Выхад 31 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 

«Глядзі, Я паклікаў па іменьні Бэцалеэля, сына Урыя, сына Хура, з калена Юды.
 

І Я напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, разумнасьцю, веданьнем і [ўменьнем] да ўсялякай працы,
 

мастацкімі здольнасьцямі рабіць з золата, срэбра і медзі,
 

і абрабляць камяні для асаджэньня [іх], і абрабляць дрэва, каб рабіць [з ім] усялякую працу.
 

І вось, Я даў яму Агаліява, сына Ахісамаха, з калена Дана, і ў сэрца кожнага мудрага сэрцам Я даў мудрасьць, і яны зробяць усё, што Я загадаў табе:
 

Намёт Спатканьня і Каўчэг Сьведчаньня, і накрыўку, якая на ім, і ўсе начыньні Намёту,
 

і стол, і начыньні ягоныя, і сьвечнік чысты, і ўсе начыньні, і ахвярнік каджэньня,
 

і ахвярнік цэласпаленьня, і ўсе начыньні ягоныя, і мыцельнік, і падставу ягоную,
 

і адзеньні службовыя, і адзеньні сьвятыя для Аарона сьвятара, і адзеньні сыноў ягоных да сьвятарства,
 

і алей памазаньня, і кадзіла пахкае для сьвятыні. Усё так, як Я загадаў табе, яны зробяць».
 

І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:
 

«І ты прамовіш да сыноў Ізраіля, кажучы: “Толькі захоўвайце супачынкі Мае, бо гэта знак паміж Мною і вамі ў пакаленьнях вашых, каб вы пазналі, што Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас.
 

І захоўвайце суботу, бо яна — сьвятая для вас. Хто апаганіць яе, сьмерцю памрэ. Хто будзе ў яе рабіць работу, будзе выгублена душа тая спаміж народу свайго.
 

Шэсьць дзён будуць рабіць работу, а дзень сёмы — субота супачынку, сьвятая для ГОСПАДА. Кожны, хто будзе рабіць работу ў дзень супачынку, сьмерцю памрэ.
 

І будуць захоўваць сыны Ізраіля суботу, каб рабіць супачынак у пакаленьнях сваіх. [Гэта] запавет вечны.
 

Паміж Мною і сынамі Ізраіля гэта знак на вякі; бо за шэсьць дзён зрабіў ГОСПАД неба і зямлю, а ў сёмы дзень супачыў і адпачыў”».
 

І даў Бог Майсею, калі скончыў прамаўляць да яго на гары Сынай, дзьве табліцы сьведчаньня, табліцы каменныя, запісаныя пальцам Божым.