Псалтыр 10 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
ЛЯМЭД. Чаму стаіш, Госпадзе, далёка, хаваеш Сябе ў часе смутку?
Бязбожны выхваляецца, чыніць убогаму пераслед, заблытвае яго ў хітрыках, якія задумаў.
Бязбожны выхваляецца пажаданнямі душы сваёй, і хцівы дабраслаўляе сябе.
НУН. Пагарджае Госпадам грэшнік у пыхлівасці сваёй: «Не запатрабуе, няма Бога».
Гэткія ўсе думкі яго; спрыяльныя шляхі яго ў любы час. Далёкія суды Твае ад аблічча яго; пагарджае ён усімі ворагамі сваімі.
Гаворыць ён у сэрцы сваім: «Не пахіснуся, з роду ў род не будзе мне ліха».
ФЭ. Вусны яго поўныя праклёнаў, і маны, і падступнасці, пад языком яго падман і брыдота.
САДЭ. Вочы яго сочаць за ўбогім; ён падпільноўвае ў засадзе, быццам леў у логаве сваім.
Падпільноўвае, каб схапіць убогага, хапае гаротніка і цягне ў пастку сваю.
Туліцца да зямлі і прыгінаецца, і няшчасныя падаюць ад моцы рук яго.
І гаворыць ён у сэрцы сваім: «Забыўся Бог, адвярнуў аблічча Сваё, не паглядзіць ніколі».
КОФ. Узніміся, Госпадзе Божа, узнімі руку Тваю, не забывайся на ўбогага!
Чаму пагарджае нягоднік Богам? Бо ён сказаў у сэрцы сваім: «Ты не запатрабуеш».
РЭС. Ты бачыш гэта, Ты зважаеш на пакуты і гора, каб узяць іх у рукі Твае. На Цябе пакінуты ўбогі, Ты зрабіўся апекуном сіраце.
СІН. Скрышы руку грэшніка і ліхадзея; будзеш шукаць Ты грэх яго і не знойдзеш.
Госпад — валадар навечна і на вечныя вякі: знікнуць пагане з зямлі Яго.
ТАУ. Жаданне ўбогіх Ты выслухаў, Госпадзе; Ты ўмацуеш сэрца іх, прыхіліш вуха Тваё,
каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, каб чалавек на зямлі болей не наводзіў страх.