Біблія » Пераклады » Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

Марка 16 Паводле Марка 16 разьдзел

1 Вестка пра ўваскрэсенне. 9 Ісус прыходзіць да Сваіх вучняў. 15 Абвяшчайце Дабравесце. 19 Узнясенне Госпада.
1 І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якава, і Саламея купілі духмянасцяў, каб, прыйшоўшы, памазаць Яго.
2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць яны да магілы, калі ўзыходзіла сонца.
3 І казалі між сабою: «Хто адваліць нам камень ад уваходу ў магілу?»
4 Ды, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены; а быў ён надта вялікі.
5 І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў праваруч і быў апрануты ў белыя шаты; і жахнуліся.
6 А Ён кажа ім: «Не жахайцеся! Ісуса вы шукаеце Назараніна ўкрыжаванага; Ён уваскрос, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.
7 Але ідзіце, скажыце Яго вучням і Пятру, што Ён ідзе паперадзе вас у Галілею; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам».
8 І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы, бо іх ахапіла трымценне і ўзрушэнне і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9 А ўваскросшы рана ў першы дзень тыдня, Ён паказаўся спярша Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.
10 Яна, пайшоўшы, абвясціла тым, што бывалі з Ім, а цяпер сумавалі і плакалі;
11 І тыя, пачуўшы, што Ён жыве і што яна бачыла Яго, — не паверылі.
12 Пасля ж гэтага адкрыўся Ён двум з іх іншым вобразе дарогаю, калі яны ішлі ў вёску;
13 А тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім, але і ім не паверылі.
14 Пазней [жа] адкрыўся Ён і самім Адзінаццаці, калі яны ўзлягалі [на вячэры] і дакараў за нявер’е іх і нячуласць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго ўваскрослым, не паверылі.
15 І сказаў ім: «Ідучы па ўсім свеце, абвяшчайце Дабравесце кожнаму стварэнню.
16 Хто ўверуе і хрысціцца — будзе збавёны, а хто не ўверуе — будзе асуджаны.
17 Адзнакаю ж тых, хто ўверуюць, будзе такое: Маім Імем будуць яны выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі,
18 Будуць браць гадаў [у рукі], а хоць бы смяротнае што выпілі, ім не пашкодзіць, на хворых ускладуць рукі і добра тым будзе».
19 І вось Госпад пасля размовы з імі ўзнёсся на неба і сеў праваруч Бога.
20 А тыя, выйшаўшы, абвяшчалі ўсюды, Госпад дапамагаў ім і слова засведчваў услед знакам!

Каментары ці зноскі:

16:1. Жанчыны, не паспеўшы купіць духмяных мазяў у пятнщу (у суботу гэта быў бы вялікі грэх), павінны былі перачакаць, калі мінецца шабат.

16:2. «У першы дзень тыдня» — у нядзелю.

16:9−20. Вершау 9−20 няма ў найстаражытнейшых рукапісах Мк. Мяркуюць, што гэтыя радкі Марк дапсаў пасля, каб і ў яго Дабравесці, як і ў іншых, былі ўпамінанні пра сустрэчы з ужо ўваскрослым Хрыстом.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Марка Святое Дабравесце, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.