Сафона 3 разьдзел
Кніга прарока Сафона
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка
Гора бунтарнаму і спаганенаму гораду, прыгнятацелю!
Гора гэтаму нячыстаму і спаганенаму гораду, які робіць гвалты.
Не слухае ён голасу, не прымае перасцярогі; не спадзяецца на Госпада, не туліцца да свайго Бога.
Ня слухае голасу, ня прыймае павучэньняў, не спадзяецца на Госпада, не набліжаецца да свайго Бога.
Князі яго пасярод яго — як ільвы рыкаючыя; суддзі яго — ваўкі пустынныя, што не пакідаюць да раніцы ніводнай косці.
Князі ягоныя, пасярод яго, як равучыя львы, ягоныя судзьдзі — вячорныя воўкі, не пакідаюць да раніцы ні воднай косьці.
Прарокі яго легкадумныя — людзі крывадушныя; святары яго зневажаюць святое, закон парушаюць.
Ягоныя прарокі — людзі лёккамысныя і фальшывыя; ягоныя сьвятары паганяць сьвятыню, гвалцяць закон.
Госпад справядлівы пасярод іх, не зробіць несправядлівасці, штораніцы выдасць рашэнне Сваё, як святло, што не гасне; але ліхотнік не ведае сораму.
Гаспод [праведны сярод яго, ня робіць няпраўды, кожную] раніцу выдае Свой асуд нязьменна, але бяззаконьнік ня ведае сораму.
«Я вынішчыў народы, разбураны ўмацаванні іх; пустымі зрабіў Я вуліцы іх, так што няма каму хадзіць; апусцелыя гарады іх, не засталося ані чалавека, ані жыхара.
Я зьнішчыў народы, зруйнаваў іх замкі, пустымі зрабіў іх вуліцы, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спустошаныя іхныя гарады, так што няма ніводнага чалавека, няма жыхароў.
Я казаў: “Бойся цяпер Мяне, прымі настаўленне! І не знікне з яго вачэй усё, за што Я яго пакараў”. Аднак спяшаліся яны апаганьваць усе ўчынкі свае.
Я казаў — бойся толькі мяне, прымай павучэньні, каб ня было зьнішчана дабро тваё і не дасягнула благое, якое я пастанавіў аб ім, але яны ахвотна псавалі ўсе свае дзеяньні.
“Таму чакай Мяне, — кажа Госпад, — у дзень, калі паўстану як сведка; бо вырашыў Я сабраць усе народы і склікаць царствы, каб выліць на іх лютасць Маю, увесь гнеў абурэння Свайго, бо агнём руплівасці Маёй будзе спалена ўся зямля.
Дык чакайце мяне, гаворыць Гаспод, да таго дня у якім уздымуся для пусташэньня, бо азначана мною сабраць народы, склікаць каралеўства, каб выліць на іх Свой гнеў і ўсю ярасьць майго гневу, бо вагнём зьнішчэньня пільнасьці маёй будзе пажортая ўся зямля.
Тады бо дам народам чыстыя вусны, каб усе прызывалі імя Госпада ды служылі Яму адзінадушна.
Тады я ізноў дам народам чыстыя вусны, каб усе прызывалі імя Госпада і аднадумна Яму служылі.
З-за рэк Этыёпіі, — адтуль тыя, што моляцца Мне, — дзеці расцярушаных Маіх прынясуць падарунак Мне.
З зарэчных краінаў Этіопіі, тыя што кланяюцца Мне, дзеці разсеяных Маіх прынясуць Мне дары.
У той дзень не пасаромеешся з-за ўсіх учынкаў сваіх, якімі зграшыў ты адносна Мяне; бо тады выкіну з пасярод цябе пыхлівых самахвальцаў тваіх, і не будзеш болей узвышацца на святой гары Маёй.
У той дзень ня будзеш сароміць сябе усялякімі ўчынкамі, якімі ты грашыў супроць мяне, бо на той час выключу з пасярод цябе тых, што весяляцца са славы тваёй і ня будзеш больш вывышацца на Маёй сьвятой гары.
І пакіну ў цябе народ пакорны і просты. І будзе мець надзею ў імені Госпада
Але пакіну пасярод цябе народ пакорны і просты і яны будуць мець давер да Госпада.
рэшта Ізраэля. Не будзе дапускацца злачыннасці, не будзе гаварыць ілжыва, і не знойдзецца ў вуснах іх падману; яны бо будуць пасвіцца і вылежвацца, і не будзе каму іх палохаць”».
Астаткі Ізраіля ня будуць рабіць няпраўды, ня будуць гаварыць маны і ня знойдзецца ў іх вуснах здрадлівага языка, бо самыя будуць пасьвіцца і адпачываць і ніхто не патрывожыць іх.
Радуйся, дачка Сіёна! Гамані радасна, Ізраэль! Цешся і радуйся ўсім сэрцам, дачка Ерузаліма!
Засьпявай дачка Сыёну, сьвяткуй Ізраіль, весяліся і цешся ад усяго сэрца дачка Ерусаліму.
Скасаваў Госпад твой прысуд, адвярнуў ад цябе ворагаў тваіх; цар Ізраэля, Госпад, пасярод цябе, не будзеш болей баяцца ліха.
Адмяніў Гаспод свой прыгавор над табою, пражануў ворага твайго; кароль Ізраільскі ёсьць валадаром пасярод цябе: больш не пабачыш ужо благога.
У той дзень будуць казаць Ерузаліму: «Не бойся, Сіён! Не апускай рук сваіх!
У той дзень скажуць Ерусаліму: — ня бойся; і Сыёну: — няхай не слабеюць твае рукі.
Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Ён, магутны збавіць цябе; будзе цешыцца з цябе радасцю, узбуджаны любоўю Сваёю; будзе радавацца з цябе з песняю,
Гаспод Бог твой пасярод цябе. Ён мае сілу збавіць цябе, разьвесяліцца над табою, будзе міласьцівы да цябе і будзе весяліцца аб табе са сьпевам, гаворачы:
як у дзень урачыстага свята!» — «Я забяру загубу ад цябе, каб ужо не меў з-за гэтага ганьбы.
Сумуючых па ўрачыстых сьвяткаваньнях Я зьбяру; твае яны і на іх цяжыць бярэмя лаянкі.
Вось, Я вынішчу ўсіх, што крыўдзілі цябе ў той час; і Я збаўлю кульгавых, і збяру выкінутых; і прыгатую іх на хвалу і славу на ўсёй зямлі, дзе ганьбілі іх,
Вось зраблю Я канец усім прыгнятальнікам тваім, а захаваю кульгавае і выгнаных зграмаджу і прыгатоўлю ім славу і імя на ўсёй зямлі, у якой мелі яны крыўду.
у той час, калі Я прывяду вас, і ў той час, калі збяру вас. Бо дам вам імя і славу між усімі народамі на зямлі, калі змяню долю вашу на вачах вашых,» — кажа Госпад.
У той час прывяду вас і тады-ж зьбяру вас; бо дам вам імя і славу паміж усімі народамі зямлі, калі верну палон ваш перад вашымі вачыма, гаворыць Госпад.