1 Перамяненне Ісуса на гары. 17 Вылечванне апантанага нямым духам. 30 Ісус другі раз гаворыць пра Сваю смерць і ўваскрэсенне. 33 Хто найбольшы ў Нябесным Царстве. 38 Хто не супраць нас, той за нас. 43 Засцярога ад спакус.
1 І Ён казаў ім: «Папраўдзе кажу вам: некаторыя з тых, што стаяць тут, не зазнаюць смерці, аж пакуль не ўбачаць, як прыходзіць у моцы Божае Царства».
2 І праз шэсць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якава, і Іаана і ўзводзіць асобна іх адных на высокую гару. І перамяніўся Ён перад імі.
3 І Яго адзенне зрабілася бліскучае, незвычайна белае, што бялільшчык на зямлі не можа так выбеліць.
4 І ўбачыўся ім Ілля з Майсеем і размаўлялі з Ісусам.
5 І, азваўшыся, Пятро кажа Ісусу: «Равві, добра нам тут быць, і зробім тры буданы, Табе адзін, і Майсею адзін, і Іллі адзін.»
6 Бо не ведаў ён, што сказаць, бо яны перапалохаліся.
7 І паўстала воблака, якое пакрыла іх, і пачуўся голас з воблака: «Гэта Мой Сын улюбёны, слухайце Яго!»
8 І раптам, аглядзеўшыся навокал, яны ўжо нікога не убачылі, толькі аднаго Ісуса з сабою.
9 І, калі спускаліся з гары, Ён наказаў ім, каб нікому не расказвалі таго, што бачылі, аж пакуль Чалавечы Сын не ўстане з мёртвых.
10 І трымалі яны гэтае слова, разважаючы між сабою, што значыць «устаць з мёртвых».
11 І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля павінен спярша прыйсці?»
12 А Ён сказаў ім: «Ілля, сапраўды, прыйшоўшы спярша, адновіць усё; а як жа напісана пра Чалавечага Сына? — шмат Яму належыць выцерпець і быць зняважаным.
13 Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зраблі яму, што хацелі як напісана пра яго.»
14 А прыйшоўшы да вучняў, убачылі вялікі натоўп навокал іх ды кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
15 І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, вельмі здзівіўся, і, падбягаючы, яны віталі Яго.
16 І Ён спытаўся ў іх: «Аб чым спрачаецеся з імі?»
17 І адказаў Яму адзін з натоўпу: «Настаўніку, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае нямога духа.
18 І дзе ён ні схопіць яго, кідае вобземлю, а ён пену пускае, і скрыгоча зубамі і карчанее; і я сказаў Тваім вучням, каб выгналі яго, ды яны не змаглі».
19 А Ён у адказ ім кажа: «О племя бязвернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
20 І таго прывялі да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу скруціў таго курчам і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
21 І Ісус запытаўся ў яго бацькі: «Колькі часу, як гэта здарылася з ім?» Той жа сказаў: «З дзяцінства.
22 І часта дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, дапамажы нам, злітаваўшыся над намі!»
23 Ісус жа сказаў яму: «Калі можаш?» — усё мажлівае таму, хто веруе».
24 Адразу ўсклікнуўшы, хлопцаў бацька казаў: «Верую. Дапамажы маёй няверы».
25 Ісус жа, убачыўшы, што збягаецца натоўп, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!»
26 І, ускрыкнуўшы і моцна скурчыўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: памёр.
27 Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
28 І калі ўвайшоў Ісус у дом, Яго вучні на адзіноце спыталіся ў Яго: «Чаму не змаглі мы выгнаць яго?»
29 І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, толькі ад малітвы [і посту]».
30 І, адтуль выйшаўшы, яны праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб даведаўся хто;
31 Бо Ён навучаў Сваіх вучняў і казаў ім: «Чалавечы Сын будзе выдадзены ў рукі чалавечыя, і заб’юць Яго, і забіты, Ён праз тры дні ўваскрэсне».
32 Яны ж не разумелі гэтага слова і баяліся ў Яго спытацца.
33 І прыйшлі ў Капернаум. І калі быў дома, Ён спытаўся ў іх: «Што вы дарогаю абмяркоўвалі?»
34 Яны ж маўчалі; бо ў дарозе абмяркоўвалі між сабою: хто большы.
35 І, сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і кажа ім: «Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і слуга ўсіх».
36 І, узяўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх, і, абняўшы яго, сказаў ім:
37 «Хто прыйме адно з такіх дзяцей у Маё імя, Мяне прыймае; і хто Мяне прыйме, не Мяне прыймае, але Таго, Хто паслаў Мяне».
38 Сказаў Яму Іаан: «Настаўніку, мы бачылі чалавека, што Тваім імем выганяе дэманаў, і забаранялі яму, бо ён не ішоў услед за намі».
39 Ісус жа сказаў: «Не забараняйце яму. Бо няма таго, хто зрабіў бы цуд у Маё імя і мог бы неўзабаве кепска казаць пра Мяне,
40 Бо хто не супроць нас, той за нас.
41 Бо хто напоіць нас кубкам вады дзеля імя, што вы Хрыстовы, папраўдзе кажу вам: не страціць ён сваёй узнагароды.
42 І хто ўвядзе ў грэх аднаго з гэтых малых, што веруюць [у Мяне], лепей было б яму, калі б млынавы жарон павесілі яму на шыю і кінулі ў мора.
43 І калі ўводзіць у грэх цябе твая рука, адсячы яе; лепей табе калекім увайсці ў жыццё, чым, дзве рукі меўшы, адысці ў геену, у нязгасны агонь.
44 [адсутнічае]
45 І калі твая нага ўводзщь у грэх цябе, адсячы яе; лепей табе ўвайсці у жыццё кульгавым, чым, дзве нагі меўшы, быць кінутаму ў геену.
46 [адсутнічае]
47 І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго; лепей табе аднавокім ўвайсці ў Божае Царства, чым, два вокі меўшы, быць укінутаму ў геену,
48 [адсутнічае]
49 Бо кожны агнём пасоліцца [і кожная ахвяра соллю пасоліцца].
50 Соль — добра; калі ж соль абяссолее, чым яе прыправіце? Майце соль у сабе і майце мір між сабою!»
Каментары ці зноскі:
9:10. Апосталы, вядома, чулі пра ўваскрэсенне. Але ім здавалася, што іх Месія не павінен бы і паміраць.
9:20. Ісус у гэты час сам навучае апосталаў, і важна было, каб пра ўсё гэта ведала менш людзей, бо фарысеі і градыяне збіраліся забіць Хрыста.
9:44,46,48 Вершы 44 і 46 ранейшых перакладау літаральна супадаюць з вершам 48, але ў адрозненне ад гэтага апошняга, не сустракаюцца ў найстаражытнейшых рукагксах Мк.
9:48−50. Гэта значыць: чалавек павінен прайсці праз выпрабаванні цярпеннем і болем. Агонь і соль — здаўна вядомыя ачышчальныя сродкі. Паводле Старога Запавету кожная ахвяра Богу павінна саліцца. Соль таксама сімвал дружбы. Адсюль і такая згадка ў верші 9:50.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Святое Дабравесце, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.