2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

Молім вас, браты, дзеля прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста і дзеля нашае зборкі да Яго,
 

ня хістайцеся пасьпе́шна розумам ды ня трывожцеся ані ад духа, ані ад слова, ані ад пасланьня, нібы праз нас, што быццам ужо надыходзіць дзе́нь Хрыстовы.
 

Няхай не спакусіць вас ніхто аніяк: бо дзе́нь гэны ня прыдзе, дакуль ня прыдзе пе́рш адступле́ньне і не адкрыецца чалаве́к грэху, сын загубы,
 

які спраціўляецца і вывышшаецца па-над усё, званае Богам ці сьвятыняй, што ў храме Божым засядзе ён, як Бог, паказываючы сябе́, што ён Бог.
 

Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?
 

І цяпе́р ве́даеце, што́ не дае́ адкрыцца яму ў свой час.
 

Бо тайна беззаконьня ўжо дзе́ець, толькі той, што цяпе́р узьдзе́ржывае, (будзе рабіць гэта), пакуль ня будзе забраны спасярод.
 

І тагды адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е́ духам вуснаў сваіх і зьнішчыць зьяўле́ньнем прыходу Свайго,
 

ды якога прыход, сілаю шатана, будзе з усе́й магутнасьцяй, і знаме́ньнямі, і фальшывымі цудамі,
 

і з усякай няправеднай спакусай для тых, што гінуць, за тое, што яны ня прынялі любві праўды, каб ім спасьціся.
 

І за гэтае пашле́ ім Бог дзе́яньне подступу, каб яны паве́рылі ілжы,
 

каб былі засуджаны ўсе́, ня ўве́раваўшыя ў праўду, але любіўшыя няпраўду.
 

Мы-ж заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і ве́ру праўдзе, выбраў вас на збаўле́ньне,
 

да якога і паклікаў вас дабраве́шчаньнем нашым на здабыцьцё славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 

Дык, браты, стойце і дзяржыце пераказы, якіх вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.
 

Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог Аце́ц наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне ве́чнае і надзе́ю добрую ў ласцы,
 

няхай паце́шыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і дзе́ле добрым.