Нээміі 3 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І ўсталі першасвятар Эліясіб і браты яго, святары, і пабудавалі браму Авечую, і пакрылі яе бярвеннем, і паставілі дзверы ў ёй аж ад вежы Меа і вежы Хананээль.
 
І ўстаў Эліяшыў, вялікі сьвятар, і браты яго сьвятары і пабудавалі Авечую браму: яны асьвяцілі яе і ўставілі дзьверы яе, і ад вежы Мэа асьвяцілі яе да вежы Хананэла.

І побач іх пабудавалі ерыхонцы, а побач з імі пабудаваў Закхур, сын Імры.
 
І каля яго будавалі Ерыхонцы, і каля іх будаваў Закхур, сын Імрыя.

Браму ж Рыбную адбудавалі сыны Аснаа; яны пакрылі яе бярвеннем, і паставілі дзверы ў яе, і завалы, і засаўкі.
 
Браму Рыбную будавалі ўраджэнцы Сэнаі: яны накрылі яе, і ўставілі дзьверы яе, замкі яе і засаўкі яе.

І каля іх аднавіў Мэрамот, сын Урыі, сына Акоса, і каля яго адбудоўваў Масала, сын Барахіі, сына Мэсазабэля, і побач яго аднавіў Садок, сын Бааны;
 
Каля іх папраўляў сьцяну Мэрэмот, сын Урыі, сын Гакоца; каля іх папраўляў Мэшулам, сын Бэрэхіі, сын Мэшызабэла; каля іх папраўляў Садок, сын Бааны;

і каля яго адбудавалі тэкуэнцы, магнаты ж іх не схілілі свае каркі ў працы для Госпада свайго.
 
каля іх папраўлялі Тэкойцы; зрэшты знакаміцейшыя зь іх ня ўнурылі карка свайго папрацаваць дзеля Госпада свайго.

І старую браму аднаўлялі Ёяда, сын Пасэа, і Масала, сын Бэсодыі; яны пакрылі яе бярвеннем, і паставілі ў ёй дзверы, і завалы, і засаўкі.
 
Старую браму папраўлялі Ёяда, сын Пасэаха і Мэшулам, сын Бэсодыі: яны накрылі яе, і ўставілі дзьверы яе, і замкі яе і засаўкі яе.

І побач іх аднаўляў Мэльцыя з Габаона і Ядон Мэранатыт з жыхарамі Габаона і Міцпы, падуладнымі зарэчнаму кіраўніку;
 
Каля іх папраўляў Мэлатыя Гавааніцянін, і Ядон з Мэранота, з жыхарамі Гаваона і Міцфы, падуладнымі зарэцкаму начальніку вобласьці.

побач іх аднавіў Азіэль, сын Араі з залатароў, і каля яго гандляр фарбамі і мазямі Хананія, і ўмацавалі Ерузалім аж да Шырокага мура.
 
Каля іх папраўляў Узііл, сын Харгаі, срэбранік, а каля яго папраўляў Хананія, сын Гаракахіма. І аднавілі Ерусалім да сьцяны шырокай.

І побач іх адбудаваў Рафая, сын Гура, кіраўнік паловы акругі Ерузаліма;
 
Каля іх папраўляў Рэфая, сын Хура, начальнік паўакругі Ерусалімскай.

і побач яго, насупраць свайго дома, аднавіў Ядая, сын Гарамафа, і каля яго аднавіў Гат, сын Гасабніі.
 
Каля іх і насупраць дома свайго папраўляў Едая, сын Харумафа, а каля яго папраўляў Хатуш, сын Хашаўніі.

Другую частку аднавіў Мэльхія, сын Гарыма, і Гасуб, сын Пагатмааба, аж да вежы Печаў.
 
На другім участку папраўляў Малхія, сын Харыма, і Хашуў, сын Пахат-Маава; яны ж папраўлялі і вежу Пячную.

І побач іх аднавіў Сэлум, сын Алогаса, кіраўнік паловы акругі Ерузаліма, разам з дочкамі сваімі.
 
Каля іх папраўляў Шалум, сын Галахеша, начальнік паўакругі Ерусалімскай, ён і дочкі ягоныя.

Браму Даліны аднавіў Ганун і жыхары Заноэ; яны адбудавалі яе, і паставілі ў ёй дзверы, і завалы, і засаўкі, ды яшчэ накіравалі яны тысячу локцяў мура аж да Гнаявой кучы.
 
Браму Даліны папраўляў Ханун і жыхары Занааха: яны пабудавалі яе, і ўставілі дзьверы яе, замкі і засаўкі яе; і яшчэ папраўлялі яны тысячу локцяў сьцяны да брамы Гнаявой.

І браму Гнаявой кучы аднавіў Мэльхія, сын Рэхаба, кіраўнік акругі Бэтхарэм; ён пабудаваў яе, і паставіў у ёй дзверы, і завалы, і засаўкі.
 
А браму Гнаявую папраўляў Малхія, сын Рэхава начальнік Бэткарэмскай акругі: ён пабудаваў яе і ўставіў дзьверы яе, замкі яе і засаўкі яе.

І браму Крыніцы аднавіў Сэлум, сын Хальгозы, кіраўнік акругі Міцпа; ён пабудаваў яе, і пакрыў, і паставіў у ёй дзверы, і завалы, і засаўкі, ён жа пабудаваў мур крыніцы Сіло супраць царскага саду і аж да прыступак, якія вядуць з горада Давідавага.
 
