Да Эфэсянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Дзеля гэтага вось я, Павал, стаўся вязьнем Езуса Хрыстуса за вас паганаў.
Думаю, вы чулі аб надзяленні мяне ласкаю Божаю для вас:
што Ён праз аб’яўленне азнаёміў мяне з тайніцай, як-то каротка й апісаў я вам вышэй.
Чытаючы гэта, магчыміце пазнаць маё разуменне тайніцы Хрыстуса.
Яна бо ня была адкрыта людзкім сыном мінулых пакаленняў, так як цяпер адкрыта ў Духу сьвятым Апосталам ягоным і Прарокам:
што і пагане маюць быць суспадкаемнікамі ды супольнікамі аднаго цела й суудзейнікамі абяцання ў Хрыстусе Езусе праз Эванэлію;
слугой якое стаўся я праз дар ласкі Божае, дадзенай мне дзеяннем ягонай сілы.
Мне найменшаму з усіх сьвятых дадзена ласка гэтая: вясьціць паганам нявысьледныя багацьці Хрыстусавы
і высьвятліцт усім які быў плян тайніцы вякамі захоўванай у Богу, усё стварыўшым;
каб цяпер праз Эклезію сталася ведамай Княствам і Магуцтвам нябесным многаякая прамудрасьць Божая,
згодна з адвечнаю пастановаю, катору Ён зысьціў у Езусе Хрыстусе, Усеўладару нашым,
у Якім, празь веру ў Яго, маем сьмелы й надзейны доступ да Бога.
Таму прашу вас, не падайце духам з прычыны гора майго за вас, яно бо — вашая слава.
Вось чаму я згінаю калені мае перад Айцом,
ад Якога бярэ свой назоў усякае айцоўства на небе й на зямлі;
каб даў вам водле славы свае змацавацца на сіле праз ягонага Духа ў чалавека ўнутранага;
каб празь веру загасьціў Хрыстус у сэрцах вашых,
каб вы угрунтаваныя і уцьверджаныя ў любасьці здолелі зразумець з усімі сьвятымі як яна шырокая, і даўгая, і высокая, і глыбокая;
ды спазнаць, як тая любасьць Хрыстуса нявысказна вышэйшая за ўсякую веду, каб напоўніцца вам цэлаю поўняю Божаю.
А Таму, Хто дзеючаю ў нас сілаю можа зрабіць шмат болей за тое, чаго мы просім, або ў думках маем,
Яму хай будзе хвала ў Эклезіі й Хрыстусе Езусе на ўсе пакаленні й вякі вечныя. Амэн.