Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Тады Ісус пачаў гукаць грудом а вучанікам Сваім,
 
Тады Ісус прамовіў да народу і вучняў Сваіх

Кажучы: «На пасадзе Масеявым селі кніжнікі а фарысэі;
 
і сказаў: на Майсе́явым пасадзе пасе́лі кніжнікі і фарысэі.

Дык усе, што-лень яны кажуць вам дзяржаць, дзяржыце й рабіце; але подле ўчынкаў іхных не рабіце, бо яны кажуць, а ня робяць:
 
Дык усё, чаго скажуць вам дзяржа́цца, дзяржы́цеся й рабе́це, але не рабе́це паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і ня робяць.

Вяжуць цяжары цяжкія а нязручныя і кладуць на плечы людзём, а самы ня хочуць і палцам крануць іх;
 
Бо вяжуць ёрмы цяжкія і непасільныя і ўскладаюць на пле́чы людзям; а самы ня хочуць і пальцам крануць іх.

Усі ж учынкі свае робяць, каб бачылі іх людзі; пашыраюць начэльнікі і доўжаць кутасы адзецьцяў сваіх;
 
Усе́-ж учынкі свае́ яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічаюць по́лы вопраткі свае́й,

І любяць першыя месцы на чэсьцях, і пярэднія лаўкі ў бажніцах,
 
ды любяць пе́ршыя ме́сцы на банке́тах і пе́ршыя лавы ў сынагогах,

І здарованьні на рынках, і каб звалі іх людзі: "Раббі, раббі!’
 
і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: вучыцель, вучыцель!

А вы не завіцеся рабінамі, бо адзін правадыр у вас — Хрыстос, усі ж вы — браты;
 
А вы не называйцеся вучыцеля́мі: бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос; усе́-ж вы браты.

І айцом не завіце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, каторы на нябёсах;
 
І айцо́м сабе́ не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Аце́ц, Каторы на нябёсах.

І не завіцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстос.
 
І не называйцеся настаўнікамі; бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.

Вялікшы з вас хай будзе вам слуга;
 
Большы з вас няхай будзе вам за слугу.

Бо хто павышае сябе, тый паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, тый павышаны будзе.
 
Бо хто ўзвышае сябе́, той панíжаны будзе, а хто паніжа́е сябе́, той будзе ўзвы́шаны.

«Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, бо замыкаеце гаспадарства нябёснае перад людзьмі; бо самы ня ўходзіце і тых, што хочуць увыйсьці, ня пушчаеце.
 
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябе́снае перад людзьмі; бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці, не дапускаеце.

Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што зьядаеце дамы ўдовіны, ды пад прыклепам даўгое малітвы, — за тое адзяржыце большае засуджэньне.
 
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зьядаеце дамы́ ўдоў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта дастанеце цяжэйшы прысуд.

Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб прыдбаць аднаго новага верніка; і як ён стане таковым, робіце яго сынам ґегенны, удвая горшым за сябе.
 
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго; і, калі гэта здарыцца, робіце яго сынам гее́нны, удвая горшым за вас.

«Бяда вам, правадыры нявісныя, каторыя кажаце: "Калі хто прысягае на дом Божы, то дарма; а калі хто прысягае золатам дому Божага, то вінен’.
 
Го́ра вам, правадыры́ сьляпыя, якія ка́жаце: калі хто прысягае царквою, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам царквы, дык вінаваты.

Дурныя а нявісныя! што большае: золата ці дом Божы, пасьвячаючы золата?
 
Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Золата, ці царква, асьвячаючая золата?

Таксама: "Калі хто прысягае на аброчнік, то дарма; калі ж хто прысягае на дар, што на ім, то вінен’.
 
І калі хто прысягне́ жэ́ртвенікам, гэта нічога, а калі хто прысягне́ жэртваю, што на ім, то вінаваты.

Дурныя а нявісныя і што большае: дар ці аброчнік, пасьвячаючы дар?
 
Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Жэ́ртва, ці жэртвенік, што асьвячае жэ́ртву?

Дык хто прысягае на аброчнік, прысягае на яго і на ўсе, што на ім;
 
Дык той, хто прысягае жэртвенікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім.

І хто прысягае на дом Божы, прысягае на яго й Жывучага ў ім;
 
І хто прысягае царквою, прысягае ёю і жыву́чымі у ёй.

І хто прысягае на неба, прысягае на пасад Божы і Седзячага на ім.
 
