Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Нээміі 6 Нээміі 6 разьдзел

1 І сталася, што пачуў Санвалат, і Товія, і Гешэм Араб, і іншыя ворагі нашыя, што я адбудаваў мур, і што не засталося выломаў у ім, хоць да гэтага часу я не паставіў вароты ў брамы.
2 І паслаў Санвалат і Гешэм да мяне, кажучы: «Прыходзь, сустрэнемся разам у Кэферыме ў даліне Она». А яны надумалі зрабіць мне зло.
3 І я паслаў да іх пасланцоў, кажучы: «Я раблю вялікую працу і не магу зыйсьці, каб не прыпынялася праца, калі я пакінуў яе і зыйду да вас».
4 І прысылалі да мяне гэткім парадкам чатыры разы, і я адказваў ім такім самым парадкам.
5 І паслаў да мяне Санвалат гэткім парадкам у пяты раз юнака свайго, і ліст адкрыты ў руцэ ягонай.
6 Было напісана ў ім: «Паміж народамі чутно, і Гашму кажа, што ты і Юдэі надумалі збунтавацца. Дзеля гэтага ты будуеш мур, і ты надумаў стаць валадаром іхнім, паводле словаў тых.
7 І таксама ты паставіў прарокаў, каб абвяшчалі пра цябе ў Ерусаліме, кажучы: “Валадар [ёсьць] у Юдэі”. І цяпер пачуе валадар словы гэтыя. Дык цяпер прыйдзі, і параімся разам».
8 І я паслаў да яго, кажучы: «Нічога не было паводле словаў тых, як ты кажаш, але ты выдумаў гэта ў сэрцы тваім».
9 Бо ўсе страшылі нас, кажучы: «Саслабеюць рукі іхнія ад працы, і яна ня будзе скончана». Але цяпер я [тым больш] умацаваў рукі мае!
10 І прыйшоў я ў дом Шэмаі, сына Дэлаі, сына Мэгэтавэля, і ён замкнуўся, і сказаў: «Сустрэнемся ў Доме Божым, унутры сьвятыні, і замкнем дзьверы сьвятыні, бо прыйдуць, каб забіць цябе. Уначы прыйдуць, каб забіць цябе».
11 І я сказаў: «Ці такі чалавек, як я, можа ўцякаць? І хто, такі як я, можа ўвайсьці ў сьвятыню і застацца жывы? Не пайду».
12 І я даведаўся, і вось, ня Бог паслаў яго, хоць ён прамовіў прароцтва мне, але Товія і Санвалат нанялі яго.
13 Дзеля таго ён быў наняты, каб я спалохаўся, і зрабіў так, і саграшыў, і яны мелі б благую вестку [пра мяне], каб зьневажаць мяне.
14 Узгадай, Божа мой, Товію і Санвалата паводле ўчынкаў іхніх, і таксама прарочыцу Наадыю і іншых прарокаў, якія хацелі напалохаць мяне!
15 І быў скончаны мур у дваццаць пяты дзень месяца Элюла, за пяцьдзясят два дні.
16 І сталася, калі пачулі [пра гэта] ўсе ворагі нашыя, і ўбачылі [гэта] ўсе народы, якія вакол нас, яны былі моцна паніжаныя ў вачах сваіх і даведаліся, што Богам нашым была зробленая праца гэтая.
17 І таксама ў тыя дні множыла шляхта Юдэі лісты свае, якія пасылалі Товіі, і ад Товіі [лісты] прыходзілі да іх,
18 бо мноства ў Юдэі было зьвязана прысягаю з ім, бо ён [быў] зяць Шэханіі, і Ёгаханан, сын ягоны, узяў дачку Мэшуляма, сына Бэрэхіі.
19 Таксама пра добрыя ўчынкі ягоныя расказвалі перада мною, а словы мае перадавалі яму. І Товія пасылаў лісты, каб напалохаць мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Нээміі, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023