Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

А дзён за шэсьць бярэць Ісус Пётру, Якава а Яана, брата ягонага, і ўзводзе іх асобна на гару высокую.
 
А цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана, брата яго, і вядзе́ іх на гару́ высокую адных.

І адмяніўся перад імі: і зазьзяла відзеньне Ягонае, як сонца, адзецьці ж Ягоныя сталі белыя, як сьвятліня.
 
І перамяніўся перад імі: і зазьяла аблічча Яго, як сонца, адзе́жа-ж Яго ста́лася бе́лая, як сьвятло́.

І вось, паказаліся ім Масей а Ільля, гукаючы зь Ім.
 
І вось зьявіліся ім Майсе́й і Ільля, размаўляючы з Ім.

І, адказуючы, Пётра сказаў Ісусу: «Спадару! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры буданы: Табе адзін, і Масею адзін, і адзін Ільлі».
 
І, азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе́ адну, і Майсе́ю адну, і адну Ільлі.

Як ён яшчэ гукаў, вось, булак сьветлы ахінуў іх; і вось, голас із булаку кажучы: «Гэта ё Сын Мой Умілаваны, Каторага Я вельмі ўпадабаў; Яго слухайце».
 
Калі-ж ён яшчэ гаварыў гэтае, сьве́тлая хмара ацяніла іх; і вось голас із хмары гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Улю́блены, якому спагада́ю; Яго слу́хайце.

І, пачуўшы, вучанікі палі ніцма, і вельма спалохаліся.
 
І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і дужа перапужа́ліся.

Але Ісус, прыступіўшыся, даткнуўся да іх і сказаў: «Устаньце й не палохайцеся».
 
Але Ісус, падыйшоўшы, дакрану́ўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся!

І ўзьняўшы вочы свае, яны нікога не абачылі, апрача аднаго Ісуса.
 
Падняўшы-ж вочы свае́, яны нікога ня ўгле́дзелі апрача аднаго Ісуса.

І як яны зыходзілі з гары, Ісус забараніў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра гэту відзень, пакуль Сын Людзкі ня ўскрэсьне зь мертвых».
 
І, калі зыходзілі яны з гары, Ісус загада́ў ім, кажучы: нікому не кажы́це пра гэтае відзе́ньне, дакуль Сын Чалаве́чы не ўваскрэсьне з мёртвых.

І папыталіся ў Яго вучанікі Ягоныя: «Як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці ўперад?»
 
І спыталіся ў Яго вучні Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці ране́й?

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Запраўды, Ільля мае прыйсьці ўперад і ўладзіць усе;
 
Ісус сказаў ім у адказ: Ільля прыйдзе ране́й і падгатуе ўсё.

Але кажу вам, што Ільля ўжо прышоў, і не пазналі яго, а зрабілі зь ім, што хацелі; гэтак і Сын Людзкі будзе цярпець ад іх».
 
Я-ж кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды не пазналі яго, а ўчынілі проці яго, што хаце́лі; так і Сын Чалаве́чы паце́рпіць ад іх.

Тады вучанікі зразумелі, што Ён казаў ім празь Яана Хрысьціцеля.
 
Тады вучні зразуме́лі, што Ён гаварыў ім пра Іоана Хрысьціцеля.

І як яны прышлі да груду, то прыступіў да Яго чалавек і, уклякшы перад Ім,
 
Калі-ж яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалаве́к і, сукланіўшы перад ім кале́ні,

Сказаў: «Спадару! зьмілуйся над сынам маім, бо ён люнатык, і вельма мучаецца, бо часта валіцца ў вагонь і часта — ў ваду.
 
сказаў: Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім, які ў маладзік шале́е і цяжка му́чыцца; бо часта кíдаецца ў вагонь і часта ў ваду.

І я быў прывёўшы яго да вучанікаў Тваіх, але яны не маглі ўздаравіць яго».
 
Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго.

І Ісус, адказуючы, сказаў: «О родзе няверны а крутадушны! пакуль буду з вамі? пакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне сюды».
 
Ісус жа, адказваючы, сказаў: о род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпе́ць вас? прывядзíце яго да Мяне́ сюды.

І зганіў яго Ісус; і нячысьцік вышаў зь яго; і дзяцюк ачуняў тае ж гадзіны.
 
І крыкнуў на яго Ісус; і шата́н выйшаў з яго; і юнак паздараве́ў у тую-ж гадзіну.

Тады вучанікі, прыступіўшыся да Ісуса наадзіноце, сказалі: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
 
Тады вучні, прыступіўшыся да Ісуса насамо́це, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?

Ісус жа сказаў ім: «З прычыны няверы вашае; бо запраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зярнё і скажаце гары гэтай: ’Перайдзі адгэтуль туды’, і яна пярэйдзе; і нічога ня будзе немагчымага вам.
 
Ісус жа сказаў ім: праз няве́ру вашую: бо запраўды́ кажу вам: калі вы будзеце ме́ць ве́ру, як гарчы́чнае зе́рне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас.

Гэты ж род выганяецца адно малітваю а постам».
 
Гэты-ж род выганяецца толькі малітваю і постам.

І як яны перабывалі ў Ґалілеі, Ісус сказаў ім: «Сын Людзкі неўзабаве выданы будзе ў рукі людзкія;
 
У час быцьця іх у Галіле́і Ісус сказаў ім: Сын Чалаве́чы вы́даны будзе ў рукі чалаве́чыя;

І заб’юць Яго, і на трэйці дзень ускрэсьне». І яны вельмі засмуціліся.
 
і заб’юць Яго, і на трэці дзе́нь уваскрэсьне. І яны дужа засмуціліся.

І прышлі яны да Капернауму, і падышлі да Пётры зьбіраньнікі дыдрахмаў, і сказалі: «Ці ня дасьць Вучыцель ваш дыдрахмы?»
 
Калі-ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зьбіральнікі даніны і сказалі: Ці ня дасьць скла́дчыны ваш Вучыцель?

Ён адказаў: «Але». І як увыйшоў ён у дом, то Ісус, выпярадзіўшы яго, сказаў: «Як табе здаецца, Сымоне, каралёве земныя з каго бяруць мыта альбо падачкі: із сыноў сваіх, ці з чужых?»
 
Ён кажа: так. І, калі увайшоў у дом, то Ісус папярэдзіў яго, кажучы: як табе́ здае́цца, Сымон? цары зямныя з каго бяруць даніну ці падаткі? ці з сваіх сыноў, ці з чужых?

Пётра кажа Яму: «З чужых». Ісус сказаў яму: «Значыцца, сынове вольныя.
 
Пётр кажа Яму: з чужых. Ісус сказаў яму: значыць, сыны вольныя;

Але каб нам не зрабіць спадману ім, пайдзі да мора, закінь вуду, і першую рыбу, каторую зловіш, вазьмі, і, рашчыніўшы ў яе рот, знойдзеш статыр; вазьмі яго і аддай ім за Мяне й за сябе».
 
але, каб нам не спакусіць іх, пайдзі на мора, кінь вуду і пе́ршую рыбу, якая пападзе́цца, вазьмі; і, расчыніўшы рот, знойдзеш стацір; вазьмі яго і аддай ім за Мяне і за сябе́.