Сафона 3 разьдзел
Кніга прарока Сафона
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Гора бунтарнаму і спаганенаму гораду, прыгнятацелю!
Бяда нячыстаму а сплюгаўленаму, месту ўціскаючаму:
Не слухае ён голасу, не прымае перасцярогі; не спадзяецца на Госпада, не туліцца да свайго Бога.
Ня слухала голасу, ня прыймала навукі, на СПАДАРА не спадзявалася, да Бога свайго ня бліжылася.
Князі яго пасярод яго — як ільвы рыкаючыя; суддзі яго — ваўкі пустынныя, што не пакідаюць да раніцы ніводнай косці.
Князі ягоныя сярод яго — равучыя лявы, судзьдзі ягоныя — вячэрныя ваўкі, ня кідаюць аж да раньня.
Прарокі яго легкадумныя — людзі крывадушныя; святары яго зневажаюць святое, закон парушаюць.
Прарокі ягоныя — людзі распусныя а ізрадлівыя, сьвятарове ягоныя сплюгавілі сьвятыню, узрушылі закон.
Госпад справядлівы пасярод іх, не зробіць несправядлівасці, штораніцы выдасць рашэнне Сваё, як святло, што не гасне; але ліхотнік не ведае сораму.
СПАДАР справядлівы сярод яго, ня будзе рабіць бяспраўя; кажнае раніцы выносе суд Свой на сьвятліню, бесьперастанку; але несправядлівы ня знае сораму.
«Я вынішчыў народы, разбураны ўмацаванні іх; пустымі зрабіў Я вуліцы іх, так што няма каму хадзіць; апусцелыя гарады іх, не засталося ані чалавека, ані жыхара.
«Я сьцяў народы; абурыў вежы іхныя; зрабіў пустымі вуліцы іхныя, ніхто не праходзе па іх; зьнішчыў месты іхныя, ажно там няма людзіны, няма жыхара,
Я казаў: “Бойся цяпер Мяне, прымі настаўленне! І не знікне з яго вачэй усё, за што Я яго пакараў”. Аднак спяшаліся яны апаганьваць усе ўчынкі свае.
Я казаў: "Напэўна будзеш баяцца Мяне, прыймеш навуку", дык ня была б аднята сяліба твая, чым бы Я ні пакараў іх; але яны ўсталі рана, папсавалі ўсі ўчынкі свае.
“Таму чакай Мяне, — кажа Госпад, — у дзень, калі паўстану як сведка; бо вырашыў Я сабраць усе народы і склікаць царствы, каб выліць на іх лютасць Маю, увесь гнеў абурэння Свайго, бо агнём руплівасці Маёй будзе спалена ўся зямля.
Затым чакайце мяне, — агалашае СПАДАР, — да тога дня, калі Я паўстану на здабытак, бо суд Мой — зьберці народы, загарнуць каралеўствы, каб выліць на іх абурэньне Сваё, увесь Свой палкі гнеў, бо цяплом рупатлівасьці Мае будзе пакрыта ўся зямля.
Тады бо дам народам чыстыя вусны, каб усе прызывалі імя Госпада ды служылі Яму адзінадушна.
Бо тады Я зьвярну люду гэтаму чыстую мову, каб усі прыгукалі імя СПАДАРОВА, служылі яму поплеч.
З-за рэк Этыёпіі, — адтуль тыя, што моляцца Мне, — дзеці расцярушаных Маіх прынясуць падарунак Мне.
Із-за рэкаў Ефіопы сьціцелі Мае — дачка разьвеяных Маіх — прынясуць Імне аброк Мой.
У той дзень не пасаромеешся з-за ўсіх учынкаў сваіх, якімі зграшыў ты адносна Мяне; бо тады выкіну з пасярод цябе пыхлівых самахвальцаў тваіх, і не будзеш болей узвышацца на святой гары Маёй.
Таго дня ты ня будзеш паганьбена за ўсі ўчынкі свае, каторымі ты выступіла супроці Мяне, бо тады Я адыйму з пасярод цябе тых, што цешацца ў гордасьці сваёй, і ты ня будзеш больш вяльмувацца на сьвятой гары Маёй.
І пакіну ў цябе народ пакорны і просты. І будзе мець надзею ў імені Госпада
Пакіну сярод цябе люд бедны а ўбогі, і яны будуць здавацца на імя СПАДАРОВА.
рэшта Ізраэля. Не будзе дапускацца злачыннасці, не будзе гаварыць ілжыва, і не знойдзецца ў вуснах іх падману; яны бо будуць пасвіцца і вылежвацца, і не будзе каму іх палохаць”».
Астача Ізраеля ня будзе рабіць бяспраўя ані гукаць маны, ані знойдзецца ў вуснах іхных язык ашукны, бо яны будуць пасьціцца а супачываць, і ніхто не зьлякае».
Радуйся, дачка Сіёна! Гамані радасна, Ізраэль! Цешся і радуйся ўсім сэрцам, дачка Ерузаліма!
Пяі, дачка Сыёну! гукай, Ізраелю! весяліся а цешся з усёга сэрца, дачка Ерузаліму!
Скасаваў Госпад твой прысуд, адвярнуў ад цябе ворагаў тваіх; цар Ізраэля, Госпад, пасярод цябе, не будзеш болей баяцца ліха.
СПАДАР адцяў суды твае, выкінуў непрыяцеляў тваіх; кароль Ізраеляў, СПАДАР, сярод цябе: ужо ня будзеш баяцца ліха.
У той дзень будуць казаць Ерузаліму: «Не бойся, Сіён! Не апускай рук сваіх!
Таго дня скажуць Ерузаліму: «Ня бойся, Сыёне, няхай ня млеюць рукі твае.
Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Ён, магутны збавіць цябе; будзе цешыцца з цябе радасцю, узбуджаны любоўю Сваёю; будзе радавацца з цябе з песняю,
СПАДАР, Бог твой, сярод цябе, дуж вывальніць; будзе цешыцца зь цябе ў радасьці, спыніцца на любосьці да цябе, пяцьцём будзе цешыцца зь цябе.
як у дзень урачыстага свята!» — «Я забяру загубу ад цябе, каб ужо не меў з-за гэтага ганьбы.
Тужачых па прызначаных зборах Я зьбер; ад цябе яны былі, цяжар сораму на табе.
Вось, Я вынішчу ўсіх, што крыўдзілі цябе ў той час; і Я збаўлю кульгавых, і збяру выкінутых; і прыгатую іх на хвалу і славу на ўсёй зямлі, дзе ганьбілі іх,
Во што Я зраблю з усімі мукарамі тваімі ў тым часе: захаваю кульгавую і зьбяру выгнаную, і зраблю іх хвалою а славаю на кажнай зямлі, ідзе былі ў сораме.
у той час, калі Я прывяду вас, і ў той час, калі збяру вас. Бо дам вам імя і славу між усімі народамі на зямлі, калі змяню долю вашу на вачах вашых,» — кажа Госпад.
У тым часе прывяду вас, нават у тым часе зьбяру вас; бо Я ўчыню вам імя а хвалу меж усіх людаў зямлі, як зьвярну назад палон ваш перад ачыма вашымі», — кажа СПАДАР.