Лявіт 16 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І гукаў СПАДАР Масею па сьмерці двух сыноў Ааронавых, як яны прыступілі перад від СПАДАРОЎ і памерлі.
І казаў Гасподзь Майсею пасьля сьмерці двух сыноў Ааронавых, калі яны, падступіўшыся прад аблічча Гасподняе, памерлі,
І сказаў СПАДАР Масею: «Скажы Аарону, брату свайму, і хай ня ўходзе кажнага часу ў сьвятыню за запінаху перад века, што на скрыні, і ён не памрэць; бо над векам Я буду зьяўляцца ў булаку.
і сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону, брату твайму, каб ён не ва ўсякі час заходзіў у сьвятыні за заслону перад века, што на каўчэгу, каб яму не памерці, бо над векам Я буду зьяўляцца ў воблаку.
Во з чым мае ўходзіць Аарон у сьвятыню: зь цялём-бычком на аброк за грэх і з бараном на ўсепаленьне.
Вось, з чым павінен уваходзіць Аарон у сьвятыню: зь цялём у ахвяру за грэх і з бараном на цэласпаленьне:
Хітон лянны сьвяты мае надзяваць ён, і ганавіцы лянныя хай будуць на целе ягоным, і лянным поясам хай папяразуецца, і лянную мітру надзяець: сьвятыя адзежы гэтыя. І хай памые ён, ды ў вадзе, цела свае, і вадзяець іх.
сьвяшчэнны ільняны хітон павінен апранаць ён, а сподняе адзеньне хай будзе на целе ягоным, і льняным пасам няхай апяразваецца і льняны кідар надзявае: гэта сьвяшчэнная вопратка; і хай абмывае ён цела сваё вадою і надзявае яе;
І ад грамады сыноў Ізраелявых няхай возьме двое казянят на аброк за грэх і аднаго барана на ўсепаленьне.
і з супольства сыноў Ізраілевых няхай возьме двух казлоў у ахвяру за грэх і аднаго барана на цэласпаленьне.
І абрачэць Аарон цялё-бычка на аброк за грэх за сябе, і адзяржыць ласкіўчыненне за сябе а за дом свой.
І прынясе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой.
І возьме двое казянят, і пастанове іх перад відам СПАДАРОВЫМ ля ўходу будану збору.
І возьме двух казлоў і паставіць іх прад абліччам Гасподнім і каля ўваходу ў скінію сходу;
І кіне Аарон на абодва казлы на жэрабя: адно жэрабя СПАДАРУ, а другое жэрабя на адпушчэньне;
і кіне Аарон на абодвух казлоў жэрабя: адно жэрабя дзеля Госпада, а другое жэрабя дзеля адпушчэньня;
І прывядзець Аарон казла, на каторага вынята жэрабя СПАДАРУ, і абрачэць яго на аброк за грэх;
і прывядзе Аарон казла, на якога выпала жэрабя дзеля Госпада, і прынясе яго ў ахвяру за грэх,
А казла, на каторага вынята жэрабя на адпушчэньне, пастанове жывога перад СПАДАРОМ, каб учыніў перазь яго ласкіўчыненьне, і выпусьце яго на адпушчэньне на пустыню.
а казла, на якога выпала жэрабя дзеля адпушчэньня, паставіць жывога перад Госпадам, каб учыніць на ім ачышчэньне і выслаць яго ў пустыню дзеля адпушчэньня.
І прывядзець Аарон цялё на аброк за грэх за сябе, і дастане ласкіўчыненьне за сябе а за дом свой, і зарэжа цялё свае;
І прывядзе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе, і ачысьціць сябе і дом свой, і заколе цяля ў ахвяру за грэх за сябе;
І возьме жару поўную кадзільніцу заброчніка, каторы перад відам СПАДАРОВЫМ, і поўныя жмені пахнючага дробна стоўчанага кадзіла, і ўнясець за запінаху;
і возьме распаленага жару поўнае кадзіла з ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім, і духмянага дробна патоўчанага дымленьня поўныя прыгаршчы, і ўнясе за заслону;
І паложа кадзіла на цяпло перад відам СПАДАРОВЫМ, дым кадзеньня пакрые века, каторае над сьветчаньням, і ён не памрэць.
