Лявіт 2 разьдзел
Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі хто захоча скласьці ахвяру хлебную ГОСПАДУ, няхай прынясе пшанічнай мукі, зьмяшае яе з алеем і дадасьць да яе кадзіла,
Калі якая-небудзь душа хоча прынесьці Госпаду ахвяру прынашэньня хлебнага, няхай прынясе пшанічнай мукі, і вылье на яе алею, і пакладзе на яе лівану,
потым прынясе яе да сьвятароў, сыноў Аарона, і возьме сьвятар поўную жменю мукі з алеем і з усім кадзілам і спаліць гэта як памятную частку на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
і прынясе яе да сыноў Ааронавых, сьвятароў, і возьме поўную жменю мукі з алеем і з усім ліванам, і спаліць гэта сьвятар у памяць на ахвярніку; гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду;
А што застанецца ад ахвяры хлебнай, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта сьвятое сьвятых з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА.
а рэшту з прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх.
Калі захочаш скласьці ахвяру хлебную, з мукі, печанай у печы, няхай гэта будуць праснакі, запраўленыя алеем, ці аладкі прэсныя, памазаныя алеем.
А калі прыносіш ахвяру прынашэньня хлебнага зь печанага ў печы, дык прынось пшанічныя хлябы прэсныя, зьмяшаныя з алеем, і ляпёшкі прэсныя, памазаныя алеем.
Калі ахвяра тая будзе з патэльні, няхай будзе з пшанічнай мукі, няквашанай, запраўленай алеем.
Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з патэльні, дык гэта павінна быць пшанічная мука, зьмяшаная з алеем, прэсная,
Падзеліш яе на кавалкі і пальеш яе алеем. Гэта ахвяра хлебная.
паламай яе на кавалкі і вылі на яе алею: гэта прынашэньне хлебнае.
Калі ахвяра твая будзе ў гаршчку смажаная, няхай яна будзе з мукі, запраўленай алеем.
Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з горшчыка, дык трэба зрабіць яго з пшанічнай мукі з алеем,
Тады прынясеш гэтак прыгатаваную ахвяру ГОСПАДУ і аддасі яе ў рукі сьвятара, а ён прынясе яе да ахвярніка;
і прынясі прынашэньне, якое з гэтага складзена, Госпаду; падай гэта сьвятару, і ён прынясе яго да ахвярніка;
і возьме сьвятар памятную частку яе, і спаліць на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
і возьме сьвятар з гэтай ахвяры частку ў памяць і спаліць на ахвярніку: гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду;
А ўсё, што застанецца, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта сьвятое сьвятых з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА.
а рэшту прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх.
Усякая ахвяра з мукі, якую складаеце Госпаду, няхай ня будзе квашанай, бо анічога квашанага, ані мёду не павінны вы паліць у ахвяру ГОСПАДУ.
Ніякага прынашэньня хлебнага, што прыносіце Госпаду, не рабеце квашанага, бо ні квашанага, ні мёду не павінны вы спальваць у ахвяру Госпаду;
Прыносьце гэтыя рэчы як пяршыны, як дары ГОСПАДУ, але не кладзіце іх на ахвярнік, каб паліць на пах прыемны.
як прынашэньне пачаткаў прыносьце іх Госпаду, а на ахвярнік нельга ўзносіць іх як прыемную духмянасьць.
Кожную ахвяру, якую складаеш з ежы, пасалі сольлю. І не пакідай хлебнай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго. Кожную ахвяру тваю пасалі сольлю.
Усякае прынашэньне тваё хлебнае салі сольлю і не пакідай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго: пры ўсякім прынашэньні тваім прынось соль.
Калі прыносіш ахвяру з пяршынаў пладоў тваіх ГОСПАДУ, прынось каласы, высушаныя на агні, або тоўчанае зерне як ахвяру хлебную,
Калі прыносіш Госпаду прынашэньне хлебнае зь першых пладоў, прынось у ахвяру дар ад першых пладоў тваіх з калосься, высушанага на агні, патоўчанае зерне,
палі іх алеем і палажы на іх кадзіла. Гэта ахвяра хлебная.
і вылі на яго алею, і пакладзі на яго лівану: гэта прынашэньне хлебнае;
І спаліць сьвятар як памятную частку з тоўчанага зерня і алею з усім кадзілам. Гэта ахвяра агнявая для ГОСПАДА.
і спаліць сьвятар у памяць частку зерня і алею з усім ліванам: гэта ахвяра Госпаду.