Да Піліпянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
 
Гэтак, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце гэтак у Госпадзе, любасныя.

Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе.
 
Умольваю Яводзію і ўмольваю Сінтыху думаць аднолькава пра Госпада.

Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, тым, якія са мною працавалі для Евангелля разам з Клементам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.
 
Таксама прашу і цябе, шчыры супрацоўніку, дапамагай тым (жанчынам), якія ў дабравешчаньні змагаліся разам са мной і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны ў скрутку жыцьця.

Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!
 
Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды; ізноў скажу: радуйцеся.

Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.
 
Лагоднасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка.

Не турбуйцеся ні аб чым, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашы перад Богам.
 
Ня турбуйцеся ні пра што, але ва ўсім, просьбы вашыя хай будуць адкрытымі перад Богам у малітве і мальбе з удзячнасьцю,

І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Ісусе.
 
і мір Бога, які перавышае ўсякі розум, захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе.

Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі сумленнае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі любае, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, — тое майце на думцы.
 
Урэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвалебнае, калі ёсьць цната і калі пахвала, — пра гэта думайце.

І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі.
 
Чаму вы навучыліся, і што прынялі і пачу́лі, і ўбачылі ўва мне, гэтае рабіце, і Бог міру будзе з вамі.

Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці зноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.
 
Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, таму што вы ўжо ізноў пача́лі клапаціцца пра мяне, пра гэта вы і думалі, але ня мелі нагоды.

Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць.
 
Кажу гэта ня таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне ёсьць.

Умею і ў прыніжэнні быць, умею і ў дастатку; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу.
 
Умею жыць і ў гароце, умею (жыць) і ў дастатку; усяму і ва ўсім я навучыўся: і насычацца і галадаць, і мець дастатак, і быць у нястачы.

Усё магу ў Хрысце, Які ўзмацняе мяне.
 
Усё магу ў Хрысьце, Які ўзмацняе мяне.

Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй.
 
Нарэшце, вы добра зрабілі, прыняўшы ўдзел у маёй бядзе.

Вы ж, піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Мацэдонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні;
 
І вы ж ведаеце, піліппяне, што ў пачатку Дабравешчаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква ня прыняла́ ўдзелу адносна мяне ў сэнсе дораньня і прыняцьця, акрамя вас адных;

вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.
 
таму што і ў Тэссалоніку і раз і два вы прыслалі мне на патрэбу.

Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць.
 
Ня таму, што я шукаю дораньня, але я шукаю плоду, які памнажаецца вам на карысьць.

Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, які вы даслалі, ахвяру прыемную, мілую Богу.
 
А я атрымаў усё і збыткую; я забясьпечаны, атрымаўшы ад Эпатрадзіта тое, што ад вас, — пах прыемны водара, прыемную ахвяру, заўгодную Богу.

Хай жа Бог мой споўніць усякае ваша жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе.
 
А Бог мой папоўніць усякую вашую патрэбу паводля багацьця Свайго ў славе ў Хрысьце Ісусе.

Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін.
 
Богу ж і Бацьку нашаму слава ў вяках вякоў! Амін.

Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
 
Вітайце ўсякага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мной.

Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.
 
Вітаюць вас усе сьвятыя, асабліва ж з кесаравага дому.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.