Да Рымлянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Цяпінскага

 
 

Дык што, скажам, здабыў наш бацька Абрагам паводле цела?
 

Бо калі Абрагам апраўданы з учынкаў, — мае славу, але не перад Богам.
 

Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана Абрагаму за справядлівасць».
 

Вось жа, таму, хто працаваў, плата налічваецца не з ласкі, але з доўгу або павіннасці.
 

Таму, аднак, хто не працаваў, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, яго вера залічваецца за справядлівасць.
 

Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог без заслугі залічвае справядлівасць:
 

«Шчасныя тыя, якім адпушчаны беззаконні ды якіх грахі закрыты.
 

Шчасны чалавек, якому Госпад не палічыць граху».
 

Дык ці гэта шчаснасць датычыцца абрэзання, ці таксама і неабрэзання? Мы кажам: «Залічана Абрагаму вера за справядлівасць».
 

Калі была залічана: ці калі быў абрэзаны, ці ў неабрэзанасці? Не пасля абразання, але ў неабрэзанасці;
 

і ён атрымаў знак абразання, як пячатку справядлівасці праз веру, якую меў яшчэ ў неабрэзанасці, каб стаўся ён бацькам усіх тых, хто верыць у неабрэзанасці, каб і ім была залічана справядлівасць,
 

і бацькам не толькі тых абрэзаных, што прынялі абразанне, але і тых, якія ідуць слядамі той веры бацькі нашага Абрагама, якая была ў ім у неабрэзанасці.
 

Бо не законам было дадзена Абрагаму і нашчадкам яго абяцанне, што ён стане спадкаемцам свету, але справядлівасцю веры.
 

Бо калі спадкаемцы тыя, што з закону, дык вера пустая і абяцанне знішчыцца.
 

Бо закон выклікае гнеў, а дзе няма закону, там няма і злачынства.
 

Таму — па веры, каб з ласкі, каб абяцанне было надзейным для кожнага нашчадка, не толькі для таго аднаго, хто з закону, але і для таго, хто з веры Абрагама, — ён жа бацька ўсіх нас, —
 

як напісана: «Устанавіў Я цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, як Таму, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае існым.
 

Ён насуперак надзеі паверыў надзеі стацца бацькам многіх народаў, як было сказана: «Такім будзе патомства тваё».
 

І, непахісны ў веры, ён не звярнуў увагі, што цела яго ўжо амярцвела, бо было яму каля ста гадоў, і нутро Сары таксама амярцвела.
 

І ў абяцанні Божым не засумняваўся ў бязвер’і, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу,
 

і быў упэўнены, што Ён мае моц і здзейсніць абяцанае.
 

Таму гэта залічана было яму за справядлівасць.
 

А гэта напісана не толькі дзеля яго аднаго, што залічана яму,
 

але і дзеля нас, бо будзе залічана і нам, веруючым у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага,
 

Які быў выдадзены за грахі нашы і ўваскрос дзеля апраўдання нашага.