем на аблокі ў паветра на спатканне Хрыстуса ды гэтак назаўсёды зь Ім застанёмся.
 
потым мы, хто застанецца жывы, разам зь імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем.

Пацяшайце восьжа адзін другога славамі гэтымі.
 
Дык вось, суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі.