Данііла 6 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Спадабалася Дарыю паставіць над валадарствам сто дваццаць князёў, якія будуць над усім валадарствам,
Заўгодна было Дарыю паставіць над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб яны былі ва ўсім царстве,
а над імі — трох маршалкаў, адным з якіх [быў] Данііл, каб гэтыя князі давалі справаздачы ім і каб валадар ня меў ніякай страты.
а над імі трох князёў, — адзін зь якіх быў Данііл, — каб сатрапы давалі ім адказ, і каб цару ня было ніякага клопату.
Гэты Данііл пераўзыходзіў маршалкаў і князёў, бо ў яго быў дух надзвычайны, і валадар думаў паставіць яго над усім валадарствам.
Данііл пераўзыходзіў астатніх князёў і сатрапаў, бо ў ім быў высокі дух, і цар задумваў ужо паставіць яго над усім царствам.
Тады маршалкі і князі шукалі прычыны, каб абвінаваціць Данііла ў справах валадарства, але ніякай прычыны ці заганы не маглі знайсьці, бо ён быў верны, і ніякае занядбаньне ці загана не былі знойдзены ў ім.
Тады князі і сатрапы пачалі шукаць зачэпкі, каб абскаржыць Данііла ў кіраваньні царствам; але ніякай зачэпкі і пахібы знайсьці не маглі, бо ён быў верны, і ніякай пахібы альбо віны не аказвалася на ім.
Тады сказалі тыя людзі: «Мы ня знойдзем супраць Данііла гэтага нейкую прычыну [для абвінавачваньня], хіба толькі знойдзем нешта супраць яго ў Законе Бога ягонага».
І гэтыя людзі сказалі: «не знайсьці нам зачэпкі супроць Данііла, калі мы ня знойдзем яе супроць яго ў законе ягонага Бога».
Тады тыя маршалкі і князі пасьпяшаліся да валадара і гэтак сказалі яму: «Дарый валадар, жыві на вякі!
Тады гэтыя князі і сатрапы падступіліся да цара і так сказалі яму: «цар Дарый, вавекі жыві!
Парадзіліся ўсе маршалкі валадарства, начальнікі, князі, раднікі і ваяводы, каб выдаць пастанову валадарскую і зрабіць пастанову, што калі хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць просьбаю якога бога або чалавека, а не цябе, валадару, той будзе кінуты ў роў з ільвамі.
Усе князі царства, намесьнікі, сатрапы, дарадцы і ваеначальнікі згадзіліся паміж сабою, каб была зроблена царская пастанова і выдадзены загад, каб, хто трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека, акрамя цябе, цару, таго кінуць у львіную яму.
Цяпер, валадару, зацьвердзь пастанову і падпішы ліст, які ня можа быць зьменены, як закон Мідзянаў і Пэрсаў, які не зьмяняецца».
Дык вось, сьцьвердзі, цару, гэтую забарону і падпішы ўказ, каб ён быў нескасавальны, як закон Мідыйскі і Персідскі, і каб ён ня быў парушаны».
Тады валадар Дарый падпісаў ліст і пастанову.
Цар Дарый падпісаў указ і гэтую забарону.
А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны ліст, пайшоў у дом свой, і вокны ў пакоі ягоным былі адчыненыя ў бок Ерусаліму, і тройчы ў дзень ён схіліў калені свае і маліўся, і дзякаваў Богу свайму так, як рабіў перад гэтым.
А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны такі ўказ, пайшоў у свой дом; а вокны ў сьвяцёлцы ягонай былі адчынены супроць Ерусаліма, і ён тры разы на дзень схіляў калені і маліўся свайму Богу і славіў Яго, як ён рабіў гэта і да таго.
Тады мужы тыя пасьпяшаліся і знайшлі Данііла, які ўзносіў просьбы і маленьні да Бога свайго.
Тады гэтыя людзі падсачылі і знайшлі Данііла, як ён маліўся і прасіў свайго Бога,
Тады яны наблізіліся і сказалі валадару пра пастанову валадарскую: «Ці ж ты не падпісаў пастанову, што кожны чалавек, які будзе прасіць на працягу трыццаці дзён [гэтых] якога бога або чалавека, а не цябе, валадару, будзе кінуты ў роў з ільвамі?» Валадар адказаў і сказаў: «Праўдзівае слова гэтае, як закон Мідзянаў і Пэрсаў, які не зьмяняецца».
потым прыйшлі і сказалі цару пра царскую забарону: «ці ня ты падпісаў указ, каб кожнага чалавека, які трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека акрамя цябе, цару, у львоўнік?» Цар адказаў і сказаў: «гэта слова цьвёрдае, як закон Мідзянаў і Персаў, што ня можа быць зьменены».
Тады яны адказалі і сказалі перад валадаром: «Данііл, які з сыноў выгнаньня Юдэйскага, не зважае на пастанову тваю, валадару, і на забарону, якую ты падпісаў, але тройчы ў дзень узносіць малітву сваю».
Тады адказвалі яны і сказалі цару, што «Данііл, які — з палонных сыноў Юдэі, не зважае ні на цябе, цару, ні на ўказ, табою падпісаны, а тры разы на дзень моліцца сваімі малітвамі».
Калі валадар пачуў гэтыя словы, ён вельмі засмуціўся, і да Данііла прыхіліў сэрца, каб выратаваць яго, і намагаўся аж да заходу сонца вызваліць яго.
Цар, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся і паклаў сабе на сэрца ўратаваць Данііла, і аж да захаду сонца вельмі намагаўся вызваліць яго.
Тады тыя людзі пасьпяшаліся да валадара і сказалі валадару: «Ведай, валадару, што паводле закону Мідзянаў і Пэрсаў ніякая забарона і пастанова, якая пастаноўленая валадаром, ня могуць быць зьменены».
А тыя людзі падступіліся да цара і сказалі яму: «ведай, цару, што паводле закона Мідзянаў і Персаў ніякая забарона або пастанова, зацьверджаная царом, ня можа быць зьменена».
Тады валадар сказаў, і прывялі Данііла, і кінулі ў роў з ільвамі. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Бог твой, Якому ты заўжды служыш, няхай выратуе цябе».
Тады цар загадаў, і прывялі Данііла і ўкінулі ў львіную яму: пры гэтым цар сказаў Даніілу: «твой Бог, Якому ты заўсёды служыш, Ён выратуе цябе!»
І быў прынесены адзін камень, і быў паложаны на адтуліну рову, і валадар запячатаў яе сыгнэтам сваім і сыгнэтам магнатаў сваіх, каб нічога не магло быць зьменена адносна Данііла.
І прынесьлі камень і паклалі на атворыну ямы, і цар запячатаў яе сваім пярсьцёнкам і пярсьцёнкамі вяльможаў сваіх, каб нішто не перамянілася ў распарадзе пра Данііла.
Пасьля пайшоў валадар у палац свой і правёў ноч у посьце, і музычных інструмэнтаў не прыносілі да яго, і сон ягоны адыйшоў ад яго.
Пасьля цар пайшоў у свой палац, лёг спаць не вячэраўшы і нават не дазволіў уносіць яму ежу, і сон ня йшоў да яго.
Тады валадар устаў на золку і пасьпешліва пайшоў да рову з ільвамі.
Раніцай цар устаў на сьвітаньні і пасьпешліва пайшоў да львоўніка
І, падыйшоўшы да рову, ён крыкнуў голасам жалосным да Данііла. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Данііл, слуга Бога Жывога! Бог твой, Якому ты заўжды служыш, ці змог выратаваць цябе ад ільвоў?»
і, падышоўшы да рова, жаласным голасам клікнуў Данііла, і сказаў цар Даніілу: «Данііле, рабе Бога жывога! Бог твой, Якому ты заўсёды служыш, ці мог цябе ўратаваць ад ільвоў?»
Тады прамовіў Данііл да валадара: «Валадару, жыві на вякі!
Тады Данііл сказаў цару: «цару, вавекі жыві!
Бог мой паслаў анёла Свайго і зачыніў пашчы ільвоў, і яны не пашкодзілі мне, бо нявіннасьць перад Ім была знойдзена ў-ва мне, і табе, валадару, я не зрабіў шкоды».
Бог мой паслаў Свайго анёла і замкнуў пашчы львам, і яны не пашкодзілі мне, бо я быў перад Ім чысты, ды і перад табою, цару, я не зрабіў злачынства».
Тады валадар моцна ўсьцешыўся і сказаў, каб вывелі Данііла з рову; і Данііл быў выцягнуты з рову, і ніякага пашкоджаньня не знайшлі на ім, бо ён верыў у Бога свайго.
Тады цар дужа ўзрадаваўся за яго і загадаў падняць Данііла зь ямы; і ніякай пашкоды ня знойдзена на ім, бо ён верыў у Бога свайго.
І сказаў валадар, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі зласьліва Данііла, і кінулі ў роў з ільвамі іх, сыноў іхніх і жонак іхніх; і не дасягнулі яны яшчэ дна рову, як схапілі іх ільвы і патрушчылі ўсе косткі іхнія.
І загадаў цар, і прывялі тых людзей, якія абскардзілі Данііла, і ўкінулі ў львоўнік, як іх самых, так і дзяцей іхніх і жонак іхніх; і не дасталі яны яшчэ да дна ямы, як ільвы пахапалі іх і патрушчылі ўсе іх косьці.
Тады Дарый валадар напісаў усім народам, плямёнам і мовам, якія жылі на ўсёй зямлі: «Супакой ваш няхай памножыцца!
Пасьля таго цар Дарый напісаў усім народам, плямёнам і родам, што жылі на ўсёй зямлі: «няхай мір вам памножыцца!
Ад мяне выдадзены загад, каб паўсюль, дзе ўлада валадарства майго, усе трымцелі і баяліся перад Богам Данііла, бо Ён — Бог Жывы, Які існуе вечна, і валадарства Ягонае ня будзе зьнішчана, і ўлада Ягоная ня мае канца.
Мною даецца загад, каб у кожнай мясьціне майго царства трымцелі і баяліся перад Богам Даніілавым, бо Ён ёсьць Бог Жывы і Вечнаісны, і царства Яго нязьнішчальнае, і валадарства Яго бясконцае.
Ён ратуе і вызваляе, і робіць і цуды ў небе і на зямлі, бо Ён выратаваў Данііла ад ільвоў».
Ён выбаўляе і ратуе і ўчыняе цуды і азнакі на небе і на зямлі; Ён уратаваў Данііла ад ільвінае сілы».
І гэты Данііл меў поспех у [час] валадараньня Дарыя і валадараньня Кіра Пэрса.
І Данііл меў посьпех і ў цараваньне Дарыя і ў цараваньне Кіра Персідскага.