Псалтыр 50 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Псальм. Асафа. Бог багоў Госпад прамовіў і паклікаў зямлю ад усходу сонца аж на захад.
 

З Сіёна, поўнага красы, заззяў Бог.
 

Бог наш прыйшоў і не маўчыць: агонь паглынаючы перад Ім, а вакол Яго магутная навальніца.
 

Кліча Ён зверху неба і зямлю, каб судзіць народ Свой:
 

«Збярыце да мяне святых Маіх, якія ўпарадкавалі запавет Мой праз ахвяру».
 

І абвяшчаюць нябёсы Яго справядлівасць, бо Бог ёсць Суддзя.
 

Паслухай, народзе Мой, Я буду прамаўляць! Ізраэль, Я буду сведчыць супраць цябе: «Я Бог, Я твой Бог.
 

Не буду вініць цябе за твае ахвяры, твае цэласпаленні заўсёды перада Мною.
 

Не прыму з дому твайго цялятаў ані казлоў са статкаў тваіх.
 

Бо маімі з’яўляюцца ўсе лясныя звяры, [кожная] жывёла на тысячах гор.
 

Знаю Я ўсіх паднебных птушак, і тое, што на полі варушыцца, вядома Мне.
 

Калі захачу есці, не скажу табе, бо мой увесь свет і ўсё, што яго запаўняе.
 

Ці ж буду Я есці мяса валовае або піць кроў казліную?
 

Складай ахвяру Богу на хвалу і перадавай твае малітвы з абяцаннямі Найвышэйшаму».
 

А тады пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я ўратую цябе, і ты будзеш ганараваць Мяне.
 

Грэшніку ж кажа Бог: «Чаму ты распавядаеш прыказанні Мае і прымаеш запавет Мой у вусны?
 

Ты ж ненавідзіш павучанне і адкідаеш словы Мае назад.
 

Убачыўшы злодзея, ты бяжыш разам з ім і з распуснікамі ты дружыш.
 

Вусны свае распускаеш ты на непрыстойнасці, і язык твой пляце хітрыкі.
 

Седзячы, гаварыў ты супраць брата твайго і зневажаў сына маці тваёй.
 

Гэтак ты чыніш, а Я маўчу. Ці не думаеш ты, што Я быў падобны да цябе? Я буду абвінавачваць цябе, і адкрыю гэта [ўсё] перад табою.
 

Зразумейце гэта вы, што забываеце пра Бога; калі схаплю вас Я, то не будзе каму вас ратаваць.
 

Хто складзе ахвяру хвалы, уславіць Мяне; таму, хто беззаганны на шляху [сваім], пакажу Я збаўленне Божае».