Выслоўяў Саламонавых 11 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму.
 

Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць.
 

Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх.
 

Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.
 

Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю.
 

Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім.
 

Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае.
 

Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго.
 

Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне.
 

Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, [горад] сьвяткуе.
 

Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
 

Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір.
 

Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова.
 

Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне.
 

Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны.
 

Дабрадзейная жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце.
 

Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё.
 

Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода.
 

Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці.
 

Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму.
 

Можна паручыцца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае.
 

Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму.
 

Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў.
 

Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее.
 

Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе.
 

Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае.
 

Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе.
 

Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць.
 

Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам.
 

Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы.
 

Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.