Лявіт 22 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Прамоў да Аарона і да сыноў ягоных, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраіля і не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я — ГОСПАД.
 
скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны асьцярожныя былі са сьвятынямі сыноў Ізраілевых і не зьневажалі сьвятога імя Майго ў тым, што яны прысьвячаюць Мне. Я Гасподзь.

Скажы ім, каб ведалі пакаленьні вашыя: “Калі нехта з нашчадкаў вашых наблізіцца да рэчаў сьвятых, якія сыны Ізраіля пасьвячаюць ГОСПАДУ, а нячыстасьць ягоная на ім, такая душа будзе вынішчана спрад аблічча Майго. Я — ГОСПАД.
 
Скажы ім: калі хто з нашчадкаў вашых у роды вашыя, маючы на сабе нячыстасьць, падступіцца да сьвятыняў, якія прысьвячаюць сыны Ізраілевыя Госпаду, дык зьнішчыцца душа тая ад аблічча Майго. Я Гасподзь.

Ніводзін з насеньня Аарона, які пракажоны або мае выцёкі, ня будзе есьці сьвятых [дароў], пакуль не ачысьціцца. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,
 
Хто зь семя Ааронавага пракажоны, альбо мае цечыва, той не павінен есьці сьвятыняў, пакуль не ачысьціцца; і хто дакранецца да чаго-небудзь нячыстага ад мёртвага альбо ў каго здарыцца цеча семені,

або хто дакранецца паўзуна, якім занячысьціцца, або чалавека, які зрабіў бы яго нячыстым нячыстасьцю сваёю,
 
альбо хто дакранецца да якога-небудзь гада, ад якога ён зробіцца нячысты, альбо да чалавека, ад якога ён зробіцца нячысты якой-колечы нячыстасьцю, —

душа, якая дакранецца гэтага, будзе нячыстай аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых [дароў], пакуль не абмые цела сваё ў вадзе.
 
той, дакрануўшыся да гэтага, нячысты будзе да вечара і не павінен есьці сьвятыняў раней, чым абмые цела сваё вадою;

Пасьля заходу сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя [дары], бо яны ёсьць ежай ягонаю.
 
але калі зойдзе сонца, і ён ачысьціцца, тады можа ён есьці сьвятыні, бо гэта ягоная ежа.

Ня будзе ён есьці падліны ані разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта станецца нячысты. Я — ГОСПАД.
 
Здыхляціны і зьвераядзіны ён не павінен есьці, каб не апаганіцца гэтым. Я Гасподзь.

Няхай захоўваюць загады Мае, каб ня мелі грэху і каб не памерлі з прычыны таго, што зьняважаць іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх.
 
Хай шануюць яны загады Мае, каб не панесьці на сабе грэху і не памерці ў ім, калі парушаць гэта. Я Гасподзь, Які асьвячае іх.

Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых [дароў]; ані той, што жыве ў сьвятара, ані найміт ня будзе есьці сьвятых рэчаў.
 
Ніхто староньні ня можа есьці сьвятыні; той, хто пасяліўся ў сьвятара, і найміт не павінен есьці сьвятыні;

Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме ягоным могуць есьці хлеб ягоны.
 
калі ж сьвятар купіць сабе чалавека за срэбра, дык гэты можа есьці яе; таксама і дамачадцы могуць есьці хлеб ягоны.

Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.
 
Калі дачка сьвятарова выйдзе замуж за староньняга, дык яна не павінна есьці прынесеных сьвятыняў;

Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як у маладосьці сваёй, будзе жывіцца хлебам бацькі свайго. Але ніхто чужы ня будзе есьці яго.
 
а калі дачка сьвятаровая будзе ўдава, альбо разьведзеная, і дзяцей ня будзе ў яе, і вернецца ў дом бацькі свайго, як была ў маладосьці сваёй, тады яна можа есьці хлеб бацькі свайго; і ніхто староньні не павінен есьці яго.

Калі ж нехта несьвядома зьесьць сьвятое, дадасьць пятую частку яго [вартасьці] і аддасьць сьвятое сьвятару.
 
хто памылкова зьесьць што-колечы зь сьвятыні, той павінен аддаць сьвятару сьвятыню і дадаць да яе пятую долю яе.

