Лявіт 18 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: Я СПАДАР, Бог ваш.
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: Я Гасподзь, Бог ваш.
Подле ўчынкаў зямлі Ягіпецкае, у каторай вы жылі, не рабіце, і подле ўчынкаў зямлі Канаанскае, што Я вяду вас туды, не рабіце, і ў вуставах іхных не хадзіце.
Паводле дзеяў зямлі Егіпецкай, у якой вы жылі, ня ўчыняйце, і паводле дзеяў зямлі Ханаанскай, у якую Я вяду вас, ня ўчыняйце, і паводле ўстанаўленьняў іхніх не хадзеце:
Мае суды чыніце й уставы Мае дзяржыце, ходзячы ў іх. Я СПАДАР, Бог ваш.
Мае законы выконвайце і Мае пастановы шануйце, учыняючы паводле іх. Я Гасподзь, Бог ваш.
І дзяржыце ўставы Мае а суды мае, каторыя калі спаўняе чалавек, дык будзе жыць імі. Я СПАДАР.
Шануйце пастановы Мае і законы Мае, выконваючы якія, чалавек будзе жывы. Я Гасподзь.
Кажная людзіна да ніякае сваячкі подле цела ня мае дабліжыцца, каб адкрыць голасьць ейную. Я СПАДАР.
Ніхто ні да якой родзічкі па крыві не павінен набліжацца дзеля плоцкіх спалукаў. Я Гасподзь.
Голасьці айца свайго і голасьці маці свае не адкрывай: яна маці твая, не адкрывай голасьці ейнае.
Ты не павінен класьціся з бацькам тваім і з маці тваёй: яна маці твая, не сарамаць яе.
Голасьці жонкі айца свайго не адкрывай: гэта голасьць айца твайго.
Ты не павінен класьціся з жонкаю бацькі твайго; бо гэтым ты сарамаціш бацьку твайго.
Голасьці сястры свае, дачкі айца свайго альбо дачкі маці свае, што нарадзілася ў доме, альбо нарадзілася вонках, не адкрывай голасьці іхнае.
Ты не павінен класьціся зь сястрою тваёю, з дачкою бацькі твайго альбо з дачкою маці тваёй, што нарадзілася ў шлюбе альбо па-за шлюбам, не сарамаць іх.
Голасьці дачкі сына свайго альбо дачкі дачкі свае, не адкрывай голасьці іх, бо яны твая голасьць.
Ты не павінен класьціся з дачкою сына твайго альбо з дачкою дачкі тваёй, не сарамаць іх, бо праз гэта ты сарамаціш сябе.
Голасьці дачкі жонкі айца свайго, што нарадзілася ад айца твайго, яна сястра твая, не адкрывай голасьці яе.
Ты не павінен класьціся з дачкою бацькі твайго, якая нарадзілася ад іншай жонкі ягонай; бо яна сястра твая, не сарамаць яе.
Голасьці сястры айца свайго не адкрывай, бо яна радня айцу твайму.
Ты не павінен класьціся зь сястрою бацькі твайго, бо яна адной крыві з бацькам тваім.
Голасьці сястры маці свае не адкрывай, бо яна радня маці твае.
Ты не павінен класьціся зь сястрою маці тваёй, бо яна адной крыві з маці тваёй.
Голасьці брата айца свайго не адкрывай і да жонкі ягонае ня бліжся: яна дзядзіна твая.
Ты не павінен класьціся з жонкаю брата бацькі твайго; бо яна цётка твая.
Голасьці нявесткі свае не адкрывай: яна жонка сына гвайго, не адмрывай голасьці яе.
Ты не павінен класьціся зь нявесткай тваёю, яна жонка сына твайго, не сарамаць яе.
Голасьці браціхі свае не адкрывай: гэта голасьць брата твайго.
Ты не павінен класьціся зь ятроўкай тваёй, яна жонка брата твайго, не сарамаць брата твайго.
