Данііла 9 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У першым годзе Дарыя, сына Ахашвэроша, з насеньня Мідзянаў, які валадарыў над валадарствам Халдэйскім,
 
У першы год Дарыя, сына Асуравага, з роду Мідыйскага, які пастаўлены быў царом над царствам Халдэйскім,

у першы год валадараньня ягонага, я, Данііл, зразумеў з кнігаў лік гадоў, пра якія было слова ГОСПАДА да Ярэміі прарока, што маюць споўніцца семдзясят гадоў спусташэньню Ерусаліму.
 
у першы год яго цараваньня я, Данііл, зразумеў па кнігах лічбу гадоў, пра якую было слова Гасподняе да Ераміі прарока, што семдзесят гадоў споўняцца над руінамі Ерусаліма.

І я зьвярнуў аблічча маё да Госпада Бога, каб шукаць [Яго] ў малітве і ў маленьнях, у посьце, зрэбніцы і попеле.
 
І зьвярнуў я сваё аблічча да Госпада Бога з малітваю і маленьнем, у посьце і ў вярэце і ў попеле,

І я маліўся да ГОСПАДА, Бога майго, і спавядаўся, і казаў: «Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які захоўваеш запавет і міласэрнасьць да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае!
 
і маліўся я Госпаду Богу майму і спавядаўся і сказаў: «малю Цябе, Госпадзе Божа вялікі і дзівосны, Ахавальнік запавету і міласьці да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць Твае запаведзі!

Мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне, і зрабілі нягодна, і збунтаваліся, і адступіліся ад прыказаньняў Тваіх і ад судоў Тваіх.
 
Грашылі мы, учынялі беззаконьне, рабілі несправядліва, упарціліся і адступалі ад запаведзяў Тваіх і ад пастановаў Тваіх

І мы ня слухалі слугаў Тваіх, прарокаў, якія прамаўлялі ў імя Тваё да валадароў нашых, князёў нашых, бацькоў нашых і да ўсяго народу зямлі.
 
і ня прыслухаліся да рабоў Тваіх прарокаў, якія Тваім імем гаварылі царам нашым і вяльможам нашым, і бацькам нашым і ўсяму народу краіны.

У цябе, Госпадзе, праведнасьць, а ў нас на абліччах сорам, як у гэты дзень, у мужоў Юды, і ў жыхароў Ерусаліму, і ў-ва ўсяго Ізраіля, блізкіх і далёкіх, у-ва ўсіх землях, куды Ты выгнаў іх за здраду іхнюю, якой яны здрадзілі Табе.
 
У Цябе, Госпадзе, праўда, а ў нас сорам на тварах, як сёньня ў кожнага Юдэя, і ў жыхароў Ерусаліма і ва ўсяго Ізраіля, і ў блізкіх і ў далёкіх, па ўсіх краях, куды Ты іх выгнаў за паняверства іхняе, зь якім яны адступіліся ад Цябе.

ГОСПАДЗЕ, сорам на абліччах у нас, у валадароў нашых, у князёў нашых, у бацькоў нашых, бо мы саграшылі супраць Цябе.
 
Госпадзе! сорам на твары нам, царам нашым, князям нашым і нашым бацькам, бо мы зграшылі перад Табою!

У Госпада, Бога нашага, літасьць і прабачэньне, хоць мы ўзбунтаваліся супраць Яго,
 
А Госпаду Богу нашаму — міласэрнасьць і дараваньне, бо мы бунтаваліся супроць Яго,

і ня слухалі голасу ГОСПАДА, Бога нашага, каб хадзіць паводле Законаў Ягоных, якія Ён даў нам праз рукі слугаў Сваіх, прарокаў.
 
і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага, каб хадзіць паводле законаў Яго, якія Ён даў нам праз Сваіх рабоў, прарокаў.

І ўвесь Ізраіль парушыў Закон Твой, і яны адвярнуліся, каб ня слухаць голасу Твайго. І выліўся на нас праклён і прысяга, якія запісаныя ў Законе Майсея, слугі Божага, бо мы саграшылі супраць Яго.
 
