2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рeraklad V. Hadleuski
Просім, вось, вас, браты, праз прыйсце Госпада нашага Ісуса Хрыста і наша спатканне з Ім,
каб вы не хісталіся паспешна розумам і не палохаліся ці то ад духа, ці то праз слова, ці то праз ліст, нібы ад нас, што быццам надыходзіць дзень Хрыстовы.
Няхай ніхто вас не зводзіць ніякім чынам, бо [дзень гэты не прыйдзе], пакуль не прыйдзе перш адступленне ды пакуль не з’явіцца чалавек беззаконня, сын загубы,
які працівіцца і ўзвышаецца па-над усім, што называецца Богам або што ўшаноўваецца святыняю, так, што ён засядзе ў святыні Божай як Бог, выдаючы сябе за Бога.
Ці ж не памятаеце, што, калі я яшчэ прабываў у вас, вам аб гэтым казаў?
І ведаеце цяпер, што яго трымае ад з’яўлення ў свой час.
Таямніца нягоднасці ўжо дзейнічае; але толькі абмежавана да таго часу, пакуль будзе сярод той, хто трымае цяпер.
Тады і аб’явіцца той бязбожнік, якога Госпад Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і знішчыць яго магутнасцю прыходу Свайго,
таго, прыход якога намаганнем шатана [будзе] з усёю сілаю, і знакамі, і ўяўнымі цудамі,
і з усякім нягодным ашуканствам для тых, якім ісці на загубу, бо яны не прынялі любові праўды, каб збавіцца.
І дзеля таго пашле ім Бог дзеянні подступу, каб верылі падману.
Так будуць асуджаны ўсе, што не ўверылі праўдзе, а ўзлюбілі беззаконне.
Нам жа належыць заўжды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, бо ад пачатку, праз асвячэнне Духа і веру праўды Бог вас выбраў на збаўленне,
да якога паклікаў вас праз Евангелле наша на атрыманне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Дык вось, браты, стойце і трымайцеся перададзенага ад нас вучэння, якому навучыліся ці то праз словы, ці то праз лісты нашы.
Хай жа Сам Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог, Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы,
суцешыць сэрцы вашы і ўмацуе вас ва ўсякай добрай дзейнасці і слове.