Голасьці жонкі й дачкі ейнае не адкрывай, дачкі сына ейнага і дачкі дачкі ейнае не бяры, каб адкрыць голасьць іх: яны блізкая радня яе; гэта бязульства.
Калі ты маеш плоцкія зносіны з жанчынай, ты не павінен спаць з дачкою яе і з унучкай яе; яны адной крыві зь ёю; таму гэта ганьба крыві.
Не бяры жонкі разам ізь сястрою ейнай, каб зрабіць яе супаркаю, каб адкрыць голасьць ейную пры ёй, за жыцьця яе.
Не бяры ў пасьцель тваю сястры жонкі тваёй, пакуль жонка твая жыве; не рабі яе суперніцай жонцы тваёй пры жыцьці яе.
І да жонкі ў часе адлучэньня з прычыны нечысьці ейнае ня бліжся, каб адкрыць голасьць ейную.
І не кладзіся з жанчынай пад час ачышчэньня яе; у гэты час нячыстая яна.
І із жонкаю бліжняга свайго ня дай семені ляжаньня, каб ня плюгавіцца зь ёю.
І з жонкаю блізкага твайго не кладзіся, каб выліць семя, бо праз гэта ты станеш нячысты.
І з насеньня свайго ня дай, каб перадаваць Молоху, і ня будзень імені Бога свайго. Я СПАДАР.
Зь дзяцей тваіх не аддавай на слугаваньне Малоху і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.
І з мужчынам не кладзіся ляжаньням жонкі, агіда гэта.
Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынаю: гэта мярзота.
І зь ніякім статкам не кладзіся, каб гэтым стаць нячыстым; і жонка ня мае станавіцца перад статчынаю, каб злучыцца зь ёю. Гэта зьмяшаньне.
І ні зь якім быдлам не кладзіся, каб выліць семя і апаганіцца ад яго; і жанчына не павінна станавіцца перад быдлам дзеля спалукі зь ім: гэта брыдота.
Ня плюгаўце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым сплюгавіліся народы, каторых Я праганяю ад вас.
Не апаганьвайце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе людзі, якіх Я праганяю ад вас;
І сплюгавілася зямля, і Я даведаўся да бяспраўя яе, і вырыгала ізь сябе зямля жывучых на ёй.
і апаганілася зямля, і Я паглядзеў на беззаконьне яе, і скінула зямля тых, што жывуць на ёй.
А вы дзяржыце ўставы Мае а суды Мае, і не рабіце ўсіх гэтых агідаў, ані тубылец, ані асялянец, што асяліўся меж вас.
А вы шануйце пастановы Мае і законы Мае і не рабеце ўсіх гэтых гідотаў, ні тубылец, ні прыхадзень, што жыве сярод вас,
Бо ўсі гэтыя агіды рабілі людзі гэтае зямлі, што перад вамі, і сплюгавілася зямля,
бо ўсе гэтыя брыдоты рабілі людзі гэтай зямлі, што перад вамі, і апаганілася зямля;
Каб і вас ня вырыгала ізь сябе зямля, як вы сплюгавіце яе, як яна вырыгала народ, што быў перад вамі;
каб і вас ня скінула зь сябе зямля, калі вы пачняце паганіць яе, як яна скінула людзей, што былі да вас;
Бо будуць выгублены з пасярод люду свайго кажны, што будзе рабіць з усіх гэтых агідаў, і ўсі душы, што робяць гэта.
бо калі хто будзе рабіць усе гэтыя брыдоты, дык душы тых, што рабіцьмуць гэта, вынішчаны будуць з народу свайго.
Дык дзяржыце данае Імною дзяржаць вам, каб не рабіць подле абычаёў агідных, каторыя рабілі перад вамі, і каб ня сплюгавіцца імі. Я СПАДАР, Бог ваш».
Дык вось, шануйце загады Мае, каб ня ўчыняць паводле агідных завядзёнак, паводле якіх учынялі да вас, і каб не апаганьвацца імі. Я Гасподзь, Бог ваш.