[Сьвятары] ня будуць паганіць сьвятых дароў, якія сыны Ізраіля складаюць у ахвяру ГОСПАДУ,
 
Сьвятары самыя не павінны ганьбіць сьвятыні сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць Госпаду,

і ня будуць сьцягваць на іх віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх”».
 
і не павінны наклікаць на сябе віну ў злачынстве, калі будуць есьці сьвятыні свае, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх.

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Прамоў да Аарона, і да сыноў ягоных, і да ўсіх сыноў Ізраіля, і скажы ім: “Калі хто з дому Ізраіля або спаміж прыхадняў, якія ў Ізраілі, паводле шлюбаваньня або як дар дабраахвотны свой складае ахвяру сваю, якую прыносіць ГОСПАДУ на цэласпаленьне,
 
абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага, альбо з прыхадняў сярод Ізраільцянаў, хай паводле абяцаньня якога, альбо з руплівасьці прыносіць ахвяру сваю, якую прыносяць Госпаду на цэласпаленьне,

каб яна была прынятаю, мусяць прынесьці самца без заганы мужчынскага роду з валоў, бараноў ці козаў.
 
дык, каб гэтым набыць упадабаньне ў Бога, ахвяра павінна быць без пахібы, мужчынскага полу, з буйнога быдла, з авечак і з коз.

Ніякай жывёлы, якая мае загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна прынятая.
 
ніякай жывёліны, на якой ёсьць пахіба, ня прыносьце, бо гэта не здабудзе вам упадабаньня.

Калі хто захоча скласьці ГОСПАДУ ахвяру мірную, каб споўніць шлюбаваньне або як дар дабраахвотны, ці гэта з валоў, ці з авечак, няхай будзе яна без заганы, каб была прынятай.
 
І калі хто прыносіць мірную ахвяру Госпаду, выконваючы абяцаньне, альбо з руплівасьці, з буйнога быдла альбо з дробнага, дык ахвяра павінна быць без пахібы, каб быць даспадобы Богу: ніякай пахібы не павінна быць на ёй;

Ня будзеце складаць ГОСПАДУ ў ахвяру жывёлаў сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлаў складаць на ахвярніку ў ахвяру агнявую для ГОСПАДА.
 
жывёліны сьляпое, альбо пашкоджанай, альбо выродлівай, альбо хворай, альбо кароставай, альбо пархатай, такіх ня прыносьце Госпаду і ў ахвяру не давайце іх на ахвярнік Гасподні;

Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабраахвотную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.
 
цяля і ягня з чэлесамі, непамерна доўгімі альбо кароткімі, у ахвяру руплівасьці прынесьці можаш; а калі паводле абяцаньня, дык гэта недаспадобы будзе Богу;

Жывёлу, у якой яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру ГОСПАДУ. І ня будзеце такога рабіць у зямлі вашай,
 
жывёліны, у якое яйкі раздушаныя, разьбітыя, адарваныя, альбо выразаныя, ня прыносьце Госпаду і ў зямлі вашай не рабеце гэтага;

ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлаў як хлеб Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і ня будуць яны прынятыя”».
 
і з рук іншаземцаў ня прыносьце дароў Богу вашаму, бо на іх ёсьць хібіна, загана на іх: ня будуць яны прынятыя ад вас.

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прынятае як ахвяра агнявая для ГОСПАДА.
 
калі народзіцца цяля, альбо ягня, альбо казьляня, дык сем дзён яны павінны прабыць пры маці сваёй, а з восьмага дня і далей будзе спадобнае на прынясеньне ў ахвяру Госпаду;

Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым.
 
але ні каровы, ні авечкі не калеце ў той самы дзень з прыплодам яе.

Калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прынятай;
 
Калі прыносіце Госпаду ахвяру падзякі, дык прыносьце яе так, каб яна здабыла вам упадабаньне;

у той самы дзень зьешце яе; няхай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — ГОСПАД.
 
таго ж самага дня трэба зьесьці яе, не пакідайце яе да раніцы. Я Гасподзь.

Захоўвайце прыказаньні Мае і выконвайце іх. Я — ГОСПАД.
 
І шануйце запаведзі Мае і выконвайце іх. Я Гасподзь.

Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас
 
Не зьневажайце сьвятога імя Майго, каб Я быў сьвяты сярод сыноў Ізраілевых. Я Гасподзь, Які асьвячае вас,

і Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД».
 
Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь.