Якава 4 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Адкуль войны і звадкі між вамі? Ці не адсюль, з [пажаданьня] асалодаў вашых, якія змагаюцца ў членах вашых?
Адкуль войны і змаганні сярод вас? Хіба не з вашых пажадлівасцяў, якія змагаюцца ў вашых частках?
Вы жадаеце і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце, і ня можаце атрымаць, вадзіцеся і ваюеце; а ня маеце дзеля таго, што ня просіце.
Жадаеце, а не маеце; забіваеце і зайдросціце, а не можаце дасягнуць; змагаецеся і ваюеце. Не маеце, таму што не просіце;
Просіце і не атрымліваеце, бо блага просіце, каб выдаткаваць дзеля асалоды вашай.
просіце, і не атрымліваеце, таму што дрэнна просіце, каб растраціць на свае пажадлівасці.
Чужаложнікі і чужаложніцы! Ці вы ня ведаеце, што сяброўства са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога? Дык хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.
Чужаложнікі, ці не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам — гэта варожасць з Богам? Таму калі нехта хоча быць сябрам свету, ён становіцца ворагам Бога.
Ці вы думаеце, што надарма кажа Пісаньне: «Да рэўнасьці прагне Дух, Які жыве ў нас»?
Ці вы лічыце, што Пісанне дарэмна кажа: «Зайздросліва прагне духа, які жыве ў нас»?
Але яшчэ большую дае ласку і дзеля гэтага кажа: «Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае».
Таму яшчэ большую дае ласку, паколькі кажа: «Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку».
Дык падпарадкуйцеся Богу; супраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас.
Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас.
Наблізьцеся да Бога, і Ён наблізіцца да вас. Ачысьціце рукі, грэшнікі, выпраўце сэрцы, двудушныя!
Наблізьцеся да Бога — і Ён наблізіцца да вас. Ачысціце рукі, грэшнікі, і асвяціце сэрцы, крывадушнікі.
Скрушайцеся, плачце і галасіце; няхай сьмех ваш пераменіцца ў плач, і радасьць — у смутак.
Смуткуйце, плачце і галасіце. Няхай смех ваш абернецца ў плач, а радасць — у сум.
Панізьцеся перад Госпадам, і Ён узвысіць вас.
Прынізьцеся перад Панам — і Ён узвысіць вас.
Не ачарняйце, браты, адзін аднаго. Хто ачарняе брата і судзіць брата свайго, той ачарняе Закон і судзіць Закон. А калі ты судзіш Закон, ты не выканаўца Закону, але судзьдзя.
Браты, не абражайце адзін аднаго. Хто абражае ці асуджае свайго брата, той абражае і асуджае Закон. Калі ты асуджаеш Закон, то ты не выканаўца Закону, але суддзя.
Адзін ёсьць Заканадаўца, Які можа збавіць і загубіць. А хто ты, які судзіш другога?
Адзін ёсць заканадаўца і суддзя, які можа збавіць і загубіць. А хто ты, што судзіш бліжняга?
Паслухайце цяпер вы, якія кажаце: «Сёньня і заўтра пойдзем у такі і такі горад, і будзем там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць»,
Вось цяпер вы кажаце: «Сёння ці заўтра адправімся ў пэўны горад і правядзём там год, будзем гандляваць і зарабляць».
вы, якія ня ведаеце, што [будзе] заўтра. Бо што такое жыцьцё вашае? Бо яно — пара, якая зьяўляецца на малы [час], а потым чэзьне.
Між тым вы не ведаеце, якім будзе заўтра вашае жыццё. Бо вы — пара, якая з’яўляецца на імгненне, а потым знікае.
Замест таго, каб гаварыць вам: «Калі Госпад захоча і будзем жывыя, зробім тое ці другое»,
Замест таго, вы павінны былі б сказаць: «Калі Пан захоча, мы будзем жыць і зробім тое ці іншае».
вы цяпер праз пыху сваю хваліцеся. Усякая гэткая пахвальба ёсьць зло.
Вы ж цяпер хваліцеся ў ганарлівасці вашай. Усялякае такое выхвалянне дрэннае.
Дык хто ведае, як рабіць дабро, і ня робіць, грэх таму.
Таму кожны, хто ведае, як рабіць дабро, і не робіць, той чыніць грэх!