2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Просім вось вас, браты, дзеля прыйсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашага зграмаджэньня перад Ім,
Цяпер жа, браты, просім вас прыходам Спадара нашага Ісуса Хрыста і зьберцям нашым да Яго.
не хістайцеся пасьпешна розумам і не трывожцеся ані праз духа, ані праз слова, ані праз пасланьне, нібы ад нас, што быццам надыйшоў дзень Хрыстовы.
Не сьпяшайцеся хістацца ў розуме сваім або трывожыцца ані ад духа, ані ад слова, ані ад лісту, бы ад нас, быццам дзень Хрыстоў настаець.
Няхай ніхто аніяк вас ня зводзіць, бо [дзень гэты ня прыйдзе], пакуль ня прыйдзе перш адступніцтва і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы,
Няхай ніхто ня ізводзе вас ніякім парадкам, бо гэтага ня будзе, пакуль ня прыйдзе ўперад адступленьне і не аб’явіцца чалавек бяспраўя, сын загубы,
які супрацівіцца і вывышаецца па-над усё, што называецца Богам ці чаму пакланяюцца, так што ў сьвятыні Божай засядзе ён як бог, заяўляючы пра сябе, што ён — бог.
Што працівіцца й вывышаецца над усе, менаванае Богам, альбо годнае кланяньня, ажно ён сядзе ў доме Божым, прыдаючыся Богам.
Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?
Ці ня памятуеце, што, будучы яшчэ з вамі, я казаў вам гэта?
І цяпер ведаеце, што трымае, каб адкрыцца яму ў свой час.
І цяпер вы ведаеце, што зьдзержуе аб’явіцца яму ў сваім часе.
Бо таямніца беззаконьня ўжо дзейнічае, няхай толькі той, што трымае цяпер, будзе забраны спасярод.
Бо тайна бяспраўя ўжо дзее, адно там ё тый, хто цяпер узьдзержуе, пакуль ня будзе ён вонках асяродку.
І тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыйсьця Свайго,
І тады аб’явіцца бяспраўнік, каторага Спадар Ісус заб’ець духам вуснаў Сваіх і зьнішча зьяўленьням зыркага прыходу Свайго.
таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шатана, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі,
Таго, бяспраўніка прыход, подле дзеяньня шайтана, будзе з усёй сілаю а знакамі а чудосамі манлівымі
і з усякім ашуканствам няправеднасьці для тых, якія гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі.
А з усёю несправядліваю ашукаю гінучых, бо не прынялі міласьці праўды, каб спасьціся.
І з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблуды, каб верылі хлусьні,
І за гэта пашлець ім Бог дзеяньне абмылы, каб верылі мане,
каб былі асуджаныя ўсе, якія не паверылі праўдзе, але ўпадабалі няправеднасьць.
Каб былі засуджаны ўсі, каторыя ня верылі праўдзе, але ўпадабалі несправядлівасьць.
А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне,
Мы ж маем заўсёды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Спадаром браты, што Бог ад пачатку абраў вас да спасеньня ў пасьвячэньню Духа і ў веры праўды.
да якога і паклікаў вас праз Эвангельле нашае на атрыманьне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Да гэтага Ён пагукаў вас Дабравесьцяй нашай да дасягненьня славы Спадара нашага Ісуса Хрыста.
Дык, браты, стойце і трымайцеся традыцыі, якой вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.
Дык, браты, стойце й дзяржыце паданьні, каторых вы навучаны або словам або лістам нашым.
Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы,
Сам жа Спадар наш Ісус Хрыстос а Бог і Ацец наш, што ўмілаваў нас і даў вечную пацеху а добрую надзею ласкаю,
няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і справе добрай.
Хай пацеша сэрцы вашыя і ўмацуе вас у кажным добрым учынку й слове.