Амоса 6 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Гора бяспечным на Сіёне і даверлівым на гары Самарыйскай, прызначаным быць першымі над народамі, да якіх прыходзіць дом Ізраэля!
Гора бястурботным на Сіёне і спадзявальцам на гару Самарыйскую, знакамітым народу-першынца, да якіх прыходзіў дом Ізраіля!
Ідзіце ў Хальнэ і паглядзіце, а адсюль ідзіце ў Эмат вялікі, ды зайдзіце ў Гет Філістынскі. Ці ж вашы лепшыя за гэтыя валадарствы або ці абшырнейшыя абсягі вашы за іх абсягі?
Прайдзеце ў Калне і паглядзеце, адтуль перайдзеце ў Эмат вялікі і спусьцецеся ў Гэт Філістымскі: ці ня лепшыя яны за гэтыя царствы? ці ня шырэйшыя іх абшары за абшары вашыя?
Вы, якія дзень ліха лічыце далёкім, ды чыніце, каб наблізілася валадарства гвалту.
Вы, якія дзень бедства лічыце далёкім і набліжаеце перамогу насільля, —
Яны вылежваюцца на ложах з косці слановай і разлягаюцца на дыванах сваіх, ядуць ягнят са статка і цялят з пасярод пашы.
вы, якія ляжыце на ложках з слановай касьці і песьціцеся на пасьцелях вашых, ясьце найлепшых бараноў са статку і цялят з кормнае пашы,
Падпяваючы на гук псалтэрыёна, як Давід, прыдумляюць сабе інструменты грання.
сьпяваеце пад гукі гусьляў, думаючы, што валодаеце зычным інструментам, як Давід.
П’ючы віно з чар, намашчаюцца лепшым алейкам, а ніколькі не сумуюць над падзеннем Язэпа.
п’яце з чараў віно, мажацеся найлепшымі масьцямі і ня ўбольваецеся зь бедства Язэпа!
Таму цяпер пойдуць у выгнанне на чале перасяленцаў, і спыніцца зборышча гуляк.
За тое сёньня пойдуць яны ў палон на чале палонных, і скончыцца вялікая радасьць сьпешчаных.
Прысягнуў Госпад Бог на душу сваю, Госпад Бог Магуццяў кажа: “Брыджуся Я пыхлівасцю Якуба ды ненавіджу яго палацы, і аддам горад ды ўсю яго маёмасць”.
Божыцца Гасподзь Бог Самім Сабою, і так кажа Гасподзь Бог Саваоф: грэбую пыхлівасьцю Якава і ненавіджу харомы ягоныя, і аддам горад і ўсё, што напаўняе яго.
А калі б засталіся дзесяць чалавек у адным доме, і яны памруць;
І будзе: калі ў якім доме застанецца дзесяць чалавек, дык памруць і яны,
і возьме іх сваяк іх, і спаліць іх, каб вынесці косці з дома; і скажа яму той, хто застаўся дома: “Ці ёсць яшчэ хто ў цябе?” І ён адкажа: “Няма”; ды скажа яму: “Маўчы”, бо нельга ўпамінаць імя Госпадавага.
і возьме іх родзіч іхні альбо спальшчык, каб вынесьці косткі іх з дому, і скажа прыдомніку: «ці ёсьць у цябе яшчэ хто?» Той адкажа: «няма нікога». І скажа гэты: «маўчы! бо нельга згадваць імя Гасподняга».
Бо вось, Госпад дасць загад і разваліць большы дом у руіны, а меншы дом у трэшчыны.
Бо вось, Гасподзь дасьць загад і ўразіць вялікія дамы расколінамі, а малыя дамы — шчылінамі.
Ці бягуць коні па скалах, або ці арэцца мора валамі; вы ж замяняеце закон на атруту, а плод справядлівасці — на палын.
Ці бегаюць коні па скале? ці можна араць яе валамі? Вы тым часам суд ператвараеце ў атруту і плод праўды — у горыч,
Яны цешацца з Лодэбар, яны кажуць: “Ці не сваёю сілаю здабылі мы сабе Карнаім?”
вы, якія захапляецеся нікчэмнымі рэчамі і кажаце: «ці не сваёю сілаю мы набылі сабе магутнасьць?»
“Вось жа, Я ўзбуджу супраць вас, доме Ізраэля, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — народ; і ён будзе прыціскаць вас ад уваходу ў Эмат аж да ручая Арабы”.
Вось Я, кажа Гасподзь Бог Саваоф, падыму народ супроць вас, дом Ізраілеў, і буду ціснуць вас ад уваходу ў Эмат да патока ў пустыні.