Другі закон 14 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Вы — дзеці Госпада, Бога вашага; не рабіце надрэзаў на сабе, не выстрыгайце валасоў паміж вачамі вашымі па памерлым,
бо ты народ святы для Госпада, Бога твайго, і цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асаблівым народам для Яго з усіх народаў, якія ёсць на зямлі.
Вось жывёлы, якіх вы можаце есці: вол, баран, каза,
алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылопа, горны казёл.
Можаце есці кожную жывёлу, якая мае цалкам раздвоеныя капыты і якая жуе жвайку, і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку.
Але тых, якія жуюць жвайку і не маюць раздвоеных капытоў, не ежце такіх: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо яны жуюць жвайку, але не маюць цалкам раздвоеных капытоў, яны будуць нячыстымі для вас.
Свіння таксама, бо хаця ў яе цалкам раздвоеныя капыты, але не жуе жвайку, яна будзе для вас нячыстай; мяса іх не ежце і да падліны не дакранайцеся.
Вось што можна есці з усяго таго, што родзіцца ў вадзе: ежце тых, што маюць плаўнікі і луску;
а тых, што без плаўнікоў і лускі, не ежце, бо яны для вас нячыстыя.
Усіх чыстых птушак — ежце.
Толькі наступных не ежце: арла, грыфа і марскога арла,
чорнага грыфа, каршука і сокала з родам яго,
і любую птушку з роду крумкача,
страуса, саву, чайку і ястраба з родам яго,
пугача, рыбалова і ібіса,
лебедзя, пелікана і сыча,
чаплю і бусла з родам яго, і ўдода і кажана.
Таксама ўсё, што поўзае і мае крылы, нячыстым будзе для вас, нельга есці.
Усякую птушку чыстую можаце есці.
Падліны, якой бы яна ні была, не будзеце есці. Дай яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасці, або прадай чужынцу: бо ты — народ святы для Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго.
Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насення твайго, якое родзіцца на зямлі штогод,
і еж перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое Ён выбера, каб прабывала ў ім імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першародных бычкоў і авечак тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні шанаваць Госпада, Бога твайго.
Калі ж далёкай будзе дарога твая і месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб памясціць там імя Сваё і дабраславіць цябе, і ты не зможаш для Бога ў Яго месца ўсё гэта прынесці, каб памясціць там імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе,
то прадай усё ды атрымай грошы; і вазьмі ў руку сваю ды накіруйся да месца, якое выбера Госпад, Бог твой,
і купляй за гэтыя грошы ўсё, што табе спадабаецца: ці з валоў, ці з авечак, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і еж там перад Госпадам, Богам тваім, і весяліся ты і ўся сям’я твая,
і левіт, які ў брамах тваіх; глядзі, не пакідай яго, бо ён не мае ані часткі, ані ўласнасці з табою.
Пад канец трэцяга года аддзялі іншую дзесяціну з усяго, што ўрадзілася ў цябе за гэты час, і пакладзі ў брамах тваіх,
і хай прыйдзе левіт, які не мае часткі і спадчыны з табой, і чужынец, і сірата, і ўдава, якія знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есці і наядуцца, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, што будзеш рабіць.