Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

2 да Фесалонікійцаў 2 Другое да Фесалонікійцаў 2 разьдзел

1 Молім вас, браты, дзеля прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста і дзеля нашае зборкі да Яго,
2 ня хістайцеся пасьпе́шна розумам ды ня трывожцеся ані ад духа, ані ад слова, ані ад пасланьня, нібы праз нас, што быццам ужо надыходзіць дзе́нь Хрыстовы.
3 Няхай не спакусіць вас ніхто аніяк: бо дзе́нь гэны ня прыдзе, дакуль ня прыдзе пе́рш адступле́ньне і не адкрыецца чалаве́к грэху, сын загубы,
4 які спраціўляецца і вывышшаецца па-над усё, званае Богам ці сьвятыняй, што ў храме Божым засядзе ён, як Бог, паказываючы сябе́, што ён Бог.
5 Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?
6 І цяпе́р ве́даеце, што́ не дае́ адкрыцца яму ў свой час.
7 Бо тайна беззаконьня ўжо дзе́ець, толькі той, што цяпе́р узьдзе́ржывае, (будзе рабіць гэта), пакуль ня будзе забраны спасярод.
8 І тагды адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е́ духам вуснаў сваіх і зьнішчыць зьяўле́ньнем прыходу Свайго,
9 ды якога прыход, сілаю шатана, будзе з усе́й магутнасьцяй, і знаме́ньнямі, і фальшывымі цудамі,
10 і з усякай няправеднай спакусай для тых, што гінуць, за тое, што яны ня прынялі любві праўды, каб ім спасьціся.
11 І за гэтае пашле́ ім Бог дзе́яньне подступу, каб яны паве́рылі ілжы,
12 каб былі засуджаны ўсе́, ня ўве́раваўшыя ў праўду, але любіўшыя няпраўду.
13 Мы-ж заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і ве́ру праўдзе, выбраў вас на збаўле́ньне,
14 да якога і паклікаў вас дабраве́шчаньнем нашым на здабыцьцё славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
15 Дык, браты, стойце і дзяржыце пераказы, якіх вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.
16 Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог Аце́ц наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне ве́чнае і надзе́ю добрую ў ласцы,
17 няхай паце́шыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і дзе́ле добрым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое Пасланьне Паўлы да Фесалонікійцаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.