1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Дзеля гэтага не цярпелася нам далей і пастанавілі застацца ў Атэнах аднаму,
 

а да вас выслалі Тыматэя, нашага брата і слугу Божага ды супрацоўніка нашага ў дабравешчанні Хрыстовым,
 

каб падтрымаў вас ды пацешыў у вашай веры, каб ніхто не пахіснуўся ў журботах гэтых, выж бо самі ведаеце, што гэткая доля нашая.
 

Бо мы і тады, як былі ў вас, прадказвалі вам, што будзе прасьлед, гэта й сталася, як вам ведама.
 

Вось таму і я, ня выцерпяўшы далей, паслаў даведацца аб вашай веры, баючыся, каб спакусьнік вас не зьбянтэжыў, і не сталася дарэмнай наша праца.
 

Цяпер-жа, як ад вас прыйшоў да нас Тыматэй, прыносячы добрую вестку аб веры й любасьці вашай ды аб заўсёднай добрай памяці аб нас, жадаючы бачыць нас, як і мы вас,
 

дык і мы, пры ўсім суме й бядзе нашай, уцешыліся вамі, браты, праз веру вашу;
 

бо цяпер мы жывые, калі вы стаіце ў Богу.
 

Якуюж падзяку Богу можам мы за вас даць, за ўсю радасьць, якою вы нас урадавалі перад Богам нашым,
 

як не дзень і ноч найшчырэй молячыся, каб яшчэ ўбачыць аблічча вашае ды дапоўніць нястачу ў веры вашай?
 

Сам-жа Бог і Айцец наш і Усеспадар Езус Хрыстус хай выпрастуе дарогу нашую к вам!
 

А вам няхай Госпад напоўніць ды перапоўніць узаемнай ды да ўсіх любасьцю, як і мы да вас;
 

каб узмацніць вашы сэрцы ў сьвятасьці біззаганнай прад Богам і Айом нашым на прыйсьцё Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з усімі Ягонымі сьвятымі. Амэн.