Браму Крыніцы папраўляў Шалум, сын Калхазэя, начальнік акругі Міцфы: ён пабудаваў яе, і ўставіў дзьверы яе, замкі яе і засаўкі яе, — ён жа папраўляў сьцяну каля вадаёма Сэлах насупраць царскага саду і да прыступак, што спускаліся з горада Давідавага.

За ім аднавіў Нэгэмія, сын Азбока, кіраўнік паловы акругі Бэтсур, аж да магіл роду Давідавага, і аж да вадаёмаў штучных, і аж да дома ваяроў.
 
За ім папраўляў Нээмія, сын Азбука, начальнік паўакругі Бэтцурскай, да магільніц Давідавых і да выкапанай сажалкі і да дома адважных.

За ім аднавілі левіты: Рэгум, сын Бані; побач яго аднавіў Гасабія, кіраўнік паловы акругі Кэйла, для сваёй акругі;
 
За ім папраўлялі лявіты: Рэхум, сын Ванія; каля яго папраўляў Хашавія, начальнік паўакругі Кеільскай, за сваю акругу.

за ім адбудавалі іх браты: Бавай, сын Гэнадада, кіраўнік паловы акругі Кэйла,
 
За ім папраўлялі браты іхнія: Бавай, сын Ханадада, начальнік Кеільскай паўакругі.

і каля яго Эзэр, сын Ешуа, кіраўнік Міцпы, аднавіў іншы ўчастак насупраць уваходу ў збройню на рагу.
 
А каля яго папраўляў Эзэр, сын Ісуса, начальнік Міцфы, на другім участку, насупраць уваходу ў збройню на вугле.

За ім аднавіў Барух, сын Захая, іншую частку, ад рога аж да дзвярэй дома першасвятара Эліясіба.
 
За ім рупліва папраўляў Варух, сын Забвая, на другім участку, ад вугла да дзьвярэй дома Эльяшыва, вялікага сьвятара.

За ім Мэрамот, сын Урыі, сына Акоса, аднавіў іншы ўчастак, ад дзвярэй дома Эліясіба аж да канца дома Эліясіба.
 
За ім папраўляў Мэрэмот, сын Урыі, сын Гакоца, на другім участку, ад дзьвярэй дома Эльяшывавага да канца дома Эльяшывавага.

І за ім адбудавалі святары з наваколляў.
 
За ім папраўлялі сьвятары з ваколіц.

За імі адбудавалі Бэньямін і Гасуб супраць дома свайго; за імі аднавіў Азарыя, сын Маасіі, сына Ананіі, каля дома свайго.
 
За ім папраўляў Веньямін і Хашуў насупраць дома свайго; за імі папраўляў Азарыя, сын Маасэі, сын Ананіі, каля дома свайго.

За ім адбудаваў Бэнуй, сын Гэнадада, іншы ўчастак, ад дома Азарыі аж да рога і завароту.
 
За ім папраўляў Бінуй, сын Хэнадада, на другім участку, ад дома Азарыі да рога і павароту.

Палэль, сын Озі — супраць вугла вежы, што выступае ад верхняга царскага дома, што ў панадворку астрога; па ім Падая, сын Пароса,
 
За ім Фалал, сын Узая, насупраць вугла і вежы, якая выступала ад верхняга дома царскага, якая каля двара цямнічнага. За ім Фэдая, сын Пароша.

аднавіў да месца насупраць брамы Воднай на ўсход і вежы, якая выступала.
 
А нэтынэі, якія жылі ў Афэле, паправілі насупраць Вадзяной брамы на ўсход і да вежы.

За ім тэкуэнцы аднавілі далейшы ўчастак, ад месца насупраць вялікай выступаючай вежы аж да мура святыні.
 
За імі папраўлялі Тэкойцы, на другім участку, ад месца насупраць вялікай вежы да сьцяны Афэла.

Далей жа за брамай Коней аднавілі святары, кожны насупраць свайго дома.
 
Далей брамы Конскае папраўлялі сьвятары, кожны насупраць свайго дома.

За імі аднавіў Садок, сын Эмэра, насупраць дома свайго; і за ім аднавіў Сямэя, сын Сахэніі, вартаўнік усходняй брамы.
 
За імі папраўляў Садок, сын Імэра, насупраць свайго дома, а за ім папраўляў Шамая, сын Шэханіі, вартаўнік усходняе брамы.

За ім аднавіў Хананія, сын Сэлеміі, і Ганун, шосты сын Сэлефа, іншы ўчастак. За ім аднавіў Масала, сын Барахіі, насупраць свайго пакоя.
 
За ім папраўляў Хананія, сын Шэлэміі, і Ханун, шосты сын Цалафа, на другім участку. За ім папраўляў Мэшулам, сын Бэрэхіі, насупраць пакоя свайго.

За ім аднавіў Мэльхія, з залатароў, аж да дома нявольнікаў святыні і гандляроў, насупраць брамы Судовай і аж да кутняй сталовай;
 
За ім папраўляў Малхія, сын Гацорфія, да дома нэтынэяў і гандляроў, насупраць брамы Гаміфкад і да вуглавога жытла.

і паміж кутняй сталовай і брамай Авечай аднавілі залатары і гандляры.
 
А паміж вуглавым жытлом да брамы Авечай папраўлялі срэбнікі і гандляры.