Выслоўяў Саламонавых 13 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка
Мудры сын [слухае] настаўленьне бацькі, а насьмешнік ня слухае дакараньня.
З плоду вуснаў сваіх чалавек будзе жывіцца дабром, а душа ліхадзеяў — гвалтам.
Хто захоўвае вусны свае, захоўвае душу сваю, а хто шырока адкрывае рот свой, будзе мець зьнішчэньне.
Душа гультая жадае і ня мае нічога, а душа руплівага будзе насычаная.
Праведнік ненавідзіць слова хлусьлівае, а бязбожнік ганьбіць і зьневажае [сябе].
Праведнасьць захоўвае таго, хто беззаганны ў шляху [сваім], а бязбожнасьць губіць грэшніка.
Адзін выдае сябе за багатага, нічога ня маючы, іншы выдае сябе за беднага, маючы шмат багацьця.
Выкуп душы чалавека — багацьце ягонае, а бедны пагрозы ня чуе.
Сьвятло праведных радасна зьзяе, а сьветач бязбожнікаў стухне.
Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць, а ў тых, што парады прыймаюць, — мудрасьць.
Багацьце, [здабытае] марным чынам, змалее, а хто зьбірае яго рукою сваёю, — памнажае яго.
Спадзяваньне, якое доўжыцца, — боль сэрца, а зьдзейсьненае жаданьне — дрэва жыцьця.
Хто пагарджае Словам, той будзе зьнішчаны, а хто баіцца прыказаньняў, атрымае ўзнагароду.
Закон мудрага — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.
Добры розум дае зычлівасьць, а шлях ліхадзеяў цяжкі.
Кожны разумны дзейнічае з веданьнем, а дурны выяўляе неразумнасьць.
Бязбожны пасланец трапляе ў бяду, а верны пасол [прыносіць] аздараўленьне.
Галеча і ганьба таму, хто адкідае настаўленьне, а той, хто прыймае дакараньні, будзе ў пашане.
Споўненае жаданьне — асалода для душы, але адвярнуцца ад зла — агіда для дурня.
Хто ходзіць з мудрым, будзе мудрым, а хто сябруе з дурнем, загалосіць.
Ліха гоніцца за грэшнікамі, а праведным будзе аднагароджана дабром.
Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшнікаў захоўваецца для праведных.
Многа хлеба і на ніве бедных, але некаторыя гінуць, бо няма суду.
Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго, а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго.
Праведнік есьць і насычае душу сваю, а нутро бязбожнікаў будзе ў нястачы.