1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Дзеля таго, што не маглі мы далей вытрымаць, захацелася нам адным застацца ў Атэнах.
 

і паслалі мы да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка, паслугача Божага ў Евангеллі Хрыстовым, для падмацавання вашага і падбадзёрвання ў веры вашай,
 

каб ніхто не хістаўся ў гэтых прыгнётах; бо самі ж ведаеце, што мы на гэта пастаўлены.
 

Бо, і ў вас будучы, мы прадказвалі вам, што будзем цярпець прыгнёт, як і сталася, і вы ведаеце.
 

Таму вось і я, не могучы далей стрымацца, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не зводзіць вас часам спакуснік і ці не дарэмнай сталася праца наша.
 

Цяпер жа, пасля прыбыцця да нас ад вас Цімафея і весткі пра веру і любоў вашу, і што маеце заўсёды пра нас добрую памяць, жадаючы нас пабачыць, як і мы вас,
 

суцешыліся мы вамі, праз веру вашу, ва ўсякім горы і прыгнёце нашым, браты,
 

бо мы цяпер жывём, калі вы стаіце ў Госпадзе.
 

Якую ж падзяку можам даць Богу за вас і за ўсю радасць, якою радуемся дзеля вас перад Богам нашым,
 

ноччу і днём горача молячыся, каб паглядзець на вас з аблічча і дапоўніць тое, чаго не хапае веры вашай?
 

Хай жа Сам Бог і Айцец наш і Госпад наш Ісус Хрыстос выпрастае дарогу нашу да вас.
 

А вас няхай Госпад напоўніць і перапоўніць узаемнай любоўю і любоўю да ўсіх, як і мы да вас,
 

дзеля ўзмацнення сэрцаў вашых без заганы ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі Яго святымі.