І ўвесь Ізраіль пераступіў праз закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухацца голасу Твайго; і за тое выліліся на нас праклён і прысяга, якія напісаны ў законе Майсея, раба Божага; бо мы зграшылі перад Ім.

І Ён споўніў слова Сваё, якое прамовіў супраць нас і супраць судзьдзяў нашых, якія судзілі нас, навёўшы на нас вялікае ліха, якое не рабілася пад усім небам і якое было ўчынена ў Ерусаліме.
 
І Ён стрымаў Сваё слова, якое сказаў на нас і на судзьдзяў нашых, што судзілі нас, каб навесьці на нас вялікае ліха, якога ня бывала пад небам і якое сталася ў Ерусаліме.

Як напісана ў Законе Майсея, так прыйшло на нас усё гэтае ліха; але мы не залагодзілі аблічча ГОСПАДА, Бога нашага, адварочваючыся ад беззаконьня свайго і разумеючы праўду Тваю.
 
Як напісана ў законе Майсеевым, так усё гэта ліха спадобіла нас; але мы не ўпрасілі Госпада Бога нашага, каб вярнуцца нам ад правінаў нашых і паразумнець у ісьціне Тваёй.

І чуваў ГОСПАД над гэтым ліхам, і навёў яго на нас, бо праведны ГОСПАД, Бог наш, у-ва ўсіх учынках Сваіх, якія Ён робіць, бо мы ня слухалі голас Ягоны.
 
Бачыў Гасподзь ліха і навёў яго на нас, бо справядлівы Гасподзь Бог наш ва ўсіх чынах Сваіх, якія робіць, але мы ня слухалі голасу Ягонага.

І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Які вывеў народ Твой з зямлі Эгіпецкай рукою моцнаю і зрабіў Сабе імя, як у гэты дзень, мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне.
 
А цяпер, Госпадзе Божа наш, Які вывеў народ Свой зь зямлі Егіпецкай моцнаю рукою і явіў славу Сваю, як сёньня! зграшылі мы, рабілі несправядліва.

Госпадзе! Паводле ўсёй праведнасьці Тваёй няхай адвернецца гнеў Твой і абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, сьвятой гары Тваёй, бо за грахі нашыя і за беззаконьні бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў-ва ўсіх, хто навокал нас.
 
Госпадзе! па ўсёй праўдзе Тваёй хай адвернецца гнеў твой і абурэньне Тваё ад Твайго горада Ерусаліма, ад сьвятой гары Тваёй; бо за грахі нашыя і правіны бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у паганьбеньні ва ўсіх, хто нас атачае.

І цяпер пачуй, Божа наш, малітву слугі Твайго і маленьне ягонае, і няхай зазьзяе аблічча Тваё над сьвятыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля [Цябе], Госпадзе!
 
І сёньня пачуй, Божа наш, малітву раба Твайго і маленьне яго і паглядзі прасьветлым абліччам Тваім на спустошаную сьвятыню Тваю, дзеля Цябе, Госпадзе!

Нахілі, Божа мой, вуха Тваё і пачуй! Адчыні вочы Твае і паглядзі на спусташэньне нашае і на горад, які названы імем Тваім, бо не з прычыны праведнасьці нашай мы кладзем перад абліччам Тваім маленьні нашыя, але з прычыны вялікай літасьці Тваёй.
 
Прыхілі, Божа мой, вуха Тваё і паслухай, расплюшчы вочы Свае і паглядзі на спусташэньні нашыя і на горад, дзе названа імя Тваё; бо мы кладзем свае маленьні перад Табою, спадзяючыся не на справядлівасьць нашую, а на Тваю вялікую міласэрнасьць.

Госпадзе, пачуй! Госпадзе, прабач! Госпадзе, прыхілі вуха і зрабі, не затрымлівайся дзеля Сябе [Самога], Божа мой, бо імя Тваё названа над горадам Тваім і над народам Тваім».
 