І хто прысягае не́бам, прысягае паса́дам Божым і Се́дзячым на ім.

«Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што даіце дзесяціну зь мяты, кропу а кмену, і пакінулі цяжшае ў Законе: суд, міласэрдзе а веру; гэта належыла рабіць, і гэнага не пакідаць.
 
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, анíжу і кміну, ды пакінулі найважне́йшае ў законе: суд і міласьць і ве́ру; гэтае трэба было рабіць, дый гэнага не пакідаць.

Правадыры нявісныя, што цэдзіце камара, а вярблюда глытаеце!
 
Правадыры́ сьляпыя, што камара́ адцэджваеце, а вярблюда глытаеце!

«Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што чысьціце звонку коўні а місы, прымеж таго ўнутры поўныя дзярлівасьці а няўзьдзержлівасьці.
 
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу зьве́рху, а ўсярэдзіне поўны драпе́жнасьці і няпраўды.

Фарысэю нявісны! ачысьці ўперад нутр коўні а місы, каб чыстай была й навоннасьць іх.
 
Фарысэй сьляпы́! ачысьці пе́рш сярэдзіну чары і місы, каб чы́стыя былі і зьве́рху.

«Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што падобныя да пабяляных грабоў, каторыя знадворку здаюцца харошыя, а ўнутры поўныя касьцей памерлых і ўсялякае брыды.
 
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што робіцеся падобнымі да памаляваных тру́наў, якія звонку здаюцца харошымі, а ўсярэдзіне поўны касьце́й трупаў і рознае не́чысьці.

Гэтак і вы з выгляду здаіцеся людзём справядлівымі, а ўнутры поўныя двудушнасьці а бяспраўя.
 
Гэтак і вы звонку здаецёся людзям сьвятымі, а ўсярэдзіне поўны крывадушнасьці і беззаконьня.

«Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што становіце грабы прарокам, і прыбіраеце помнікі справядлівых,
 
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і прыхарошываеце памятнікі сьвятым,

І кажаце: "Калі б мы былі за дзён айцоў нашых, то ня былі б сябрамі іх у крыві прарокаў’.
 
і ка́жаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі іх у крыві прарокаў.

Гэткім парадкам вы самы на сябе сьветчыце, што вы сынове тых, каторыя прарокаў пазабівалі.
 
Гэткім чынам вы самыя проці сябе́ сьве́дчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.

Дапаўняйце ж і вы меру айцоў сваіх.
 
Дапаўняйце-ж ме́ру айцоў вашых.

«Гады, родзе, яшчарыны! як уцячыцевы ад засуджэньня да Ґегенны?
 
Зьме́і, плод яхíдніны! як унíкнеце вы асуджэньня ў гее́нну?

«Затым, вось, Я пасылаю да вас прарокаў а мудрыцоў а кніжнікаў; і вы іншых заб’іце а ўкрыжуеце, а іншых будзеце біць у школах сваіх і гнаць ізь места да места.
 
Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў і людзе́й мудрых, і кніжнікаў; і вы іншых заб’ецё і раскрыжу́еце, а іншых будзеце біць у школах вашых і гнаць з ме́ста да ме́ста.

Так прыйдзе на вас уся кроў справядлівая, разьлітая на зямлі, ад крыві Авеля справядлівага аж да крыві Захары Варашонка, каторага вы забілі памеж дому Божага і аброчніка.
 
Няхай жа падзе́ на вас уся кроў сьвятая, пралíтая на зямлі, ад крыві Авеля сьвятога да крыві Захара, сына Варахіінавага, каторага вы забілі між царквою і жэртвенікам.

Запраўды кажу вам, усе гэта прыйдзе на род гэты.
 
Запраўды́ кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на род гэты.

«Ерузаліме, Ерузаліме, што забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе; колькі разоў Я хацеў зьберці дзеці твае, як кураводка зьбірае кураняты свае пад крылы, і вы не захацелі!
 
Ерузалім, Ерузалім, забойца прарокаў, каме́ньмі пабіва́ючы пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад кры́льлі, і вы не захаце́лі.

Вось, застанецца вам дом вашы пусты.
 
Вось жа астаецца вам дом ваш пусты.

Бо кажу вам: ніяк не абачыце Мяне адгэтуль, пакуль не гукніце: "Шчасьлівы Йдучы ў імя Спадарова!’»
 
Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне́ ад сяньня, дакуль ня ска́жаце: багасла́ўлены, хто йдзе́ ў імя Госпада.