Амоса 3 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слухайце гэта слова, якое сказаў Госпад пра вас, сыны Ізраэля, пра ўвесь род, які вывеў з зямлі Егіпецкай, кажучы:
 
Слухайце слова гэтае, якое Гасподзь прамовіў на вас, сыны Ізраіля, — на ўсё племя, якое вывеў Я зь зямлі Егіпецкай, — кажучы:

“Толькі вас прызнаў Я з усіх родаў зямлі, дзеля таго пакараю вас за ўсе правіны вашы.
 
толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя.

Ці пойдуць удвух разам перш, чым не дамовіліся між сабой?
 
Ці пойдуць двое разам, не згаварыўшыся паміж сабою?

Ці ж зарычыць леў у лесе перш, чым атрымае здабычу? Ці ж падасць свой голас ільвянятка з свайго лежышча перш, чым нешта зловіць?
 
Ці раве леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? ці падае свой голас ільвяня з логвішча свайго, калі ёяно нічога не злавіла?

Ці ж спадзе птушка на зямлю без сіла? Ці ж падымаецца пастка над зямлёю перш, чым нешта схопіць?
 
Ці трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сіла няма ёй? Ці падымецца зь зямлі пятля, калі нічога ня трапіла ў яе?

Ці ж калі затрубіць труба ў горадзе, народ не палохаецца? І калі будзе ў горадзе бяда, ці не Госпад гэта дапусціў?
 
Ці трубіць у горадзе труба, — і каб народ не спалохаўся? Ці бывае ў горадзе бедства, якое не Гасподзь наслаў бы?

Бо не зробіць нічога Госпад Бог, каб не адкрыць Сваёй таямніцы для паслугачоў Сваіх, прарокаў.
 
Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім, прарокам.

Леў раве, хто ж не спалохаецца? Калі Госпад Бог прамаўляе, хто ж не будзе праракаваць?
 
Леў пачаў рыкаць, хто не здрыганецца? Гасподзь Бог сказаў, хто ня будзе прарочыць?

Абвясціце ў палацах Асірыі і ў палацах зямлі Егіпецкай! Кажыце: “Збярыцеся на гарах Самарыі і пабачце многія шаленствы ў ёй і ўціскі пасярод яе”.
 
Абвясьцеце на дахах у Азоце і на дахах у зямлі Егіпецкай і скажэце: зьбярэцеся на горы Самарыі і паглядзеце на вялікае бясчынства ў ёй і на ўціскі сярод яе.

І не ўмеюць яны чыніць справядлівасць, — кажа Госпад, — збіраюць гвалт і рабунак у палацах сваіх”.
 
Яны ня ўмеюць чыніць справядліва, кажа Гасподзь: гвалтам і рабункам зьбіраюць скарбы ў харомы свае.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Непрыяцель акружыць зямлю кругом, і будзе адабраная ў цябе сіла твая, і абрабаваны будуць палацы твае”.
 
Таму так кажа Гасподзь Бог: вось няпрыяцель, і прытым вакол усёй зямлі! ён скіне магутнасьць тваю, і абабраны будуць харомы твае.

Гэта кажа Госпад: “Як вось пастух вырывае з пашчы льва дзве галёнкі або канец вуха, так будуць уратаваныя [нямногія] сыны Ізраэля, якія пражываюць у Самарыі на рагу пасцелі і на ложы Дамаска.
 
Так кажа Гасподзь: як часам пастух вырывае з пашчы ільвінай дзьве галені альбо частку вуха, так уратаваныя будуць сыны Ізраілевыя, якія сядзяць у Самарыі ў кутку пасьцелі і ў Дамаску на ложку.

“Паслухайце і дайце сведчанне ў доме Якубавым”, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, —
 
Слухайце і засьведчыце дому Якава, кажа Гасподзь Бог, Бог Саваоф.

У дзень, калі буду караць праступкі Ізраэля, пакараю яго, а таксама ахвярнік у Бэтэлі, і адсечаны будуць рагі ахвярніка ды зваляцца на зямлю;
 
Бо ў той дзень, калі Я спаганю зь Ізраіля за злачынствы ягоныя, спаганю і за ахвярнікі ў Вэтылі, — адцятыя будуць рогі алтара і ўпадуць на зямлю.

і разбуру дом зімовы разам з домам летнім, і прападуць дамы з аздабленнем з косці слановай ды развалены будуць палацы вялікія”, — кажа Госпад.
 
І пакараю дом зімовы разам з домам летнім, і зьнікнуць дамы з украсамі са слановай касьці, і ня стане многіх дамоў, кажа Гасподзь.