Мацьвея 18 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У той час падышлі вучні да Ісуса, кажучы: «Каго Ты лічыш большым у Валадарстве Нябесным?»
 
У тую гадзіну падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: «Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?»

І, паклікаўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх
 
І, паклікаўшы дзіцятка, Ісус паставіў яго пасярод іх

і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
 
і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Дык вось, хто ўпакорыцца, як гэта дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.
 
Дык хто пані́зіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.

І хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прыме.
 
І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае.

А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму, каб павесілі жоран млынавы на шыю яго і ўтапілі ў глыбіні марской.
 
А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора.

Гора свету ад згаршэнняў. Бо мусяць прыйсці згаршэнні, аднак гора чалавеку, праз якога згаршэнне прыходзіць.
 
Гора сьвету ад згаршэньняў, бо патрэбна, каб прыйшлі згаршэньні; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць згаршэньне.

Дык калі рука твая або нага твая горшыць цябе, адрэж яе ды кінь ад сябе. Лепш табе калекаю ці кульгавым увайсці ў жыццё, чым, маючы дзве рукі або дзве нагі, быць укінутым у агонь вечны.
 
Калі ж рука твая ці нага твая горшыць цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгавым ці калекаю, чым, маючы дзьве рукі або дзьве нагі, быць укінутым у агонь вечны.

І, калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго ды кінь ад сябе. Лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць укінутым у агонь пякельны.
 
І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную.

Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых. Бо кажу вам, што анёлы іх у небе бачаць заўсёды аблічча Айца Майго, Які ёсць у небе.
 
Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.

Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб уратаваць загінуўшае.
 
Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб збавіць тое, што загінула.

Як вам здаецца? Калі хто мае сто авечак і адна з іх згубіцца, ці ж не пакідае ён у гарах дзевяноста дзевяць і ці не ідзе шукаць тую, што заблукала?
 
Як вы думаеце, калі б нейкі чалавек меў сто авечак, і адна з іх заблукала, ці, пакінуўшы дзевяноста дзевяць у гарах, ня пойдзе ён шукаць тую, што заблукала?

І, калі ўдаецца яму яе адшукаць, сапраўды кажу вам, што з яе будзе мець больш радасці, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
 
І, калі станецца, што знойдзе яе, сапраўды кажу вам: ён узрадуецца з яе больш, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

Так няма волі Айца вашага, Які ёсць у небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.
 
Гэтак няма волі Айца вашага, Які ў небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.

І, калі зграшыць супраць цябе брат твой, ідзі і дакары яго між табою і ім адным. І, калі ён паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.
 
Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго.

А калі не паслухае, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб на доказе двух або трох сведкаў стаяла кожнае слова.
 
Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова.

А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве. А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік.
 
Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік.

Сапраўды кажу вам: што звяжаце на зямлі, будзе звязана і на небе, і што развяжаце на зямлі, будзе развязана і ў небе.
 
Сапраўды кажу вам: усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе.

Таксама кажу вам: калі двое з вас пагодзяцца на зямлі аб якой-колечы рэчы, чаго б яны ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у небе.
 
Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе.

Бо дзе ў імя Маё збяруцца двое або трое, там і Я пасярод іх».
 
Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх».

Тады Пётра, падышоўшы, сказаў Яму: «Госпадзе, колькі разоў маю дараваць брату майму, калі будзе грашыць супраць мяне? Ці да сямі разоў?»
 
Тады Пётар, падыйшоўшы да Яго, сказаў: «Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?»

Кажа яму Ісус: «Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці па сем разоў.
 
Кажа яму Ісус: «Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем.

Дзеля таго падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека-валадара, які хацеў разрахавацца з паслугачамі сваімі.
 
Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахава́цца са слугамі сваімі.

І, калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, што быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
 
Калі ж пачаў ён рахава́цца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў.

Паколькі не меў ён з чаго аддаць, загадаў гаспадар яго прадаць яго, жонку яго, дзяцей і ўсё, што меў, ды заплаціць.
 
А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць.

Але паслугач той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: “Валадару, май цярплівасць да мяне, і я аддам табе ўсё”.
 
Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”.

І гаспадар паслугача таго, пашкадаваўшы, адпусціў яго і доўг яму дараваў.
 
Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку.

Але паслугач той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, што быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай, што мне вінаваты”.
 
А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”.

І, упаўшы, таварыш той прасіў яго, кажучы: “Май цярплівасць да мяне, і аддам табе”.
 
Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”.

Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць яму доўгу.
 
А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.

Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі ды пайшлі і расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.
 
Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася.

Тады пазваў яго гаспадар яго і гаворыць яму: “Паслугач нягодны, я ўвесь твой доўг дараваў табе, бо ты мяне прасіў.
 
Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне.

Ці ж не належала, каб і ты злітаваўся над таварышам сваім, як я злітаваўся над табой?”
 
Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?”

І, угнеўлены, гаспадар яго выдаў яго катам, пакуль яму не аддасць усяго доўгу.
 
І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго ка́там, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу.

Так і Айцец Мой, Які ў небе, зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму правіны яго ў сэрцах вашых».
 
Так і Айцец Мой Нябесны ўчы́ніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных».