Да Піліпянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
Нарэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам гэта для мяне ня цяжка, а для вас карысна.
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, вам жа яно патрэбнае.
Зважайце на сабак, зважайце на благіх работнікаў, зважайце на нібыта абрэзаных,
Зважайце на сабак, зважайце на ліхіх работнікаў, зважайце на абразанне!
бо абрэзаныя — гэта мы, якія служым Богу духам, і хвалімся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне;
Бо мы ёсць абрэзаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Ісусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею,
хоць я маю пэўнасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш,
хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я:
абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраіля, з калена Бэн’яміна, Гебрай з Гебраяў, паводле Закону — фарысэй,
абрэзаны ў восьмы дзень, родам Ізраэлец з пакалення Беньяміна, Гебрай з Гебраяў, фарызей паводле закону,
які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, паводле праведнасьці, якая з Закону, — беззаганны.
праз руплівасць пераследаваў Царкву, адносна справядлівасці, што паводле закону, — беззаганны.
Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыста я палічыў за страту.
Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за марнасць.
І больш таго, усё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за гной, каб Хрыста здабыць
Ды ўсё лічу за марнасць дзеля вышэйшага пазнання Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за смецце, каб Хрыста здабыць
і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, якая праз Закон, але тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога праз веру,
і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасць, якая з закону, але тую, якая з веры ў Хрыста, якая ад Бога справядлівасць у веры,
каб пазнаць Яго, і сілу ўваскрасеньня Яго, і супольнасьць пакутаў Яго, прыпадабняючыся сьмерці Яго,
каб пазнаць Яго і магутнасць уваскрэсення Яго, і супольнасць пакут Яго, каб упадобніцца смерці Яго,
каб толькі дасягнуць паўстаньня з мёртвых.
каб такім чынам дасягнуць уваскрэсення з мёртвых.
Не таму, што я ўжо атрымаў ці ўжо споўніў [усё], але імкнуся, ці не дасягну і я таго, як мяне дасягнуў Хрыстос Ісус.
Не кажу так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб здабыць, як здабыў мяне Хрыстос Ісус.
Браты, я не лічу сябе, што дасягнуў, а толькі, забываючыся пра тое, што ззаду, і імкнучыся да таго, што наперадзе,
Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі вось, забываючыся пра тое, што ёсць за мною, парываючыся да таго, што перада мною,
імчу да мэты, да ўзнагароды пакліканьня Божага, якое з гары ў Хрысьце Ісусе.
імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Ісусе.
Дык усе, хто дасканалыя, будзем думаць гэтак. А калі вы што іначай думаеце, і гэтае Бог вам адкрые.
Дык, калі хто з нас дасканалы, мы думаем так; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць;
Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, паводле гэтага правіла будзем хадзіць і гэтак думаць.
аднак чаго мы дасягнулі, так і будзем жыць.
Будзьце падобнымі, браты, да мяне, і зважайце на тых, хто гэтак ходзіць, паводле ўзору, які маеце ў нас.
Браты, будзьце паслядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так жывуць, як вы маеце прыклад у нас.
Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, ходзяць як ворагі крыжа Хрыстовага.
Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і, плачучы, кажу, жывуць, як ворагі крыжа Хрыстова,
Іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, і слава [іхняя] ў сораме іх, яны думаюць пра зямное.
лёсам іх будзе загуба, бо бог іх — жывот, слава іх — у ганьбе іх, яны думаюць аб зямным.
А нашае грамадзянства — у небе, адкуль мы і чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста,
Нашае ж бытаванне — у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста,
Які зьменіць выгляд цела паніжэньня нашага, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, дзеяньнем, якім Ён дзейнічае і падпарадкоўвае Сабе ўсё.
Які пераменіць цела прыніжэння нашага на падабенства цела славы Сваёй магутнасцю, якою ўсё нават падпарадкаваць Сабе можа.