Псалтыр 83 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

Сьпеў. Псальм Асафа.
 

Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа!
 

Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву.
 

Супраць народу Твайго яны кнуюць [намеры] таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш.
 

Яны сказалі: «Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей».
 

Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет
 

намёты Эдому і Ізмаэльцы, Мааў і Агаране,
 

Геваль і Амон, і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру.
 

І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лота. (Сэлях)
 

Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну каля ручая Кішон,
 

якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі.
 

Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам,
 

якія казалі: «Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!»
 

Божа мой! Зрабі іх як [пыл у] віхуры, як салому пад ветрам!
 

Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы,
 

гэтак Ты перасьледуй іх бурай Тваёю і віхурай Тваёй напалохай!
 

Напоўні сорамам абліччы іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ.
 

Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць,
 

і даведаюцца, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю.