Лявіт 23 разьдзел
Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Гэта сьвяты ГОСПАДА, у якія вы будзеце склікаць сходы сьвятыя; гэта сьвяты Мае.
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім пра сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы. Вось сьвяты Мае:
Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень — супачынак супачынку, сход сьвяты, ня будзеце зусім працаваць, бо гэта супачынак ГОСПАДА ў-ва ўсіх сядзібах вашых.
шэсьць дзён можна працаваць, а на сёмы дзень субота спакою, сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; гэта субота Гасподняя ва ўсіх селішчах вашых.
Вось сьвяты ГОСПАДА, сходы сьвятыя, якія павінны вы сьвяткаваць у свой час.
Вось сьвяты Гасподнія, сьвяшчэнныя сходы, якія вы павінны склікаць у свой час:
У першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца, вечарам Пасха ГОСПАДА.
у першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары Пасха Гасподняя;
А ў пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята Праснакоў для ГОСПАДА. Сем дзён будзеце есьці праснакі.
і на пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята праснакоў Госпаду; сем дзён ежце праснакі;
У першы дзень будзе ў вас сход сьвяты; ня будзеце выконваць ніякай працы штодзённай,
у першы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;
але сем дзён будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяры агнявыя. У сёмы ж дзень будзе сход сьвяты, ніякай працы штодзённай ня будзеце рабіць”».
і сем дзён прыносьце ахвяры Госпаду; і на сёмы дзень таксама сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце жаць збожжа, прынясіце сьвятару першы сноп жніва вашага.
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара;
Ён патрасе сноп перад абліччам ГОСПАДА, каб Ён прыняў яго; у другі дзень пасьля суботы прынясе ён яго.
ён падыме гэты сноп перад Госпадам, каб здабыць вам упадабаньне; на другі дзень сьвята падыме яго сьвятар;
І ў той дзень, у якім будзеце патрэсваць сноп, складзіцё ў ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ ягня аднагадовае без заганы,
і ўдзень уздыманьня прынясеце на цэласпаленьне Госпаду ягня-адналетка, без пахібы,
і ахвяру хлебную з двух дзясятых эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ, і ахвяру вадкую, чвэрць гіна віна.
і зь імі хлебнага прынашэньня дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у ахвяру Госпаду, дзеля прыемнай духмянасьці, і выліваньне да яго чвэрць гіна віна;
Аж да гэтага дня ня будзеце есьці ані хлеба, ані пражанага зерня, ані сырога зерня, пакуль не складзеце дар Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленьням вашым у-ва ўсіх сядзібах вашых.
і ніякага новага хлеба, ні сушанага зерня, ні зерня сырога ня ежце да таго дня, калі прынесяце прынашэньні Богу вашаму: гэта вечная пастанова ў роды вашыя ва ўсіх селішчах вашых.
Адлічыце сабе ад другога дня пасьля суботы, ад дня, у які прынесяцё снапы для патрэсваньня, сем поўных тыдняў,
Адлічэце сабе ад першага дня пасьля сьвята, ад таго дня, калі прыносіце сноп трасеньня, сем поўных тыдняў,
аж да дня пасьля сёмай суботы адлічыце пяцьдзясят дзён, і тады складзіце новую ахвяру хлебную для ГОСПАДА.
да першага дня пасьля сёмага тыдня адлічэце пяцьдзясят дзён, і тады прынясеце новае хлебнае прынашэньне Госпаду:
Прынясіце з сядзібаў вашых па два хлябы для патрэсваньня, кожны з двух дзясятых эфы мукі квашанай, якія будуць сьпечаныя як пяршыны ГОСПАДУ.
ад селішчаў вашых прыносьце два хлебныя прынашэньні, якія павінны складацца зь дзьвюх дзясятых долі эфы пшанічнай мукі і павінны быць сьпечаныя кіслыя, першы плод Госпаду;
Апрача хлеба складзіце ў ахвяру сем бараноў без заганы, аднагадовых, аднаго маладога бычка і двух бараноў. Яны будуць ахвяраю цэласпаленьня ГОСПАДУ разам з ахвяраю хлебнаю і з ахвяраю вадкай. Будзе гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
разам з хлябамі пастаўце сем ягнят без пахібы, адналетак, і з буйнога быдла адно цяля і двух бараноў; хай будзе гэта на цэласпаленьне Госпаду, і хлебнае прынашэньне і выліваньне да іх, у ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.
Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і двух ягнятаў аднагадовых як ахвяру мірную.
Падрыхтуйце таксама са статку коз аднаго казла ў ахвяру за грэх і двух ягнят-адналетак у ахвяру мірную;
Сьвятар патрасе іх перад ГОСПАДАМ разам з хлябамі пяршынаў і разам з двума ягнятамі; будзе гэта пасьвячоным для ГОСПАДА [на ўжытак] сьвятара.
сьвятар павінен прынесьці гэта, трасучы перад Госпадам, разам з трасёнымі хлябамі першага плоду і з двума ягнятамі, і гэта будзе сьвятыняю Госпаду: сьвятару;
У той самы дзень склічце сход, гэта будзе для вас сход сьвяты. Ніякай працы штодзённай ня будзеце рабіць. Гэта пастанова вечная на ўсякім месцы пражываньня вашага ў-ва ўсіх пакаленьнях вашых.
і склікайце народ у гэты дзень, сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ва ўсіх селішчах вашых у роды вашыя.
Калі будзеце жаць у зямлі вашай, ня будзеш дажынаць да мяжы поля твайго і ня будзеш зьбіраць да рэшты каласоў на жніве тваім. Пакіньце іх убогім і прыхадням. Я — ГОСПАД, Бог ваш”».
Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, калі жнеш, і рэштак ад жніва твайго не зьбірай: беднаму і прыхадню пакінь гэта. Я Гасподзь, Бог ваш.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Прамоў да сыноў Ізраіля, кажучы: “У першы дзень сёмага месяца будзе ў вас супачынак, сход сьвяты пры гуку трубаў.
скажы сынам Ізраілевым: у сёмы месяц, у першы дзень месяца хай будзе ў вас спакой, сьвята трубаў, сьвяшчэнны сход;
Ня будзеце рабіць аніякай працы штодзённай, але будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру агнявую”».
ніякай працы не рабеце і прыносьце ахвяру Госпаду.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Вось, у дзясяты дзень гэтага самага сёмага месяца будзе Дзень Перамольваньня, і будзе ў вас сход сьвяты. І будзеце ўпакорваць душы вашыя і складаць ГОСПАДУ ахвяры агнявыя.
таксама на дзявяты дзень сёмага месяца гэтага, дзень ачышчэньня, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце душы вашыя і прыносьце ахвяру Госпаду:
Ня будзеце рабіць у той дзень аніякай працы, бо гэта Дзень Перамольваньня, дзеля перамольваньня за вас перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага.
ніякай працы не рабеце ў дзень гэты, бо гэта дзень ачышчэньня, каб ачысьціць вас перад абліччам Госпада, Бога вашага;
Усякая душа, якая ня будзе ўпакорваць [сябе] ў той дзень, будзе вынішчана спасярод народу свайго.
і ўсякая душа, якая не ўпакорыць сябе ў дзень гэты, зьнішчыцца з народу свайго;
І кожную душу, якая будзе рабіць працу ў той дзень, Я вынішчу спасярод народу яе.
і калі якая душа будзе рабіць якую-небудзь працу ў дзень гэты, Я зьнішчу тую душу з народу яе;
Ніякай працы ня будзеце рабіць. Гэта пастанова вечная ў-ва ўсіх пакаленьнях вашых у-ва ўсіх сядзібах вашых.
ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых;
Гэта супачынак супачынкаў для вас. І будзеце ўпакорваць душы вашыя з вечара дзявятага дня месяца; з вечара да вечара дзясятага дня месяца будзеце сьвяткаваць суботу вашую».
гэта вам субота спакою, і ўпакорвайце душы вашыя, зь вечара дзявятага дня месяца; ад вечара да вечара сьвяткуйце суботу вашую.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Прамоў да сыноў Ізраіля, кажучы: “У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца сьвята Намётаў, сем дзён для ГОСПАДА.
скажы сынам Ізраілевым, зь пятнаццатага дня таго самага сёмага месяца сьвята кучак, сем дзён Госпаду;
У першы дзень — сход сьвяты; не рабіце ніякай працы штодзённай.
у першы дзень сьвяшчэнны сход, ніякай працы не рабеце;
Сем дзён складайце ахвяры агнявыя ГОСПАДУ. У восьмы дзень будзе ў вас сход сьвяты, і складзіце ахвяру агнявую ГОСПАДУ. Гэта ўрачысты сход, не рабіце ніякай працы штодзённай.
сем дзён прыносьце ахвяру Госпаду; на восьмы дзень сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, і прыносьце ахвяру Госпаду: гэта адданьне сьвята, ніякай працы не рабеце.
Гэта сьвяты ГОСПАДА, у якія вы будзеце склікаць сходы сьвятыя, у якія будзеце складаць ахвяры агнявыя ГОСПАДУ: цэласпаленьні, ахвяры хлебныя, ахвяры крывавыя і ахвяры вадкія, кожную ў свой дзень,
Вось сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы, каб прыносіць у ахвяру Госпаду цэласпаленьне, хлебнае прынашэньне, заколатыя ахвяры і паліваньні, кожнае ў свой дзень,
апрача суботаў ГОСПАДАВЫХ і апрача дароў вашых, і апрача ўсяго, што будзеце ахвяроўваць паводле шлюбаваньня або дабраахвотна ГОСПАДУ.
апрача субот Гасподніх і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх абяцаньняў вашых і апрача ўсяго, што прыносіце з руплівасьці вашай, што вы даяце Госпаду.
У пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі зьберыцё плады зямлі, будзеце сьвяткаваць урачыстасьць ГОСПАДА сем дзён; у першы дзень і ў восьмы будзе супачынак.
А на пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі вы зьбіраеце творы зямлі, сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён: у першы дзень спакой і ў восьмы дзень спакой;
У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэваў, лісты пальмавыя і галіны дрэваў густых і вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, сем дзён.
у першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся прад Госпадам, Богам вашым сем дзён
Будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята штогод сем дзён. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. У сёмы месяц будзеце сьвяткаваць гэтае [сьвята].
і сьвяткуйце гэта сьвята Гасподняе сем дзён у год: гэта пастанова вечная ў роды вашыя: на сёмым месяцы сьвяткуйце яго;
Сем дзён будзеце жыць у намётах. Кожны, хто з роду Ізраіля, будзе жыць у намёце,
у намётах жывеце сем дзён; кожны тубылец Ізраільцянін павінен жыць у намёце,
каб памяталі пакаленьні вашыя, што загадаў Я сынам Ізраіля жыць у намётах, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!”»
каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.
Гэта прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля пра ўрачыстасьці ГОСПАДА.
І абвясьціў Майсей сынам Ізраілевым пра сьвяты Гасподнія.