2 да Карынфянаў 4 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Дзеля таго, маючы гэтае паслугаванне, як памілаваныя, мы не падаем духам,
але мы стрымліваемся ад скрытых учынкаў сораму, не кідаемся ў хітрыкі ды не фальшуем слова Божага, але адкрытым вяшчэннем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленню кожнага чалавека.
Калі наша Евангелле засланёна, дык засланёна для тых, што гінуць,
для няверуючых, якім бог гэтага свету засляпіў розум, каб не заззяла ім святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз Бога.
Бо мы не саміх сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — вашы паслугачы праз Ісуса.
Бо Сам Бог, Які загадаў: «З цемры заззяць святлу», асвяціў нашы сэрцы, каб асвяціць нас пазнаннем хвалы Божай у вобліку Ісуса Хрыста.
І мы гэты скарб захоўваем у гліняных пасудзінах, каб была велічнасць магутнасці Божай, ды не ад нас.
Мы ва ўсім церпім прыцясненне, але не прыдушаны; жывём у нястачах, але не ў роспачы;
церпім пераследаванні, але не пакінуты; мы павалены, але не гінем;
заўсёды носім у целе нашым мёртвасць Госпада Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў целе нашым.
Бо мы, якія жывём, заўсёды аддаёмся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе.
Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.
А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: «Я паверыў, і таму прамовіў», і мы верым, і таму гаворым,
ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, таксама і нас уваскрасіць праз Ісуса ды паставіць разам з вамі.
Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасць на славу Бога.
Таму мы і не падаем духам, бо хоць наш чалавек, той, што звонку, знішчаецца, аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца.
Бо караткачасовае, лёгкае гора наша творыць нам важкую славу ў празмерным вечным узвышэнні.
Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо бачныя рэчы — часовыя, а нябачныя — вечныя.