Данііла 4 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Я, Навухаданосар, быў у супакоі ў доме маім і шчасьлівы ў палацы маім.
Я, Навухаданосар, быў спакойны ў сваім доме і дабрашчасьціўся ў харомах маіх.
Я бачыў сон, і ён напалохаў мяне, і думкі на ложку маім, і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.
Але бачыў я сон, які напалохаў мяне, і роздум на ложку маім і ўявы маёй галавы зьбянтэжылі мяне.
І ад мяне быў выдадзены загад прывесьці да мяне ўсіх мудрацоў Бабілонскіх, каб яны маглі патлумачыць мне значэньне сну.
І дадзены быў мною загад прывесьці да мяне Вавілонскіх мудрацоў, каб яны разгадалі мне сутнасьць сну.
Тады прыйшлі чараўнікі, астролягі, Халдэі і варажбіты, і я расказаў перад імі сон, але яны не патлумачылі мне значэньне ягонае.
Тады прыйшлі чарадзеі, заклінальнікі, Халдэі і вяшчуны; я расказаў ім сон, але яны не маглі мне разгадаць сутнасьць яго.
І ў канцы прыйшоў да мяне Данііл, якога імя Бэльтэшацар паводле імя бога майго і ў якім Дух Сьвятога Бога, і я расказаў перад ім сон:
Нарэшце ўвайшоў да мяне Данііл, якому імя было Валтасар — як імя майго бога і ў якім дух Сьвятога Бога; якому я расказаў сон.
“Бэльтэшацар, начальнік чараўнікоў! Я ведаю, што ў табе Дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая для цябе. Раскажы мне відзеж сну майго, які я бачыў, і значэньне ягонае.
«Валтасар, начальнік мудрацоў! я ведаю, што ў табе дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая табе; растлумач мне ўявы майго сну, які бачыў я, і разгадай сутнасьць яго.
А відзеж галавы маёй на ложку маім [такі]: я бачыў, вось, пасярод зямлі дрэва, і вышыня ягоная вялікая.
А ўявы маёй галавы на маім ложку былі такія: бачыў я — вось пасярод зямлі дрэва, досыць высокае.
Дрэва вырасла і было моцнае, і вышыня ягоная дасягала неба, і было відаць яно аж да канца ўсёй зямлі.
Вялікае было гэтае дрэва і моцнае, і вышыня яго сягала да неба, і яно відно было да краёў усёй зямлі.
Лісьце ягонае прыгожае, і пладоў ягоных шмат, і для ўсіх [ёсьць] ежа на ім; пад ім мелі цень зьвяры палявыя, а ў галінах ягоных жылі птушкі нябесныя, і ад яго жывілася кожнае цела.
Лісьце яго цудоўнае, і пладоў на ім мноства, і ежы на ім на ўсіх; пад ім знаходзіла цень палявая зьвярына, і ў гольлі яго гнездаваліся птушкі нябесныя, і ад яго кармілася ўсякая плоць.
Я бачыў у відзежах галавы маёй на ложку маім, і вось, Вартаўнік Сьвяты зыйшоў з неба.
І бачыў я ва ўявах маёй галавы на маім ложку, вось, сышоў зь нябёсаў Чувальны і Сьвяты.
Ён голасна клікаў і гэтак сказаў: “Сьсячыце дрэва і абсячыце галіны ягоныя, абтрасіце лісьце ягонае і рассыпце плады ягоныя. Няхай зьвяры зыйдуць з-пад яго, птушкі нябесныя — з галінаў ягоных.
Усклікнуўшы голасна, Ён сказаў: «сьсячэце гэта дрэва, абсячэце гольле яго, абтрасеце лісьце зь яго і раскідайце плады яго; няхай сыйдуць зьвяры з-пад яго і птушкі з гольля яго;
Але пень каранёў ягоных пакіньце ў зямлі ў ланцугах мядзяных сярод зеляніны палявой. І няхай раса нябесная мочыць яго, і са зьвярамі частка ягоная ў траве зямлі.
але галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы аброшваецца нябеснаю расою, і з жывёламі няхай будзе частка яго ў траве зямной.
Сэрца чалавечае няхай заменяць у яго, і сэрца жывёлы няхай дадуць яму, і сем пораў няхай праміне пад ім.
Сэрца чалавечае адымецца ў яго і дасца яму сэрца зьвярынае, і сем часінаў пройдуць над ім.
Паводле пастановы Вартаўнікоў загад гэты, і паводле слова Сьвятых вырак гэты, каб ведалі [ўсе] жывыя, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і найніжэйшага з людзей ставіць над ім”.
Загадам Чувальнага гэта пастаноўлена, і паводле прыгавору Сьвятога назначана, каб ведалі жывыя, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і становіць над ім нізкага зь людзей».
Гэты сон бачыў я, валадар Навухаданосар. А ты, Бэльтэшацар, раскажы значэньне [ягонае], бо ўсе мудрацы валадарства майго не маглі патлумачыць мне значэньне, а ты можаш, бо Дух Сьвятога Бога ў табе”.
Такі сон бачыў я, цар Навухаданосар; а ты, Валтасару, скажы разгадку яго, бо ніхто з мудрацоў у маім царстве ня мог растлумачыць яго сэнсу, а ты можаш, бо ў табе дух сьвятога Бога.
Тады Данііл, якога імя Бэльтэшацар, аслупянеў на адзін момант, і думкі ягоныя ўстрывожылі яго. Адказаў валадар і сказаў: “Бэльтэшацар, сон альбо значэньне ягонае няхай не трывожыць цябе”. Адказаў Бэльтэшацар і сказаў: “Пане мой, пане мой, няхай сон гэты [будзе] тым, якія ненавідзяць цябе, і значэньне ягонае — для ворагаў тваіх.
Тады Данііл, якому імя Валтасар, каля гадзіны быў у зьдзіўленьні, і думкі яго бянтэжылі яго. Цар загаварыў і сказаў: «Валтасару! хай не бянтэжыць цябе гэты сон і разгадка яго». Валтасар адказваў і сказаў: «гаспадару мой! каб жа на тваіх ненавісьнікаў гэты сон, і на ворагаў тваіх разгадка яго!
Дрэва, якое ты бачыў, якое вырасла і было моцнае, і вышыня ягоная дасягала неба, і было відаць яно на ўсёй зямлі,
Дрэва, якое ты бачыў, якое было вялікае і моцнае, вышынёю сваёю сягала да нябёсаў і відно было на ўсю зямлю,
і лісьце ягонае прыгожае, і пладоў ягоных шмат, і ежа для ўсіх [ёсьць] на ім, пад ім жылі зьвяры палявыя, і ў галінах ягоных птушкі нябесныя сяліліся, —
а лісьце было цудоўнае, і мноства пладоў і ежа на ўсіх, а пад ім жыла зьвярына польная і ў гольлі гнездаваліся птушкі нябесныя,
гэта ты, валадару, які вырас і стаў магутным, і вялікасьць твая вырасла і дасягнула неба, і ўлада твая — да канца зямлі.
гэта — ты, цару, які ўзьвялічаны і магутны, і веліч твая вырасла і сягнула да нябёсаў і ўлада твая — да краёў зямлі.
А што валадар бачыў Вартаўніка Сьвятога, Які зыйшоў з неба і сказаў: “Сьсячыце дрэва гэтае і зьнішчыце яго, але пакіньце пень каранёў ягоных у зямлі ў ланцугах жалезных і мядзяных сярод зеляніны палявой, і няхай раса нябесная мочыць яго, і са зьвярамі палявымі частка ягоная, аж пакуль сем пораў праміне над ім,” —
А што цар бачыў Чувальнага і Сьвятога, Які сыходзіў зь нябёсаў і Які сказаў: сьсячэце дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы арашаецца расою нябеснаю, і з польнай зьвярыною няхай будзе частка яго, пакуль ня пройдуць над ім сем часінаў,
вось значэньне, валадару, і вось пастанова Найвышэйшага, якая прыйдзе на пана майго, валадара.
дык вось сутнасьць гэтага, цару, і вось вызначэньне Ўсявышняга, якое спасьцігне гаспадара майго, цара:
І выганяць цябе ад людзей, і са зьвярамі палявымі будзе жытло тваё, і будуць даваць табе есьці траву, як валам, і будзе раса нябесная мачыць цябе, і сем пораў праміне над табою, пакуль ты даведаешся, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча.
цябе адлучаць ад людзей, і пражываньне тваё будзе з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, расою нябеснаю ты будзеш аброшаны, і сем часінаў пройдзе над табою, пакуль уведаеш, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча.
А што сказалі пакінуць пень каранёў дрэва, [азначае, што] валадарства тваё застанецца пры табе аж пакуль ты даведаешся, што пануе неба [над табою].
А што загадана было пакінуць галоўны корань дрэва, гэта азначае, што царства тваё застанецца пры табе, калі ты спазнаеш над сабою ўладу нябесную.
Дзеля гэтага, валадару, няхай рада [мая] будзе даспадобы табе, і скасуй грэх твой праведнасьцю, а правіны твае — міласэрнасьцю да бедных. Можа, гэтым ты прадоўжыш дабрабыт твой”.
