Мацьвея 2 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлехэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось, прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім,
 
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлее́ме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць:

кажучы: «Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму».
 
«Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».

І, пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерузалім з ім.
 
Пачуўшы гэтае, Ірад валадар стрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім.

Ды, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў ад іх, дзе належыць Хрысту нарадзіцца.
 
І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос.

А яны яму сказалі: «У Бэтлехэме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
 
Яны ж сказалі яму: «У Бэтлее́ме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока:

“І ты, Бэтлехэм, зямля Юдава, ніякім чынам не меншая між княствамі Юдавымі, бо з цябе для Мяне выйдзе Правадыр, Які будзе валадарыць Маім народам Ізраэлем”».
 
“І ты, Бэтлее́м, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль”».

Тады Ірад таемна паклікаў магаў і дакладна выведаў час з’яўлення зоркі
 
Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі.

ды, адпраўляючы іх у Бэтлехэм, сказаў: «Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».
 
І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».

Тыя, як выслухалі цара, пайшлі ў дарогу. І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, ішла наперадзе, аж пакуль, ідучы, не спынілася ўверсе [над месцам], дзе было Дзіця.
 
Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над [месцам], дзе было Дзіцятка.

Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікаю.
 
Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю.

І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.
 
І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну.

І, атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
 
І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.

Калі яны адышлі, вось, Анёл Госпадаў з’явіўся Язэпу ўва сне, мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе. Бо Ірад мае намер шукаць Дзіця, каб забіць Яго».
 
Калі ж яны адыйшлі, вось, анёл Госпадаў зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго».

Той, абудзіўшыся, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і адышоў у Егіпет.
 
Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і пайшоў у Эгіпет.

І заставаўся там да смерці Ірада, каб збылося тое, што сказана Госпадам праз прарока, які гаворыць: «З Егіпта пазваў Я Сына Майго».
 
І там быў да сьмерці Ірада, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Эгіпту паклікаў Я сына Майго».

Тады Ірад, бачачы, што ён ашуканы магамі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлехэме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які выпытаў у магаў.
 
Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў.

Тады збылося, што было прадказана прарокам Ярэміем, які казаў:
 
Тады споўнілася сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа:

«Чуецца голас у Раме, лямант, плач і галашэнне вялікае: Ракель плача па сынах сваіх і не можа суцешыцца, бо іх няма».
 
«Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма».

Калі Ірад памёр, вось, з’явіўся Анёл Госпадаў Язэпу ўва сне ў Егіпце,
 
А пасьля сьмерці Ірада, вось, анёл Госпадаў у сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце

мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што шукалі душу Дзіцяці».
 
і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы́ Дзіцяці».

Дык ён, абудзіўшыся, узяў Дзіця і Маці Яго і пайшоў у зямлю Ізраэля.
 
Ён устаў, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраіля.

Пачуўшы, што ў Юдэі царуе Архелай па Ірадзе, бацьку сваім, збаяўся туды ісці і, папярэджаны ўва сне, пайшоў у ваколіцы Галілеі.
 
А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; але, атрымаўшы слова ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.

А, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які завецца Назарэт, каб збылося, што сказана прарокамі: «Назарэем будзе звацца».
 
І, прыйшоўшы, асеў у горадзе, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.