і пакладзе дымленьне на агонь перад абліччам Гасподнім, і воблака дымленьня пакрые века, якое над каўчэгам адкрыцьця, каб яму не памерці;
І возьме з крыві цяляці, і пакропе палцам сваім на века зьверху, на ўсходні бок і на перад века, сем разоў пакропе крывёй з палца свайго.
і возьме крыві цяляці і пакропіць пальцам сваім на века сьпераду і перад векам, сем разоў пакропіць крывёю з пальца свайго.
І зарэжа казла на аброк за грэх за люд, і ўнясець кроў яго за запінаху, і зробе з крывёй яго тое самое, што зрабіў із крывёю цяляці, і пакропе ёю на века і на перад века.
І заколе казла ў ахвяру за грэх за народ, і ўнясе кроў ягоную за заслону, і зробіць з крывёю ягонаю тое самае, што рабіў з крывёю цяляці, і пакропіць ёю на века і перад векам, —
І адзяржыць ласкіўчыненьне за сьвятыню ад нечысьці сыноў Ізраелявых, і ад выступаў іхных, і ўсіх грахоў іхных. І гэтак мае ён учыніць таксама з буданом збору, каторы прабывае зь імі, сярод нечысьцяў іхных.
і ачысьціць сьвятыню ад нячыстасьці сыноў Ізраілевых, і ад злачынстваў іхніх, ва ўсіх грахах іхніх. Так павінен зрабіць ён і са скініяй сходу, якая ў іх, сярод нячыстасьці іхняй.
Ні водзін чалавек ня мае быць у будане збору, як уходзе ён дзеля ласкіўчыненьня сьвятыні, да самага выхаду яго. І адзяржыць ён ласкіўчыненьне за сябе а за дом свой а за ўсю грамаду Ізраеляву.
Ніводзін чалавек не павінен быць у скініі сходу, калі ўваходзіць ён дзеля ачышчэньня сьвятыні, да самага выхаду ягонага. І так ачысьціць ён сябе, дом свой і ўсё супольства Ізраілевае.
І выйдзе ён да аброчніка, каторы перад відам СПАДАРОВЫМ, і адзяржыць ласкіўчыненьне, возьме з крыві цяляці а з крыві казла, і паложа на рагі аброчніка наўкола,
І выйдзе ён да ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім, і ачысьціць яго, і возьме крыві цяляці і крыві казла, і пакладзе на рогі ахвярніка з усіх бакоў,
І пакропе на яго з крыві палцам сваім сем разоў, і ачысьце яго, і пасьвяціць яго ад нечысьцяў сыноў Ізраелявых.
і пакропіць на яго крывёю з пальца свайго сем разоў, і ачысьціць яго, і асьвеціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраілевых.
І здойсьніўшы адзержаваньне ласкі сьвятыні а будану збору а аброчніку, і прывядзець ён жывога казла,
І ўчыніўшы ачышчэньне сьвятыні, скініі сходу і ахвярніка, прывядзе ён жывога казла,
І ўзложа Аарон абедзьве руццэ свае на галаву жывога казла, і вызнае над ім усі бяспраўі сыноў Ізраелявых а ўсі выступы іхныя а ўсі грахі іхныя, і ўзложа іх на галаву казла, і адашлець із адумысловым чалавекам на пустыню.
і пакладзе Аарон абедзьве рукі свае на галаву жывога казла, і вызнае над ім усе беззаконьні сыноў Ізраілевых і ўсе злачынствы іхнія і ўсе грахі іхнія, і пакладзе іх на галаву казла, і вышле з нарочным чалавекам у пустыню;
І панясець казёл на сабе ўсі бяспраўі іхныя да зямлі аддзеленае, і пашлець ён казла на пустыню.
і панясе казёл на сабе ўсе беззаконьні іхнія ў зямлю непраходную, і пусьціць ён казла ў пустыню.