Таму, цару, хай будзе даспадобы табе парада мая: акупі грахі твае праўдаю і твае правіны мілажалем да бедных; вось, чым можа падоўжыцца мір твой».
Усё гэта прыйшло на Навухаданосара валадара.
Усё гэта збылося ў цара Навухаданосара.
Напрыканцы дванаццаці месяцаў, шпацыруючы па палацы валадарскім у Бабілоне,
Як прайшло дванаццаць месяцаў, пахаджаючы па царскіх харомах у Вавілоне,
адказаў валадар і сказаў: “Хіба не вялікі гэты Бабілон, які я пабудаваў як дом валадарства моцаю сілы маёй дзеля славы і велічы маёй?”
цар сказаў: «ці ня гэта велічны Вавілон, які пабудаваў я домам царства моцай маёй магутнасьці і на славу маёй велічы!»
Калі яшчэ слова было ў вуснах валадара, голас з неба зыйшоў: “Табе кажуць, Навухаданосар валадар! Валадарства адыйшло ад цябе.
Яшчэ гэтыя словы былі на вуснах у цара, калі быў зь неба голас: «табе кажуць, цару Навухаданосар: царства адышло ад цябе!
І выганяць цябе ад людзей, і са зьвярамі палявымі будзе жытло тваё, і будуць даваць табе есьці траву, як валам, і сем пораў праміне над табою, пакуль ты даведаешся, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча”.
І адлучаць цябе ад людзей, і будзе пражываньне тваё з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, і сем часінаў пройдуць над табою, аж пакуль ня ўведаеш, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча!»
У той жа момант слова споўнілася над Навухаданосарам, і ён быў выгнаны ад людзей, і еў траву, як вол, і раса нябесная мачыла цела ягонае, ажно валасы ягоныя вырасьлі як [пер’е] арла, і пазногці ягоныя — як [кіпцюры] птушак.
Адразу ж і спраўдзілася гэта слова над Навухаданосарам, і адлучаны быў ён ад людзей, еў траву, як вол, і аброшвалася цела ягонае расою нябеснаю, так што валасы ў яго вырасьлі як у льва, і пазногці яго — як у птушкі.
І калі скончыліся дні гэтыя я, Навухаданосар, узьняў вочы мае да неба, і розум мой вярнуўся да мяне, і я дабраславіў Найвышэйшага, выхваляў і ўславіў Таго, Які жыве на вякі, бо ўлада Ягоная — улада вечная, і валадарства Ягонае — з пакаленьня ў пакаленьне,
А як скончыліся тыя дні, я, Навухаданосар, узьвёў вочы мае да неба, і мой розум вярнуўся да мяне; і дабраславіў я Ўсявышняга, пахваліў і праславіў Вечнаіснага, валадарства Якога — валадарства вечнае і царства Якога — у роды і роды.
і ўсе жыхары зямлі нічога ня значаць, а Ён дзейнічае паводле волі Сваёй сярод войска нябеснага і сярод жыхароў зямлі; і ніхто ня можа стрымаць руку Ягоную і сказаць Яму: “Што Ты робіш?”
І ўсе жывыя на зямлі ня значаць нічога; па волі Сваёй Ён чыніць як у нябесным войску, так і сярод жывых на зямлі, і няма нікога, хто мог бы ўсупрацівіцца Ягонай руцэ і сказаць Яму: што Ты зрабіў?
У той час розум мой вярнуўся да мяне, і слава валадарства майго, веліч мая і выгляд мой вярнуліся да мяне. І раднікі мае, і магнаты мае шукалі мяне, і я ўмацаваўся на валадарстве сваім, і маестат яшчэ большы быў дадзены мне.
У той час вярнуўся да мяне мой розум, і я вярнуўся да славы царства свайго, і вярнуліся да мяне самавітасьць і ранейшы мой выгляд; і знайшлі мяне мае радцы і вяльможы мае, і я быў зноў пастаўлены на царства маё, і веліч мая яшчэ больш узвысілася.
Цяпер я, Навухаданосар, выхваляю, вывышаю і слаўлю Валадара Нябеснага, бо ўсе ўчынкі Ягоныя — праўда, і шлях Ягоны — правасудзьдзе, Ён можа панізіць тых, якія ходзяць пыхліва».
Цяпер я, Навухаданосар, слаўлю, узношу і вялічаю Цара Нябеснага, у Якога ўсе дзеі ў ісьціне і шляхі праведныя, і Які Мае сілу ўпакорыць тых, якія ходзяць ганарыста».