Лявіт 24 разьдзел
Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Загадай сынам Ізраіля, каб прынесьлі табе для сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, каб гарэлі лямпы [сьвечніка] заўсёды.
загадай сынам Ізраілевым, каб яны прынесьлі табе алею чыстага, выціснутага з алівы, дзеля асьвячэньня, каб няспынна гарэла сьвяцільня;
Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Намёце Спатканьня, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад абліччам ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.
за заслонай каўчэга адкрыцьця ў скініі сходу Аарон і сыны ягоныя павінны ставіць яе прад Госпадам ад вечара да раніцы заўсёды: гэта вечная пастанова ў роды вашыя;
Прыгатуе ён тыя лямпы на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад абліччам ГОСПАДА.
на сьвечніку чыстым павінны яны ставіць сьвяцільню перад Госпадам заўсёды.
Вазьмі таксама мукі і сьпячы з яе дванаццаць боханаў [хлеба]; у кожным бохане павінна быць дзьве дзясятых эфы.
І вазьмі пшанічнай мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінны быць дзьве дзясятых эфы;
І пакладзеш іх у два шэрагі, па шэсьць у кожным шэрагу, на чыстым стале перад абліччам ГОСПАДА,
і пакладзі іх у два рады, па шэсьць у рад, на чыстым стале прад Госпадам:
і пакладзеш на кожны шэраг найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.
і пакладзі на кожны рад чыстага лівану, і будзе гэта пры хлебе, у памяць, у ахвяру Госпаду;
У кожную суботу заўсёды будуць класьці іх перад абліччам ГОСПАДА як дар ад сыноў Ізраіля, як запавет вечны.
у кожны суботні дзень заўсёды трэба класьці іх перад Госпадам ад сыноў Ізраілевых: гэта наказ вечны;
Яны належаць Аарону і сынам ягоным, каб спажывалі іх у месцы сьвятым, бо гэта сьвятое сьвятых, гэта [належыць] яму спаміж ахвяраў агнявых для ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная».
Яны будуць належаць Аарону і сынам ягоным, якія будуць есьці іх на сьвятым месцы, бо гэта вялікая сьвятыня ім з ахвяраў Гасподніх: гэта пастанова вечная.
І выйшаў спаміж сыноў Ізраіля сын адной Ізраільцянкі, народжаны ад Эгіпцяніна. І ён пасварыўся ў табары з адным Ізраільцянінам,
І выйшаў сын адной Ізраільцянкі, які нарадзіўся ад Егіпцяніна, да сыноў Ізраілевых, і пасварыўся ў табары сын Ізраільцянкі зь Ізраільцянінам;
і сын Ізраільцянкі блюзьніў супраць імя [Госпада], і кляў Яго. І прывялі яго да Майсея. Імя маці ягонай — Шэляміт, дачка Дыбры, з калена Дана.
ганіў сын Ізраільцянкі імя Госпада і ліхасловіў. І прывялі яго да Майсея;
Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца, што [прамовяць] вусны ГОСПАДА.
і пасадзілі яго пад варту, пакуль ня будзе абвешчана ім воля Гасподняя.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Выведзі блюзьнерцу па-за табар, і ўсе, хто яго чуў, паложаць рукі свае на галаву ягоную, і ўся грамада ўкамянуе яго.
выведзі ганьбоўца прэч з табару, і ўсе, хто чуў яго, няхай пакладуць рукі свае на галаву ягоную, і ўсё супольства паб’е яго камянямі;
А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Чалавек, які будзе клясьці Бога свайго, панясе грэх свой.
і сынам Ізраілевым скажы: хто будзе ліхасловіць Бога свайго, той панясе грэх свой;
І хто зблюзьніць супраць імя ГОСПАДА, сьмерцю памрэ. Уся грамада, камянуючы, укамянуе яго, ці ён будзе прыхадзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя ГОСПАДА, той сьмерцю памрэ.
і ганьбовец імя Гасподняга павінен памерці, камянямі паб’е яго ўсё супольства: хай тое прыхадзень, хай тубылец пачне ганіць імя, аддадзены будзе сьмерці.
Хто ўдарыць і заб’е душу чалавечую, сьмерцю памрэ.
Хто заб’е якога-небудзь чалавека, той аддадзены будзе сьмерці.
Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.
Хто заб’е быдла, павінен заплаціць за яго, быдла за быдла.
Калі хто скалечыць бліжняга свайго, як ён зрабіў, так і яму зробяць.
Хто зробіць шкодзіну на целе блізкага свайго, таму трэба зрабіць тое самае, што ён зрабіў:
Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.
пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб; як ён зрабіў шкодзіну на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць.
Хто заб’е жывёлу, аддасьць іншую [жывёлу]; хто заб’е чалавека, сьмерцю памрэ.
Хто заб’е быдла, павінен заплаціць за яго; а хто заб’е чалавека, таго трэба аддаць сьмерці.
Роўны суд няхай будзе ў вас, ці для прыхадня, ці для тутэйшага. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!”»
Адзін суд павінен быць у вас, як прыхадню, так і тубыльцу, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, і вывелі блюзьнерцу па-за табар і ўкаменавалі яго камянямі. І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ГОСПАД Майсею.
І сказаў Майсей сынам Ізраілевым; і вывелі ліхаслоўца прэч з табара, і пабілі яго камянямі, і зрабілі сыны Ізраілевыя, як загадаў Гасподзь Майсею.