Сафона 3 разьдзел
Кніга прарока Сафона
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Гора бунтарнаму і спаганенаму гораду, прыгнятацелю!
Гора бунтаўнічаму і заплямленаму гораду, прыгнятальніку.
Не слухае ён голасу, не прымае перасцярогі; не спадзяецца на Госпада, не туліцца да свайго Бога.
Ня слухае голасу, не прыймае настаўленьня, на ГОСПАДА не спадзяецца, да Бога свайго не набліжаецца.
Князі яго пасярод яго — як ільвы рыкаючыя; суддзі яго — ваўкі пустынныя, што не пакідаюць да раніцы ніводнай косці.
Князі ягоныя сярод яго — ільвы, якія рыкаюць, судзьдзі ягоныя — ваўкі вечаровыя, якія не пакідаюць [нічога] да раніцы.
Прарокі яго легкадумныя — людзі крывадушныя; святары яго зневажаюць святое, закон парушаюць.
Прарокі ягоныя — прайдзісьветы, людзі здрадлівыя, сьвятары ягоныя зьняважылі сьвятыню, парушылі Закон.
Госпад справядлівы пасярод іх, не зробіць несправядлівасці, штораніцы выдасць рашэнне Сваё, як святло, што не гасне; але ліхотнік не ведае сораму.
ГОСПАД праведны пасярод яго, ня робіць беззаконьня; кожную раніцу Ён выдае на сьвятло суд Свой, не спыняецца; але злачынца ня ведае сораму.
«Я вынішчыў народы, разбураны ўмацаванні іх; пустымі зрабіў Я вуліцы іх, так што няма каму хадзіць; апусцелыя гарады іх, не засталося ані чалавека, ані жыхара.
«Я зьнішчыў народы; зруйнаваў вежы іхнія; зрабіў пустымі вуліцы іхнія, ніхто ня ходзіць [па іх]; спустошыў гарады іхнія, што [там] няма чалавека, няма жыхара [ў іх].
Я казаў: “Бойся цяпер Мяне, прымі настаўленне! І не знікне з яго вачэй усё, за што Я яго пакараў”. Аднак спяшаліся яны апаганьваць усе ўчынкі свае.
Я сказаў: “Толькі бойся Мяне, прыймі настаўленьне, і ня будзе зьнішчана сяліба твая, усё, што Я наведаю ў цябе”. Але яны ўсталі раніцаю, каб псаваць усе ўчынкі свае.
“Таму чакай Мяне, — кажа Госпад, — у дзень, калі паўстану як сведка; бо вырашыў Я сабраць усе народы і склікаць царствы, каб выліць на іх лютасць Маю, увесь гнеў абурэння Свайго, бо агнём руплівасці Маёй будзе спалена ўся зямля.
Дзеля гэтага чакайце Мяне, кажа ГОСПАД, у дзень, калі Я паўстану, каб [узяць] здабычу, бо на суд Мой Я зьбяру народы, зграмаджу валадарствы, каб выліць на іх абурэньне Маё, увесь жар гневу Майго, бо агнём рэўнасьці Маёй будзе праглынута ўся зямля.
Тады бо дам народам чыстыя вусны, каб усе прызывалі імя Госпада ды служылі Яму адзінадушна.
Бо тады Я вярну народам вусны чыстыя, каб усе клікалі імя ГОСПАДА, каб служылі Яму поплеч.
З-за рэк Этыёпіі, — адтуль тыя, што моляцца Мне, — дзеці расцярушаных Маіх прынясуць падарунак Мне.
З другога боку рэкаў Кушу [прыйдуць] тыя, якія пакланяюцца Мне; дачка расьцярушаных Маіх прынясе Мне дары свае.
У той дзень не пасаромеешся з-за ўсіх учынкаў сваіх, якімі зграшыў ты адносна Мяне; бо тады выкіну з пасярод цябе пыхлівых самахвальцаў тваіх, і не будзеш болей узвышацца на святой гары Маёй.
У той дзень ты ня будзеш саромецца за ўсе ўчынкі твае, якімі ты адступалася ад Мяне, бо тады Я забяру сярод цябе тых, якія цешацца ў пыхлівасьці сваёй, і ты ня будзеш больш вывышацца на сьвятой гары Маёй.
І пакіну ў цябе народ пакорны і просты. І будзе мець надзею ў імені Госпада
І Я пакіну сярод цябе народ бедны і ўбогі, і яны будуць мець надзею на імя ГОСПАДА.
рэшта Ізраэля. Не будзе дапускацца злачыннасці, не будзе гаварыць ілжыва, і не знойдзецца ў вуснах іх падману; яны бо будуць пасвіцца і вылежвацца, і не будзе каму іх палохаць”».
Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць беззаконьне і ня будзе гаварыць хлусьні, і ня знойдзецца ў вуснах іхніх язык падманлівы, бо яны будуць пасьвіцца і супачываць, і ніхто ня будзе палохаць [іх]».
Радуйся, дачка Сіёна! Гамані радасна, Ізраэль! Цешся і радуйся ўсім сэрцам, дачка Ерузаліма!
Радуйся, дачка Сыёну! Усклікай, Ізраіль! Весяліся і цешся ўсім сэрцам, дачка Ерусаліму!
Скасаваў Госпад твой прысуд, адвярнуў ад цябе ворагаў тваіх; цар Ізраэля, Госпад, пасярод цябе, не будзеш болей баяцца ліха.
Адкінуў [ад цябе] ГОСПАД прысуды твае, разьвярнуў ворага твайго. Валадар Ізраіля, ГОСПАД сярод цябе; ужо больш ня будзеш баяцца зла.
У той дзень будуць казаць Ерузаліму: «Не бойся, Сіён! Не апускай рук сваіх!
У той дзень скажуць Ерусаліму: «Ня бойся, Сыёне! Няхай не слабеюць рукі твае».
Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Ён, магутны збавіць цябе; будзе цешыцца з цябе радасцю, узбуджаны любоўю Сваёю; будзе радавацца з цябе з песняю,
ГОСПАД, Бог твой, сярод цябе, Волат, Які збаўляе. Ён цешыцца з цябе ў радасьці, Ён супакоіць [цябе] любоўю Сваёй, Ён будзе радавацца з цябе з ускліканьнем.
як у дзень урачыстага свята!» — «Я забяру загубу ад цябе, каб ужо не меў з-за гэтага ганьбы.
Тых, якія пакутуюць, што [няма] дзён сьвяточных, Я зьбяру. Цяжарам у цябе яны былі, на іх была ганьба.
Вось, Я вынішчу ўсіх, што крыўдзілі цябе ў той час; і Я збаўлю кульгавых, і збяру выкінутых; і прыгатую іх на хвалу і славу на ўсёй зямлі, дзе ганьбілі іх,
Вось, Я зраблю [канец] усім, хто прыгнятае цябе, у той час, і збаўлю кульгавую, і зьбяру выгнаную, і зраблю іх хвалою і слаўным імем на ўсёй зямлі сораму іхняга.
у той час, калі Я прывяду вас, і ў той час, калі збяру вас. Бо дам вам імя і славу між усімі народамі на зямлі, калі змяню долю вашу на вачах вашых,» — кажа Госпад.
У той час Я прывяду вас, і ў той час Я зьбяру вас, бо Я дам вам імя [слаўнае] і хвалу паміж усімі народамі зямлі, калі вярну палонных вашых перад вачыма вашымі, кажа ГОСПАД.