Мацьвея 23 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і вучняў Сваіх,
Тады Ісус прамовіў да народу і вучняў Сваіх
кажучы: «На Майсеевай лаве паселі кніжнікі і фарысэі.
і сказаў: на Майсе́явым пасадзе пасе́лі кніжнікі і фарысэі.
Дык усё, што скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх, бо яны кажуць і ня робяць.
Дык усё, чаго скажуць вам дзяржа́цца, дзяржы́цеся й рабе́це, але не рабе́це паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і ня робяць.
Бо яны вяжуць цяжары цяжкія і невыносныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі пальцам сваім ня хочуць зрушыць іх.
Бо вяжуць ёрмы цяжкія і непасільныя і ўскладаюць на пле́чы людзям; а самы ня хочуць і пальцам крануць іх.
Усе ж учынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць крысо шатаў сваіх,
Усе́-ж учынкі свае́ яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічаюць по́лы вопраткі свае́й,
і любяць першыя месцы на вячэрах і першыя месцы ў сынагогах,
ды любяць пе́ршыя ме́сцы на банке́тах і пе́ршыя лавы ў сынагогах,
і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: “Раббі, раббі!”
і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: вучыцель, вучыцель!
А вы не называйцеся “раббі”, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты.
А вы не называйцеся вучыцеля́мі: бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос; усе́-ж вы браты.
І айцом сабе не называйце [нікога] на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які ў небе.
І айцо́м сабе́ не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Аце́ц, Каторы на нябёсах.
І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
І не называйцеся настаўнікамі; бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
А большы з вас няхай будзе вам за слугу.
Большы з вас няхай будзе вам за слугу.
Усякі ж, хто ўзвысіць сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Бо хто ўзвышае сябе́, той панíжаны будзе, а хто паніжа́е сябе́, той будзе ўзвы́шаны.
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсьці.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябе́снае перад людзьмі; бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці, не дапускаеце.
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што аб’ядаеце дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моліцеся; за гэта атрымаеце цяжэйшы прысуд.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зьядаеце дамы́ ўдоў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта дастанеце цяжэйшы прысуд.
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што абыходзіце мора і сухмень, каб зрабіць хоць аднаго празэлітам, і, калі станецца, робіце яго сынам геенны, удвая [горшым] за вас.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго; і, калі гэта здарыцца, робіце яго сынам гее́нны, удвая горшым за вас.
Гора вам, павадыры сьляпыя, якія кажаце: “Калі хто прысягне бажніцаю, гэта нічога, а калі хто прысягне золатам бажніцы, дык вінен”.
Го́ра вам, правадыры́ сьляпыя, якія ка́жаце: калі хто прысягае царквою, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам царквы, дык вінаваты.
Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: золата або бажніца, якая асьвячае золата?
Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Золата, ці царква, асьвячаючая золата?
І: “Калі хто прысягне ахвярнікам, гэта нічога, а калі хто прысягне дарам, які на ім, дык вінен”.
І калі хто прысягне́ жэ́ртвенікам, гэта нічога, а калі хто прысягне́ жэртваю, што на ім, то вінаваты.
Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: дар або ахвярнік, які асьвячае дар?
Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Жэ́ртва, ці жэртвенік, што асьвячае жэ́ртву?
Дык той, хто прысягае ахвярнікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім;
Дык той, хто прысягае жэртвенікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім.
і хто прысягае бажніцаю, прысягае ёю і Тым, Хто жыве ў ёй;
І хто прысягае царквою, прысягае ёю і жыву́чымі у ёй.
і хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
І хто прысягае не́бам, прысягае паса́дам Божым і Се́дзячым на ім.
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяцё дзесяціну з мяты, аніжу і кмену, і пакінулі найважнейшае ў Законе: суд, і міласэрнасьць, і веру; гэтае трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, анíжу і кміну, ды пакінулі найважне́йшае ў законе: суд і міласьць і ве́ру; гэтае трэба было рабіць, дый гэнага не пакідаць.
Павадыры сьляпыя, якія адцэджваеце камара, а глытаеце вярблюда!
Правадыры́ сьляпыя, што камара́ адцэджваеце, а вярблюда глытаеце!
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце звонку келіх і місу, а ўнутры яны напоўненыя рабункам і непаўстрыманасьцю.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу зьве́рху, а ўсярэдзіне поўны драпе́жнасьці і няпраўды.
Фарысэй сьляпы, ачысьці перш знутры келіх і місу, каб і звонку сталіся чыстымі.
Фарысэй сьляпы́! ачысьці пе́рш сярэдзіну чары і місы, каб чы́стыя былі і зьве́рху.
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што падобныя да магілаў павапленых, якія звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры напоўненыя косткамі мёртвых і ўсялякай нячыстасьцю.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што робіцеся падобнымі да памаляваных тру́наў, якія звонку здаюцца харошымі, а ўсярэдзіне поўны касьце́й трупаў і рознае не́чысьці.
Гэтак і вы звонку выглядаеце людзям праведнымі, а ўнутры поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.
Гэтак і вы звонку здаецёся людзям сьвятымі, а ўсярэдзіне поўны крывадушнасьці і беззаконьня.
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам, і аздабляеце надмагільлі праведнікаў,
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і прыхарошываеце памятнікі сьвятым,
і кажаце: “Калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі іхнімі ў крыві прарокаў”.
і ка́жаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі іх у крыві прарокаў.
Так што вы самі сьведчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.
Гэткім чынам вы самыя проці сябе́ сьве́дчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.
Дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
Дапаўняйце-ж ме́ру айцоў вашых.
Зьмеі, спараджэньні яхідны, як уцячэце вы ад асуджэньня ў геенну?
Зьме́і, плод яхíдніны! як унíкнеце вы асуджэньня ў гее́нну?
Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і вы адных заб’яцё і ўкрыжуеце, і іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад.
Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў і людзе́й мудрых, і кніжнікаў; і вы іншых заб’ецё і раскрыжу́еце, а іншых будзеце біць у школах вашых і гнаць з ме́ста да ме́ста.
Няхай жа прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Абэля праведнага да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між бажніцаю і ахвярнікам.
Няхай жа падзе́ на вас уся кроў сьвятая, пралíтая на зямлі, ад крыві Авеля сьвятога да крыві Захара, сына Варахіінавага, каторага вы забілі між царквою і жэртвенікам.
Сапраўды кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на пакаленьне гэтае.
Запраўды́ кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на род гэты.
Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі.
Ерузалім, Ерузалім, забойца прарокаў, каме́ньмі пабіва́ючы пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад кры́льлі, і вы не захаце́лі.
Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
Вось жа астаецца вам дом ваш пусты.
Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, пакуль ня скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада”».
Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне́ ад сяньня, дакуль ня ска́жаце: багасла́ўлены, хто йдзе́ ў імя Госпада.