Да Рымлянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Дык якая перавага Юдэя, ці якая карысьць ад абразаньня?
 

Вялікая ў-ва ўсіх адносінах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.
 

Бо што, калі некаторыя не паверылі? Ці недаверства іхняе зьнішчыць веру Божую?
 

Няхай ня станецца! Бог ёсьць праўдзівы, а ўсякі чалавек хлусьлівы, як напісана: «Каб Ты быў праведны ў словах Тваіх і перамог у судзе Тваім».
 

А калі нашая няправеднасьць зьяўляе праведнасьць Божую, што скажам? Ці Бог, Які выяўляе гнеў, няправедны? Кажу па-чалавечаму.
 

Няхай ня станецца! Бо як жа Бог будзе судзіць сьвет?
 

Бо калі праўда Божая праз маю хлусьлівасьць памнажаецца на славу Ягоную, за што яшчэ мяне судзяць як грэшніка?
 

І ці не рабіць нам благое, каб выйшла добрае, як некаторыя блюзьняць на нас і кажуць, што мы гэтак кажам? Справядлівы суд на такіх!
 

Дык што? Ці мы лепшыя? Зусім не! Бо мы ўжо давялі, што і Юдэі, і Грэкі, — усе пад грэхам,
 

як напісана: «Няма праведнага аніводнага;
 

няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога.
 

Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнага.
 

Горла іхняе — магіла адчыненая; языкамі сваімі ашукваюць, атрута зьмяіная на губах іхніх.
 

Вусны іхнія поўныя абмовы і горычы.
 

Ногі іхнія хуткія на праліцьцё крыві,
 

зьнішчэньне і няшчасьце на шляхах іхніх,
 

і шляху супакою яны не пазналі.
 

Няма страху Божага перад вачыма іхнімі».
 

А мы ведаем, што Закон усё, што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад Законам, каб усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам,
 

бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела; бо праз Закон пазнаецца грэх.
 

А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў,
 

праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць; бо няма розьніцы,
 

бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае,
 

атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе,
 

Якога Бог пастанавіў [быць] ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у [час] цярплівасьці Божае,
 

дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса.
 

Дык дзе тое, чым хваліцца? Выключана. Якім законам? [Законам] учынкаў? Не, але законам веры.
 

Дык мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў Закону.
 

Няўжо Бог толькі Юдэяў, а не паганаў таксама? Так, і паганаў,
 

бо адзін Бог, Які апраўдае абразаньне з веры і неабразаньне праз веру.
 

Дык мы зьнішчаем Закон праз веру? Няхай ня станецца! Але ўсталёўваем Закон.