1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Аб часах-жа і порах (калі гэта станецца), няма патрэбы вам, браты, пісаць;
 
А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты,

самі бо добра ведаеце, што дзень Госпада гэтак прыйдзе, як злодзей уночы.
 
бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы.

Якраз як гаварыць будуць: «супакой і бясьпека», нахлыне тады зьнячэўку загібель, як боль на жанчыну цяжарную неадступны.
 
Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць.

Алеж вы, браты, не астаецеся ў цемры, каб дзень гэны засьцігнуў вас, як злодзей:
 
Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей;

усе вы сыны сьвятла і сыны дня, мы ня сыны ночы ані цемры.
 
бо ўсе вы — сыны сьвятла і сыны дня: мы — ня сыны ночы, ні цемры.

Дык ня будзем-жа драмаць (у граху), як іншые, а — крэзвіцца й цьвяразіцца,
 
Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца.

тые бо, што сьпяць, уночы сьпяць, і тые, што ўпіваюцца уночы ўпіваюцца.
 
Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы.

Мы-ж належачые дню, цьвярозымі будзьма, узброіўшыся верай і любасьцю ды шлемам збаўчае надзеі;
 
Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,

бо не празначыў нас Бог на гнеў, а на тое, каб атрымалі мы збаўленне праз Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса,
 
таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

што ўмёр за нас, каб мы ці сьпячые, ці крэзвые, жылі зь Ім разам.
 
Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім.

Таму вось пацяшайце сябе ўзаемна ды навучайце адзін другога, як то й робіце.
 
Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце.

І просім вас, браты, паважайце тых, што сярод вас працуюць і пастаўлены ў Богу над вамі ды даюць вам напамін;
 
Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць,

шчыра любеце за іхняе дзела; жывеце ў згодзе між сабою.
 
і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою.

Просім вас такжа, браты, уразумляйце ўпорыста-лядакіх, пацяшайце маладушных, падтрымоўвайце слабых, а цярплівымі будзьце для ўсіх.
 
Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі.

Глядзеце, каб ніхто нікому не адплачваў злом за зло, а шукайце заўсёды дабра адзін другому, ды й усім.
 
Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім.

Заўсёды радуйцеся.
 
Заўсёды радуйцеся.

Нясупынна малецеся.
 
Бесьперастанку малецеся.

За ўсё дзякуйце, такая бо воля Божая ў Езусе Хрыстусе аб вас.
 
За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце.

Духа не гасеце.
 
Духа не гасеце.

Прароцтвамі не пагарджайце.
 
Прароцтваў не прыніжайце.

Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся.
 
Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

Устрымоўвайцеся ад усякага роду зла.
 
Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе.

А сам Бог супакою-згоды хай усьвеньціць вас у ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа, і цела хай захаваецца без заганы на прыйсьцё Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.
 
Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Верны Той, Хто вас паклікаў, Ён і зьдзейсьніць (гэта).
 
Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта.

Браты, за нас малецеся!
 
Браты! малецеся за нас.

Прывітайце ўсю братву сьвятым цалункам.
 
Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым.

Заклінаю вас Госпадам — прачытаць гэты Ліст усім братом сьвятым. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з вамі. Амэн.
 
Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам.