Да Піліпянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
 
Дык, браты мае любовыя а жаданыя, радасьць а карона мая, стойце так моцна ў Спадару, умілаваныя.

Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе.
 
Захочую Еводу а Сынтыху быць тае самае думкі ў Спадару.

Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, тым, якія са мною працавалі для Евангелля разам з Клементам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.
 
Але, і цябе прашу, праўдзівы сябру, памагай тым жанкам, каторыя ў Дабравесьці разам із імною змагаліся, і з Клімам і зь іншымі супрацаўнямі маімі, каторых імёны ў кнізе жыцьця.

Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!
 
Цешчася заўсёды ў Спадару, яшчэ кажу: цешчася.

Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.
 
Сьціпласьць ваша няхай будзе ведамная ўсім людзём. Спадар блізка.

Не турбуйцеся ні аб чым, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашы перад Богам.
 
Не парушайцеся празь нішто, але ў вусім малітваю а просьбаю а падзякаю няхай зычаньні вашы будуць учынены ведамныя Богу,

І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Ісусе.
 
І супакой Божы, што пераходзе кажны розум, усьцеражэць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысту Ісусу.

Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі сумленнае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі любае, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, — тое майце на думцы.
 
Наапошку, браты, што праўдзівае, што пасьцівае, што справядлівае, што чыстае, што любовае, што добрае славы, калі якая цнота і калі якая пахвала, гэта разважайце.

І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі.
 
Чаго вы навучыліся а прынялі а чулі а бачылі ў імне, гэта рабіце, — і Бог супакою будзе з вамі.

Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці зноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.
 
Цяпер я вельмі ўсьцешыўся ў Спадару, што, наапошку, вы ізноў пачалі думаць празь мяне, хоць напэўна й думалі, але ня мелі прыгоды.

Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць.
 
Ня дзеля нястачы кажу, бо я навучыўся быць здаволены з тога, што маю:

Умею і ў прыніжэнні быць, умею і ў дастатку; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу.
 
Ведаю, як быць паніжаным, ведаю, як быць і ў дастатку; навытырыўся да ўсяго і ў вусім: быць у сыці і галадаваць, быць у збытку і ў нястачы.

Усё магу ў Хрысце, Які ўзмацняе мяне.
 
Да ўсяго я дуж у Тым, хто даець імне дужасьць.

Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй.
 
Вы, адылі, добра зрабілі, узяўшы ўчасьце ў маёй атузе.

Вы ж, піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Мацэдонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні;
 
Ведаеце ж і вы, Піліпяне, што на пачатку Дабравесьці, як я вышаў з Макядоні, ні водная царква не ўдзяліла імне ані дару, ані прыйма, з выняткам вас адных;

вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.
 
Бо й да Салуня раз і ўдругарэдзь вы прыслалі імне на маю патрэбу.

Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць.
 
Не каб я шукаў падарку, але я шукаю плоду, каторы расьцець на вашу карысьць.

Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, які вы даслалі, ахвяру прыемную, мілую Богу.
 
Я маю ўсе і збыткую; маю поўна, адзяржаўшы ад Епафродыта пасланае вамі: духмяныя пахі, прыемны аброк, любы Богу.

Хай жа Бог мой споўніць усякае ваша жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе.
 
Бог мой хай запоўне ўсялякую патрэбу вашу, подле багацьця Свайго ў славе, Хрыстом Ісусам.

Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін.
 
Богу ж а Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.

Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
 
Паздароўце кажнага сьвятога ў Хрысту Ісусу. Здароваюць вас браты, што з імною.

Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.
 
Здароваюць вас усі сьвятыя, асабліва тыя, што з дому цэсаравага.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Ласка Спадара Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.