Госпадзе, выслухай! Госпадзе, даруй! Госпадзе, уважы і зьдзейсьні, не спазьніся дзеля Цябе Самога, Божа мой, бо Тваё імя названа над горадам Тваім і над народам Тваім!»

І я яшчэ гаварыў і вызнаваў грэх мой і грэх народу майго Ізраіля, і складаў маленьне маё перад абліччам ГОСПАДА, Бога майго, за сьвятую гару Бога майго.
 
І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і спавядаўся ў грахах маіх і грахах народу майго, Ізраіля, і клаў маленьне маё перад Госпадам Богам маім за сьвятую гару майго Бога,

І калі я яшчэ гаварыў у малітве, муж гэты, Габрыэль, якога я бачыў у відзежы раней, сьпяшаючыся, пасьпяшаўся і дакрануўся да мяне ў часе вечаровай ахвяры хлебнай.
 
калі я яшчэ гаварыў на малітве, а муж Гаўрыіл, якога бачыў я раней ва ўяве, хутка прыляцеўшы, дакрануўся да мяне ў часіну вячэрняй ахвяры

І ён даў мне разуменьне, і гаварыў са мной, і сказаў: «Данііле, цяпер я выйшаў, каб навучыць цябе разуменьню.
 
і настаўляў на розум мяне, гаварыў са мною і сказаў: «Данііле! цяпер я прыйшоў, каб умудрыць цябе ў разуменьні.

На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў распавесьці [яго], бо ты найкаштоўнейшы. Дык разумей слова і зразумей відзеж.
 
На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў абвясьціць яго табе, бо ты — муж жаданьняў; дык вось, пранікні ў слова і ўразумей уяву.

Семдзясят тыдняў вызначана народу твайму і гораду сьвятому твайму, каб спыніць правіну, і скончыць [меру] грэху, і адкупіць беззаконьне, і прывесьці праведнасьць вечную, і запячатаць відзежы і прароцтвы, і памазаць Сьвятое Сьвятых.
 
Семдзесят тыдняў вызначана твайму народу і сьвятому гораду твайму, каб пакрыта было злачынства, мера грахоў перапоўнілася і спакутавана віна, і каб прыведзена была вечная праўда і спраўдзіліся ўява і прарок і каб памазаны быў Сьвяты Сьвятых.

Дык ведай і разумей: ад выхаду слова пра вяртаньне і адбудову Ерусаліму да Памазанца Правадыра — сем тыдняў і шэсцьдзясят два тыдні, і вернецца [народ], і будзе адбудаваная плошча і мур, але ў цяжкія часы.
 
Дык ведай і разумей: ад часу, як выйдзе загад, каб адбудаваць Ерусалім, да Хрыста Ўладара сем тыдняў і шэсьцьдзясят два тыдні; і вернецца народ і адбудуюцца вуліцы і муры, але ў цяжкія часіны.

І пасьля шасьцідзесяці двух тыдняў будзе забіты Памазанец, і ня будзе Яго, а горад і сьвятыню зьнішчыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец ягоны — як паводка, і аж да канца вайны вызначана [быць] спусташэньням.
 
І як скончацца шэсьцьдзясят два тыдні, аддадзены будзе на сьмерць Хрыстос, і ня будзе; а горад і сьвятыню разбурыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец яго будзе як ад паводкі, і да канца вайны будуць спусташэньні.

Ён зацьвердзіць запавет для многіх у адзін тыдзень, і ў палове тыдня спыніцца ахвяра крывавая і ахвяра хлебная, і на крыле [сьвятыні] будзе агіда спусташэньня аж да канца, калі вызначаны [прысуд] выльецца на спусташальніка».
 
І зацьвердзіць запавет многім адзін тыдзень, а за паўтыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне, і на крыле сьвятыні будзе гідота запусьценьня, пакуль канчатковая вызначаная пагібель не спадобіць спусташальніка».