Лявіт 20 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«І сыном Ізраелявым скажы: кажная людзіна із сыноў Ізраелявых і з чужнікоў, што жывуць у Ізраелю, каторая дасьць із насеньня свайго Молоху, тая хай сьмерцю памрэць; люд зямлі хай укамянуе яе.
Скажы гэта сынам Ізраілевым: хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод Ізраільцянаў, дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, той хай будзе аддадзены сьмерці: народ зямлі хай паб’е яго камянямі;
І Я зьвярну від Свой на людзіну тую, і выгублю яе з пасярод люду яе, бо з насеньня свайго яна дала Молоху, каб плюгавіць сьвятыню Маю й будзеніць сьвятое імя Мае.
І Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і зьнішчу яго з народу ягонага за тое, што ён даў зь дзяцей сваіх Малоху, каб апаганіць сьвятыню Маю і зьняважыць сьвятое імя Маё;
І калі заплюшча люд зямлі вочы свае на людзіну тую, як яна дасьць із насеньня свайго Молоху, і ня зробе ёй сьмерці;
і калі народ зямлі не паверне вачэй сваіх на чалавека таго, якога ён дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, і не заб’е яго,
Дык Я зьвярну від Свой на людзіну тую й на радзіму ейную, і выгублю яе і ўсіх бязулячых сьледам за ёй, каб бязульна не хадзіць сьледам за Молохам, з пасярод люду іхнага.
дык Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і на род ягоны і зьнішчу яго з народу ягонага, і ўсіх, хто блудзіць па сьлядах ягоных, каб аблудна хадзіць сьледам за Малохам.
І каторая душа зьвернецца да выгукаючых мерцьвякоў а да знахараў, каб бязульна хадзіць сьледам за імі, то Я зьвярну від Свой на тую душу, і выгублю яе з пасярод люду ейнага.
І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па сьлядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і зьнішчу яе з народу яе.
І пасьвячайце сябе, і будзьце сьвятыя, бо Я СПАДАР, Бог ваш.
Асьвячайце сябе і будзьце сьвятыя, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
І дзяржыце ўставы Мае і паўніце іх: Я СПАДАР, Каторы пасьвячае вас.
Шануйце пастановы Мае і выконвайце іх, бо Я Гасподзь, Які асьвячае вас.
Калі якая людзіна будзе клясьці айца свайго і маці сваю, тая сьмерцю памрэць. Айца свайго й маці сваю ён клёў, кроў ягоная на ім.
Хто будзе ліхасловіць бацьку свайго альбо маці сваю, той хай будзе аддадзены сьмерці; бацьку свайго і маці сваю ён ліхасловіў: кроў яго на ім.
Альбо хто будзе чужаложыць із замужкаю; калі хто будзе чужаложыць із жонкаю прыяцеля свайго: няхай сьмерцю памрэць чужаложнік і чужаложніца.
Калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю замужняю, калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю блізкага свайго, — хай будуць аддадзены сьмерці і пералюбнік і пералюбніца.
І хто ляжа із жонкаю айца свайго, голасьць айца свайго адкрыў: сьмерцю памруць абое, кроў іхная на іх.
Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той асарамаціў бацьку свайго; абое яны хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
Калі хто ляжа зь нявесткаю сваёю, сьмерцю памруць абое: зьмяшаньне зрабілі яны, кроў іхная на іх.
Калі хто ляжа зь нявесткаю сваёю, дык абое яны хай будуць аддадзены сьмерці: гідоту ўчынілі яны, кроў іхняя на іх.
І калі хто ляжа з мужчынаю ляжаньням жонкі, то абодва яны зрабілі агіду: сьмерцю памруць, кроў іхная на іх.
Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
Калі хто возьме сабе жонку й маці ейную: гэта бязулства; на цяпле маюць спаліць яго й іх, каб ня было бязулства меж вас.
Калі хто возьме сабе жонку і маці яе: гэта агіда; на агні трэба спаліць яго і іх, каб ня было беззаконьня сярод вас.
І калі хто злучыцца із статчынаю: сьмерцю памрэць, а статчыну забіце.
Хто зьмяшаецца з быдлам, таго аддаць сьмерці, і быдла забіце.
І калі жонка пойдзе да якое статчыны, каб злучыцца зь ёю, то забі жонку й статчыну: сьмерцю памруць, кроў іхная на іх.
Калі жанчына пойдзе да якой-небудзь жывёлы, каб спалучыцца зь ёю, дык забі жанчыну і жывёлу: хай будуць яны аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
Калі хто возьме сястру сваю, дачку айца свайго альбо дачку маці свае, і абача голасьць ейную, і яна абача голасьць ягоную: гэта сорам; няхай будуць яны выгублены перад ачыма сыноў люду свайго. Ён адкрыў голасьць сястры свае; бяспраўе свае панясець ён.
Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго альбо дачку маці сваёй дзеля плоцкай спалукі, гэта сорам, хай будуць яны зьнішчаны на вачах у сыноў народу свайго: ён асарамаціў сястру сваю: грэх свой панясе ён.
Калі хто ляжа із жонкаю ў часе жаноцкага ейнага, і адкрые голасьць яе, то ён агаліў вытакі яе, і яна агаліла вытак крыві свае; дык абое яны хай будуць выгублены з пасярод люду свайго.
Калі хто ляжа з жонкаю пад час хваробы крывацечы і адкрые сарамату яе, дык ён агаліў цечу яе, і яна адкрыла цечу крыві сваёй: абое хай будуць вынішчаны з народу свайго.
І голасьці сястры маці свае й сястры айца свайго не адкрывай, бо таковы агаляе блізкога свайго; бяспраўе свае панясуць яны.
Ніхто не павінен класьціся з сястрой маці сваёй або бацькі свайго, бо гэта сарамаціць плоць: грэх свой панясуць яны.
Хто ляжа зь дзядзінаю сваёю, тый адкрыў голасьць дзядзі свайго: грэх свой панясуць яны, бязьдзетныя памруць.
Хто ляжа зь цёткаю сваёю, той асарамаціў дзядзьку свайго; грэх свой панясуць яны, бязьдзетнымі памруць.
Калі хто возьме жонку брата свайго: гэта адлучэньне; ён адкрыў голасьць брата свайго, бязьдзетныя будуць яны.
Калі хто возьме жонку брата свайго — гэта агідна; ён асарамаціў брата свайго, бязьдзетныя будуць яны.
І дзяржыце ўсі ўставы Мае а ўсі суды Мае, і паўніце іх, і ня вырыгае вас ізь сябе зямля, да каторае Я вяду вас, каб жылі ў ёй,
Шануйце ўсе статуты Мае і ўсе законы Мае і выконвайце іх, — і ня скіне вас зь сябе зямля, у якую я вяду вас жыць.
І не хадзіце ў вуставах народу, каторы я высылаю ад віду вашага; бо гэта ўсе рабілі яны, і збрыдзілі яны Імне.
Ня ўчыняйце паводле завядзёнак народу, які Я праганяю ад вас; бо яны ўсё гэта рабілі, і Я абурыўся на іх,
І сказаў Я вам: "Вам спадзець зямля іхная, і вам дам на спадак зямлю, у каторай цячэць малако а мёд". Я СПАДАР, Бог ваш, Каторы адрозьніў вас ізь людаў.
і сказаў Я вам: вы валодайце зямлёю іхняй, і я вам аддаю ў спадчыну зямлю, у якой цячэ малако і мёд. Я Гасподзь, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад усіх народаў.
І адрозьнюйце статак чысты ад нячыстага і птушку чыстую ад нячыстае, і не рабіце абрыднымі душаў сваіх статкамі птушкаю і ўсім, што зямля рое, што адрозьніў Я вам, як нячыстае.
Адрозьнівайце быдла чыстае ад нячыстага і птушку чыстую ад нячыстай і не апаганьвайце душ вашых быдлам і птушкаю і ўсім, што поўзае па зямлі, што адрозьніў Я, як нячыстае.
І будзьце Імне сьвятыя; бо Я сьвяты СПАДАР, і Я адрозьніў вас ізь людаў, каб вы былі Мае.
Будзьце перад Мною сьвятыя, бо Я сьвяты Гасподзь, і Я аддзяліў вас ад народаў, каб вы былі Мае.
А мужчына альбо жонка, калі будзе памеж іх выгукаючы мерцьвякоў альбо знахар, сьмерцю памруць; укамяную іх, кроў іхная на іх».
Хай то мужчына хай жанчына, калі будуць яны выклікаць мёртвых альбо чарадзейнічаць, хай будуць аддадзены сьмерці: камянямі трэба пабіць іх, кроў іхняя на іх.