Адкрыцьцё 4 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Пасля гэтага ўбачыў я: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам трубы, што размаўляла са мною і казала: «Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасля».
Пасьля гэтага я глянуў, і вось, дзьверы адчыненыя ў небе, і ранейшы голас, які я чуў як бы гук трубы, што гаварыў са мною, сказаў: узыдзі сюды, і пакажу табе, што мае быць пасьля гэтага.
Адразу ж я быў у духу: і вось, пасад стаяў у небе, а на пасадзе Нехта сядзеў.
І адразу я быў у духу; і вось, трон стаяў на небе, а на троне Нехта сядзеў.
І Той, Хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з яспіса і сардыса, і вясёлка вакол пасада была падобная з выгляду да смарагдавай.
І Гэты, Які сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя ясьпісу і сардысу; і вясёлка вакол трона, з выгляду падобная да смарагду.
І вакол пасада ўбачыў дваццаць чатыры пасады, і на пасадах сядзелі дваццаць чатыры старэйшыны, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іх — залатыя вянцы.
І навокал трона дваццаць чатыры троны; а на тронах бачыў я — сядзелі дваццаць чатыры старцы, якія апранутыя былі ў белае адзеньне і мелі на галовах сваіх залатыя вянкі.
І ад пасада выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем светачаў агністых гараць перад пасадам, якія ёсць сем духаў Божых.
І з трона зыходзілі маланкі і грымоты і галасы, і сем сьветачаў вогненных гарэлі перад тронам, якія ёсьць сем духаў Божых.
І перад пасадам ззяла нібы шкляное мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне пасада і навокал пасада — чатыры жывёліны, поўныя вачэй спераду і ззаду.
І перад тронам мора шкляное, падобнае да крышталю; і пасярод трона і навокал трона чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй сьпераду і ззаду:
І першая жывёліна падобная да льва, і другая жывёліна падобная да маладога быка, і трэцяя жывёліна мела твар быццам чалавечы, і чацвёртая жывёліна мела падабенства да арла, які ляціць.
І першая жывая істота была падобная да льва, і другая жывая істота падобная да цяляці, і трэйцяя жывая істота мела аблічча, як у чалавека, і чацьвёртая жывая істота, падобная да арла лятучага.
І чатыры жывёліны мелі па шэсць крылаў, і навокал і ў сярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ўночы яны ўскліквалі: «Святы, святы, святы Госпад Бог Усемагутны, Які быў, і Які ёсць, і Які прыйдзе».
І кожная з чатырох жывых істотаў мела па шэсьць крылаў абапал, а ўсярэдзіне яны поўныя вачэй; і ні ўдзень ані ўночы ня маюць спакою, заклікаючы: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты Гасподзь Бог Усеўладны, Які быў, ёсьць і прыйдзе».
І калі аддадуць тыя жывёліны славу і ўшанаванне Таму, Які сядзіць на пасадзе, Таму, Які жывы на векі вечныя,
І калі жывыя істоты ўзносяць славу і гонар і падзяку Таму, Хто сядзіць на троне, Хто жыве ва векі вечныя,
упадуць перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, дваццаць чатыры старыя, і паклоняцца Таму, Хто жывы на векі вечныя, і ўскладуць вянцы свае перад пасадам, кажучы:
тады дваццаць чатыры старцы падаюць перад Тым, Хто сядзіць на троне, і кланяюцца Таму, Хто жыве ва векі вечныя, і ўскладаюць вянкі свае перад тронам, кажучы:
«Дастойны Ты, Госпадзе і Божа наш, прымаць славу, і ўшанаванне, і моц, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тваёй існуе і было створана».
Ты варты, Госпадзе, прыняць славу і гонар і сілу, бо Ты стварыў усё, і ўсё па Тваёй волі існуе і створана.