Лявіт 15 разьдзел
Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
«Аб’явіце сынам Ізраіля і скажыце ім: “Мужчына, які мае выцёкі з цела свайго, нячысты.
абвясьцеце сынам Ізраілевым і скажэце ім: калі ў каго будзе цеча зь цела ягонага, дык ад цечы сваёй ён нячысты.
Нячыстасьць яго ў выцёках ягоных, калі цела ягонае дапускае выцёк, ці калі затрымоўваецца выцёк у целе; гэта нячыстасьць ягоная.
І вось закон пра нячыстасьць яго ад цечы ягонай: калі цячэ зь цела яго цеча ягоная, і калі затрымліваецца ў целе яго цеча ягоная, гэта нячыстасьць яго;
Кожны ложак, на якім ляжаў той, хто мае выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсякая рэч, на якой ён сядзеў.
усякая пасьцель, на якую ляжа цечыўны, нячыстая, і ўсякая рэч, на якую сядзе, нячыстая;
Кожны, хто дакранецца ложка ягонага, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
і хто дакранецца да пасьцелі ягонай, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
Той, хто сеў на рэчы, на якіх сядзеў той, хто мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
хто сядзе на якую-небудзь рэч, на якой сядзеў цечыўны, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
Той, хто дакранецца цела чалавека, які мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
і хто дакранецца да цела цечыўнага, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
Калі той, хто мае выцёкі, плюне на [чалавека] чыстага, той няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
калі цечыўны плюне на чыстага, дык гэты павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
Кожнае сядло, на якім сядзеў [чалавек], што мае выцёкі, будзе нячыстае.
і ўсякая падвода, на якой ехаў цечыўны, нячыстая;
Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
і кожны, хто дакранецца да чаго-небудзь, што было пад ім, нячысты будзе да вечара; і хто панясе гэта, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
Кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
і кожны, да каго дакранецца цечыўны, не вымыўшы рук сваіх вадою, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
Кожны посуд гліняны, да якога дакранаецца той, хто мае выцёкі, няхай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны няхай будзе вымыты ў вадзе.
гліняны посуд, да якога дакранецца цечыўны, трэба разьбіць, і ўсякі драўляны посуд трэба вымыць вадою.
Калі той, хто мае выцёкі, паздаравее ад выцёкаў, тады няхай адлічыць сем дзён на ачышчэньне сваё, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.
А калі цечыўны вызваліцца ад цечы сваёй, тады павінен ён адлічыць сабе сем дзён на ачышчэньне сваё і вымыць вопратку сваю і цела сваё жывою вадою, і будзе чысты;
У восьмы дзень возьме дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча ГОСПАДА да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і аддасьць іх сьвятару.
і на восьмы дзень возьме ён сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прыйдзе перад аблічча Гасподняе да ўваходу ў скінію сходу, і аддасьць іх сьвятару;
Сьвятар складзе іх у ахвяру: аднаго — у ахвяру за грэх, другога — у ахвяру цэласпаленьня, і перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за выцёкі ягоныя.
і прынясе сьвятар з гэтых птушак адну ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад цечы ягонай.
Калі ў каго выльецца насеньне, няхай ён абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.
Калі ў каго здарыцца выліваньне семені, дык ён павінен абмыць вадою ўсё цела сваё і нячысты будзе да вечара;
І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на якую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.
і ўсякая вопратка і ўсякая скура, на якую трапіць семя, павінна быць вымыта вадою і нячыстая будзе да вечара.
Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насеньне, няхай абодва абмыюцца ў вадзе, і будуць нячыстыя да вечара.
Калі мужчына ляжа з жанчынаю і будзе ў яго выліваньне семені, дык яны павінны абмыцца вадою і нячыстыя будуць да вечара.
Калі жанчына мае цячэньне крыві з цела свайго, і гэта месячніца, яна сем дзён будзе ў нячыстасьці сваёй. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,
Калі жанчына мае цечу крыві, якая цячэ зь цела яе, дык яна павінна сядзець сем дзён пад час ачышчэньня свайго, і кожны, хто дакранецца да яе, нячысты будзе да вечара;
і ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні нячыстасьці сваёй, будзе нячыстым.
і ўсё, на што яна ляжа пад час ачышчэньня свайго, нячыстае; і ўсё, на што сядзе, нячыстае;
Хто дакранецца ложка ейнага, няхай памые адзеньне сваё і вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
і кожны, хто дакранецца да пасьцелі яе, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
і кожны, хто дакранецца да якой-небудзь рэчы, на якой яна сядзела, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
Калі хто дакранецца таго, што ляжала на ложку яе, або на рэчах, на якіх яна сядзела, будзе нячысты да вечара.
і калі хто дакранецца да чаго-небудзь на пасьцелі альбо на той рэчы, на якой яна сядзела, нячысты будзе да вечара;
Калі мужчына ляжа тады з ёю, нячыстасьць ейная будзе на ім, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на які ён ляжа, будзе нячысты.
калі перасьпіць зь ёю муж, дык нячыстасьць яе будзе на ім: ён нячысты будзе сем дзён, і кожная пасьцель, на якую ён ляжа, будзе нячыстая.
Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні і ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца, яна нячыстая ўсе гэтыя дні; як доўга будзе мець нячыстасьць сваю, будзе нячыстая.
Калі ў жанчыны цячэ кроў шмат дзён не пад час ачышчэньня яе, альбо калі яна мае цечу даўжэй звычайнага ачышчэньня свайго, яна нячыстая;
Кожны ложак, на якім будзе ляжаць яна падчас цячэньня крыві сваёй, і рэчы, на якіх будзе сядзець, будуць нячыстымі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.
усякая пасьцель, на якую яна ляжа пад час цечы сваёй, будзе нячыстая, гэтак сама як пасьцель пад час ачышчэньня яе; і ўсякая рэч, на якую яна сядзе, будзе нячыстая, як нячыстае гэта пад час ачышчэньня яе;
Хто дакранецца іх, будзе нячысты, няхай памые адзеньне сваё ў вадзе, і вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
і кожны, хто дакранецца да іх, будзе нячысты і павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою, і нячысты будзе да вечара.
Калі кроў спыніцца цячы, няхай яна адлічыць сем дзён, і потым будзе чыстая.
А калі яна вызваліцца ад цечыва свайго, тады павінна адлічыць сабе сем дзён і пасьля будзе чыстая;
У восьмы дзень возьме яна за сябе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.
на восьмы дзень возьме яна сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прынясе іх да сьвятара да ўваходу ў скінію сходу;
Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога — на цэласпаленьне, і перапросіць за яе сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за цячэньне нячыстасьці яе.
і прынясе сьвятар адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яе сьвятар перад Госпадам ад цечы нечысьці яе.
Аддзяляйце сыноў Ізраіля ад нячыстасьці іхняй, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы Сялібу Маю, якая ёсьць сярод іх.
Так засьцерагайце сыноў Ізраілевых ад нячыстасьці іх, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, апаганьваючы селішча Маё, якое сярод іх:
Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і стаецца нячыстым,
вось закон пра цечыўнага і пра тое, у каго здарыцца выліваньне семені, якое робіць яго нячыстым,
і адносна жанчыны, якая мае месячніцу, і адносна мужчыны і жанчыны, якія маюць выцёкі, і адносна мужчыны, які ляжа з жанчынай нячыстай”».
і пра тую, што пакутуе ачышчэньнем сваім, і пра цечыўных, мужчыну альбо жанчыну, і пра мужа, які перасьпіць з нячыстаю.