І ўвыйдзе Аарон у будан збору, і здыйме лянную адзежу, каторую надзяваў, уходзячы ў сьвятыню, і паложа яе там,
І ўвойдзе Аарон у скінію сходу, і здыме ільняную вопратку, якую апранаў, уваходзячы ў сьвятыню, і пакіне яе там,
І памые цела свае ў вадзе на сьвятым месцу, і надзене адзецьці свае, і выйдзе, і ўчыне свае ўсепаленьне а ўсепаленьне люду, і дастане ласкіўчыненьне за сябе а за люд;
і абмые цела сваё вадою, на сьвятым месцы, і апране вопратку сваю, выйдзе і ўчыніць цэласпаленьне за сябе і цэласпаленьне за народ, і ачысьціць сябе і народ;
А тук аброку за грэх спале на аброчніку.
а тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.
І тый, хто адводзіў казла на адпушчэньне, мае вымыць адзежу сваю і памыць цела свае ў вадзе, і потым можа ўвыйсьці ў табар.
І той, хто вадзіў казла дзеля адпушчэньня, павінен вымыць вопратку сваю, абмыць цела сваё вадою і потым можа ўвайсьці ў табар.
А цялё за грэх а казла за грэх, каторых кроў унесена была да адзяржаньня ласкі сьвятыні, няхай вынясе вонкі з табару, і спаляць на цяпле скуры іх, і мяса іх, і нечысьць іх.
А цяля за грэх і казла за грэх, чыя кроў унесена была дзеля ачышчэньня сьвятыні, няхай вынесуць вонкі з табара і спаляць на агні скуры іхнія і мяса іхняе і нечысьць іхнюю;
І хто спале іх, вымые адзежу сваю й памые цела свае ў вадзе, і просьле тога можа ўвыйці ў табар.
хто спаліць іх, той павінен абмыць вопратку сваю і абмыць цела сваё вадою, і пасьля таго можа ўвайсьці ў табар.
І будзе гэта вам вечнаю ўставаю: сёмага месяца, дзясятага дня месяца марыце душы свае і ніякае работы не рабіце, ані тубылец, ані чужнік, што жывець памеж вас;
І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: на сёмым месяцы, у дзясяты дзень месяца ўпакорвайце душы вашыя і ніякае дзеі ня чынеце, ні тубылец, ні прыхадзень, што пасяліўся сярод вас,
Бо гэтага дня дастанецца вам ласкіўчыненьне, каб ачысьціць вас ад усіх грахоў вашых перад відам СПАДАРОВЫМ, і вы будзеце ачышчаны.
бо ў гэты дзень ачышчаюць вас, каб зрабіць вас чыстымі ад усіх грахоў вашых, каб вы былі чыстыя перад абліччам Гасподнім;
Сыбота сыботаў гэта вам, і марыце душы вашыя: гэта ўстава вечная.
гэта субота спачыну вам, упакорвайце душы вашыя: гэта пастанова вечная.
І мае даставаць сьвятар ласкіўчыненьне, каторы памазаны і каторы пасьвячаны сьвятарстваваць замест айца свайго. І надзене ён лянныя адзецьці, адзецьці сьвятыя,
А ачышчаць павінен сьвятар, які памазаны і які прысьвечаны, каб сьвятарыць яму замест бацькі свайго: і апране ён ільняную вопратку, вопратку сьвяшчэнную,
І адзяржыць ласкіўчыненьне сьвятыні сьвятой і будану збору, і аброчніку адзяржыць ласкіўчыненьне, і сьвятаром і ўсяму люду грамады адзяржыць ласкіўчыненьне.
і ачысьціць Сьвятое Сьвятых і скінію сходу, і ахвярнік ачысьціць, і сьвятароў і ўвесь народ супольства ачысьціць.
І будзе гэта вам вечнаю ўставаю: адзержаваць ласкіўчыненьне сыном Ізраелявым ад усіх грахоў іхных аднойчы ў год». І зрабіў ён так, як расказаў СПАДАР Масею.
І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: ачышчаць сыноў Ізраілевых ад усіх грахоў іхніх адзін раз у год. І зрабіў ён так, як загадаў Гасподзь Майсею.