Лявіт 2 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І душа, калі абрачэць дар аброку хлебнага СПАДАРУ, то ценькая мука будзе дар ейны, і ўльлець на яе алівы, і паложа на яе кадзіла;
 
Калі якая-небудзь душа хоча прынесьці Госпаду ахвяру прынашэньня хлебнага, няхай прынясе пшанічнай мукі, і вылье на яе алею, і пакладзе на яе лівану,

І прынясець яе да сыноў Ааронавых, сьвятароў, і возьме адтуль поўную жменю ценькае мукі і яе алівы і з усім яе кадзілам, і спале гэта сьвятар на памятку на аброчніку: гэта аброк агняны, пах прыемны СПАДАРУ.
 
і прынясе яе да сыноў Ааронавых, сьвятароў, і возьме поўную жменю мукі з алеем і з усім ліванам, і спаліць гэта сьвятар у памяць на ахвярніку; гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду;

А астачы ад дару хлебнага Аарону а сыном ягоным: гэта сьвятое сьвятых із аброкаў агняных СПАДАРОВЫХ.
 
а рэшту з прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх.

А калі абракаеш дар аброку хлебнага зь печанага ў печы, дык абракай зь ценькае мукі прэсныя букаткі, рашчыненыя на аліве, і перапечкі прэсныя, памазаныя аліваю.
 
А калі прыносіш ахвяру прынашэньня хлебнага зь печанага ў печы, дык прынось пшанічныя хлябы прэсныя, зьмяшаныя з алеем, і ляпёшкі прэсныя, памазаныя алеем.

І калі аброк хлебны із скварады дар твой, дык гэта мае быць ізь ценькае мукі, рашчыненае на аліве, прэсны хай будзе.
 
Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з патэльні, дык гэта павінна быць пшанічная мука, зьмяшаная з алеем, прэсная,

Паламі яго на кавалкі і ўлі на яго алівы: гэта аброк хлебны.
 
паламай яе на кавалкі і вылі на яе алею: гэта прынашэньне хлебнае.

І калі аброк хлебны з казана дар твой, то зь ценькае мукі з аліваю зрабі.
 
Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з горшчыка, дык трэба зрабіць яго з пшанічнай мукі з алеем,

І прынясі аброк хлебны, зроблены з гэтага, СПАДАРУ; падай яго сьвятару, а ён дабліжа яго да аброчніка.
 
і прынясі прынашэньне, якое з гэтага складзена, Госпаду; падай гэта сьвятару, і ён прынясе яго да ахвярніка;

І падыйме сьвятар ізь гэтага аброку памятку, і спале на аброчйіку: гэта агняны аброк, пах прыемны СПАДАРУ.
 
і возьме сьвятар з гэтай ахвяры частку ў памяць і спаліць на ахвярніку: гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду;

А астачы з аброку хлебнага Аарону а сыном ягоным: гэта сьвятое сьвятых із агняных СПАДАРОВЫХ.
 
а рэшту прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх.

Ніякі аброк хлебны, каторы даіце СПАДАРУ, не рабіце кіслы, бо ані кіслага цеста, ані мёду ня маеце вы спаляць ад яго на аброк агняны СПАДАРУ.
 
Ніякага прынашэньня хлебнага, што прыносіце Госпаду, не рабеце квашанага, бо ні квашанага, ні мёду не павінны вы спальваць у ахвяру Госпаду;

Дар ізь першых пладоў абракайце іх СПАДАРУ, але на аброчнік не абракайце іх, на прыемны пах.
 
як прынашэньне пачаткаў прыносьце іх Госпаду, а на ахвярнік нельга ўзносіць іх як прыемную духмянасьць.

І кажны дар хлебнага аброку свайго салі сольлю. І не адыймай солі змовы Бога свайго ад хлебнага аброку свайго: пры кажным дару сваім абракаць будзеш соль.
 
Усякае прынашэньне тваё хлебнае салі сольлю і не пакідай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго: пры ўсякім прынашэньні тваім прынось соль.

Калі абракаеш хлебны аброк ізь першых пладоў СПАДАРУ, абракай высушаныя каласы на агню, стоўчаныя, сьвежыя, абракай як хлебны аброк першых пладоў сваіх.
 
Калі прыносіш Госпаду прынашэньне хлебнае зь першых пладоў, прынось у ахвяру дар ад першых пладоў тваіх з калосься, высушанага на агні, патоўчанае зерне,

І налі на іх алівы, і палажы на іх кадзіла: гэта аброк хлебны.
 
і вылі на яго алею, і пакладзі на яго лівану: гэта прынашэньне хлебнае;

І спале сьвятар на памятку із стоўчаных зярнят а алівы з усім кадзілам: гэта аброк агняны СПАДАРУ.
 
і спаліць сьвятар у памяць частку зерня і алею з усім ліванам: гэта ахвяра Госпаду.